Назіранне за развіццём ніжніх канечнасцей
Назіранне за развіццём ніжніх канечнасцей дзіцяці
У перыяд развіцця ва ўлонні маці ступні нованароджанага могуць прымаць розныя становішчы. Яны могуць размяшчацца блізка да галёнкі, быць павернутымі ўнутр ці наверх і знаходзіцца ў іншых становішчах. Падчас агляду дзіцяці спецыяліст-неанатолаг ацэніць, ці не грубыя ў немаўляці ступні і ці не абмежаваны іх рухі ў якіх-небудзь напрамках, і дасць заключэнне аб наяўнасці праблем у анатамічнай будове ступняў.
Далейшае назіранне і лячэнне рознага роду дэфармацый ступняў знаходзіцца ў кампетэнцыі дзіцячых спецыялістаў-артапедаў. Пасля нараджэння бачна, у якім становішчы знаходзіліся ступні ў перыяд апошняга трыместра развіцця дзіцяці ва ўлонні маці. Ступня павінна быць мяккай, а яе структурныя часткі — рухомымі ва ўсіх напрамках. Як і ва ўлонні маці, пасля нараджэння рухі ўсяго цела відавочныя, у тым ліку і рухі ступняў. Вы будзеце паднімаць, пераносіць, пераварочваць, пераапранаць, купаць дзіця. Падчас усіх гэтых дзеянняў змена становішча цела непазбежна цягне за сабой змену становішча ступняў, незалежна ад таго, спіць дзіця ці не.
Практыкаванні для ступняў. Калі вы будзеце казытаць, цягнуць, расцягваць ступні дзіцяці, гэта не будзе мець вялікага значэння, бо ногі і так знаходзяцца ў руху на працягу дня дзякуючы бесперапыннаму перамяшчэнню ўсяго цела.
Развіццё ніжніх канечнасцей, калі дзіця вучыцца хадзіць
Усё больш актыўная змена становішчаў цела на працягу першага года жыцця азначае, што ступня заўсёды павінна быць размешчана так, каб забяспечыць найбольш устойлівае становішча цела; гэта дазволіць вызваліць рукі, каб можна было нешта ўзяць. Навучанне ўставанню і хадзьбе патрабуе падтрымкі ўсёй вагі цела нагамі.
Дзіцяці не варта насіць абутак, каб «прадухіліць дэфармацыю ступні»; яму лепш вучыцца хадзіць без абутку. Падчас хадзьбы басанож умацоўваюцца ўсе структуры ступні дзякуючы таму, што дзіця абапіраецца на розныя паверхні (лепш за ўсё для гэтага падыходзіць звычайная зямля). Таму лепшы абутак — гэта яго адсутнасць!
Пры навучанні хадзьбе ў некаторых дзяцей галёнкі могуць быць накіраваны вонкі; гэтая з’ява вызначае скрыўленне ног. У такіх сітуацыях дзіцяці неабходна назірацца ў спецыяліста, пажадана артапеда. Пры скрыўленні ног адбываецца невялікае зрушэнне ў размеркаванні вагі ў напрамку да знешняй часткі ступні, але ў большасці дзяцей гэта нармальная фаза фізіялагічнага развіцця.
Маторныя навыкі дынамічна змяняюцца на працягу ўсяго перыяду развіцця дзіцяці — яно пачынае ўзбірацца, бегаць, біць па мячы, скакаць. Такая фізічная актыўнасць закранае ўсё цела, умацоўвае ўсе групы мышцаў, стабілізуе вось цела, тым самым мяняючы становішча ступняў.
Умацаванне ступні на другім і трэцім гадах жыцця
Прыкладна на другім годзе жыцця рост у вышыню становіцца ўсё больш заўважным. Сіла прыцягнення змяшчае цэнтр цяжару наперад, і бацькі могуць заўважыць, што калені дзіцяці знаходзяцца блізка адно да аднаго (Х-падобныя ногі), а гэта, у сваю чаргу, змяшчае размеркаванне вагі ў бок унутранай часткі ступні. У гэтым выпадку варта звярнуцца да спецыяліста-артапеда па рэкамендацыі. Такое фізіялагічнае становішча цела карэкціруецца не артапедычным абуткам і практыкаваннямі для ног, а толькі шляхам далучэння ўсяго цела да адпаведных узросту дзеянняў.
Развіццё дзіцяці — складаны працэс, гэта таксама датычыцца і развіцця ніжніх канечнасцей, у тым ліку ступняў, якія развіваюцца і ўмацоўваюцца за кошт актыўнасці ўсяго цела. Спецыяльныя практыкаванні толькі для ступняў не ўплываюць на іх развіццё. Калі ў мэтах прафілактыкі некалькі гадзін у дзень насіць спецыяльны артапедычны абутак і сцілкі, якія дапамогуць «трымаць» анатамічнае развіццё ступні пад кантролем, то гэта зробіць яе больш пасіўнай і будзе перашкаджаць яе натуральнаму ўмацаванню за кошт актыўных рухаў.