Як падрыхтаваць дзіця да вакцынацыі
Як падрыхтаваць дзіця да вакцынацыі
Вакцынацыя можа быць балючай для вашага дзіцяці. Вось чаму важна падрыхтавацца да гэтай падзеі і вам, і вашаму дзіцяці. У першы год жыцця дзіцяці робяць шмат прышчэпак, і яно яшчэ занадта малое, каб разумець, чаму для яго гэта важна, чаго чакаць і як сябе паводзіць. Аднак ёсць тое, што нават месячнае дзіця ў стане зразумець, калі яму робяць прышчэпку, — гэта ваш эмацыянальны стан: ваша ўнутранае адчуванне спакою, бяспекі і абароненасці.
Як гэта зрабіць
Важна, каб падрыхтоўка да прышчэпкі і сама вакцынацыя ў першыя некалькі месяцаў жыцця праводзілася станоўча настроенымі бацькамі, якія самі ў стане кантраляваць сваю боязь медыцынскіх іголак/уколаў. Вашы пастаянныя зносіны з немаўлём у той момант, калі яму робяць прышчэпку, пяшчота і любоў, ласка і спакойнае нашэптванне дадуць дзіцяці адчуванне таго, што вы побач, што можна адчуваць сябе ў бяспецы. Дапаўненнем да спакою і ўпэўненасці, якія вы выпраменьваеце, будуць дзеянні медыцынскага персаналу, які выконвае гэтыя працэдуры рэгулярна і мае адпаведны вопыт. Разам з медыцынскімі работнікамі вы ўзгодніце самы кароткі, лепшы і бязбольны для вас і вашага дзіцяці спосаб зрабіць прышчэпку. Гэты першы досвед будзе ўплываць не толькі на ўсе наступныя перажыванні, звязаныя з вакцынацыяй, але і на звычайныя руцінныя наведванні медыцынскага кабінета і кантакты з медыцынскімі работнікамі, таму неабходна, каб першы досвед меў мінімальныя эмацыянальныя наступствы.
Бліжэй да ўзросту аднаго года вы ўжо можаце пагаварыць з дзіцем і падрыхтаваць яго да таго, што трэба зрабіць прышчэпку. У адносінах да некаторых дзяцей, напрыклад тых, якім цяжэй адаптавацца да непрывычнай абстаноўкі або кантраляваць эмоцыі, папярэдняя падрыхтоўка асабліва важная: такім чынам зніжаецца стрэсавасць сітуацыі і змякчаюцца эмацыянальныя наступствы стрэсу з-за вакцынацыі. Многія бацькі да гэтага ўзросту ўжо пачынаюць гуляць з дзіцем у імітацыйныя і ролевыя гульні — адным словам, «гульні ў доктара». У такіх гульнях дзецям асабліва падабаецца даваць «бутэлечку» маме, тату і іншым членам сям’і. Яны радуюцца, калі могуць кіраваць нейкім працэсам, а для вас гэта магчымасць быць прыкладам і навучыць дзіця пераносіць боль без празмерна вострай рэакцыі.
Важна не хаваць праўду ад дзіцяці, падрыхтоўваючы яго да кожнай наступнай прышчэпкі. Падумайце, якім чынам яму будзе лягчэй за ўсё пераключыцца з балючых адчуванняў, і дамоўцеся з ім загадзя пра тое, як вы будзеце дзейнічаць. Напрыклад, вы можаце сказаць: «Так, можа быць крыху балюча, тады мы падзьмём (ці палічым да дзесяці), і адразу стане лягчэй» або «Я буду трымаць цябе за руку, і ты мяне трымай і сцісні маю руку як мага мацней, калі табе будзе балюча», гэта дапаможа дзіцяці трываць боль. Любая стратэгія, якую вы прыдумаеце і якая будзе прадугледжваць ваш удзел, — гэта добрая стратэгія! Дзіцяці, як і ўсім нам, звычайна патрэбна ў першую чаргу суперажыванне і ўдзел у тым, што з ім адбываецца.
Важна!
Не трэба выкарыстоўваць сітуацыю з вакцынацыяй як магчымасць сфарміраваць вобраз «мужнасці», звязаны з пачуццём сораму ў выпадку плачу дзіцяці або яго боязі ўколаў і г. д. Таксама не варта выкарыстоўваць у тлумачэннях вобраз «дзяўчынкі, якой можна плакаць» проста таму, што яна дзяўчынка, і вобраз хлопчыка, які «не плача». Дзейнічаючы такім чынам, вы не даяце дзіцяці неабходнае яму спачуванне і разуменне, а толькі ўзмацняеце яго страх, супраціўленне, стрэс і яго наступствы. Гэтыя, здавалася б, банальныя памылкі могуць развіць у дзіцяці страх перад урачамі ў цэлым, што можа стаць доўгатэрміновай праблемай пры клопаце пра здароўе вашага дзіцяці.