Планавы прафілактычны агляд у 12 месяцаў
Ваша дзіця асвойвае прастору вакол сябе: само садзіцца, поўзае, ходзіць уздоўж мэблі або з падтрымкай і пачынае рабіць першыя самастойныя крокі. Яно ведае імёны тых, з кім жыве, назвы некаторых прадметаў вакол і, верагодна, ужо свядома вымаўляе адно-два словы. Дзіця далучае вас да сваіх заняткаў, а вы яшчэ больш разумееце яго і імкняцеся стымуляваць яго развіццё.
Падрыхтоўка да візіту
Акрамя звычайных рэчаў, не забудзьце ўзяць з сабой:
- любімую цацку вашага дзіцяці;
- паільнік з пітной вадой;
- складзены спіс пытанняў, якія вы хочаце абмеркаваць з педыятрам.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Агульная ацэнка развіцця: урач або медыцынская сястра задасць вам удакладняючыя пытанні, якія датычацца развіцця і поспехаў вашага дзіцяці.
- Маніторынг фізічнага развіцця: вымярэнне даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы.
- Уводнае апытанне і кансультаванне: ёсць шэраг тэм, якія вы хацелі б абмеркаваць з урачом у першую чаргу, але галоўнай па-ранейшаму застаецца тэма развіцця дзіцяці ў гэтым узросце. На прыёме вы з урачом абмяркуеце, як дзіця перамяшчаецца ў прасторы; як яно разумее просьбы і як просіць тое, чаго хоча; як гуляе з вамі; якія засвоіла навыкі: есць рукамі, паступова вучыцца карыстацца лыжкай, кубкам і г. д. Таксама актуальны тэмы, звязаныя з пераходам на харчаванне з агульнага сямейнага стала, бяспекай і папярэджаннем траўмаў, падрыхтоўкай да ясляў ці сада.
- Медыцынскае абследаванне і ацэнка развіцця: педыятр правядзе звычайнае клінічнае абследаванне дзіцяці ва ўжо знаёмай вам паслядоўнасці. Урач прапануе яму які-небудзь прадмет і паназірае за паводзінамі дзіцяці, а таксама за яго паводзінамі ў адносінах да вас.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: важнай тэмай застаецца прафілактыка ўздзеяння тытунёвага дыму, шкода ад ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара, недапушчальнасць засынання дзіцяці з бутэлечкай, асабліва з сумессю або салодкім напіткам, а таксама стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці на вуліцы, дома, у аўтамабілі. Акрамя таго, вы абмяркуеце перавагі ўдзелу дзіцяці ў сумесных з сям'ёй прыёмах ежы, гульнях і іншых актыўнасцях, а таксама пытанні гігіены зубоў і поласці рота.
- Абмеркаванне іншых пытанняў, якія датычацца арганізацыі догляду за дзіцем і падтрымкі ў гэтым з боку блізкіх і сям'і.
Вакцынацыя
- Урач праверыць, якія вакцыны ваша дзіця атрымала да гэтага ўзросту.
- Калі дзіцяці зроблены ўсе неабходныя прышчэпкі ў адпаведнасці з дзеючым календаром, урач або медыцынская сястра ўдакладніць, як яно адрэагавала на ўжо ўведзеныя вакцыны; ці была ў дзіцяці алергія на якія-небудзь лекі або прадукты; ці прымае яно якія-небудзь лекі; ці мае яно імунадэфіцытны стан; ці ёсць у сям'і хто-небудзь з аслабленым імунітэтам.
- Ва ўзросце 12 месяцаў дзіцяці неабходна правесці абавязковую імунізацыю:
– увядзенне вакцыны супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі (унутрымышачным увядзеннем у пярэднебакавую паверхню сцягна);
– рэвакцынацыя супраць пнеўмакокавай інфекцыі (праводзіцца пры наяўнасці паказанняў — пэўных захворванняў або станаў у дзіцяці).
- Медыцынскія работнікі дадуць вам рэкамендацыі па назіранні і доглядзе пасля праведзенай вакцынацыі: назіраць за месцам ін'екцыі і ў выпадку з'яўлення пачырванення звярнуцца да ўрача; на працягу першых дзён пасля вакцынацыі магчыма рэакцыя на прышчэпку ў выглядзе павышэння тэмпературы, дзіця можа стаць капрызным і плаксівым, у гэтым выпадку для аблягчэння яго стану можна даць парацэтамол у дазіроўцы, прадпісанай педыятрам. Таксама будуць дадзены тлумачэнні аб магчымасці з'яўлення на другім тыдні пасля вакцынацыі лёгкай поствакцынальнай рэакцыі ў выглядзе павышэння тэмпературы, магчыма, раптоўнага сыпу, які хутка пройдзе.
Заключэнне
- Па заканчэнні візіту ўрач дасць вам дадатковую інфармацыю, якая датычыцца здароўя вашага дзіцяці, і парэкамендуе далейшыя дзеянні.
- Вы атрымаеце накіраванне на неабходныя лабараторныя аналізы для дзіцяці.
- Калі ўзнікне неабходнасць прайсці абследаванне ў іншага спецыяліста або эксперта кансультацыйнага цэнтра па пытаннях развіцця, вам дадуць адпаведнае накіраванне.
- Вам прызначаць час наступнага візіту.
Памятайце, што прафілактычны агляд — гэта магчымасць ацаніць рост, вагу, узровень развіцця і стан здароўя вашага дзіцяці, а таксама атрымаць рэкамендацыі па яго далейшым развіцці. Не прапусціце гэту магчымасць!