Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 13–18 месяцаў
Рэгуляванне пачуццяў і паводзін
Ваша дзіця ўсё больш праяўляе ініцыятыву. Яму цікава асвойваць прастору вакол сябе, вывучаць прадметы і знаёміцца з іншымі людзьмі. Яно ўжо навучылася разумець вашу рэакцыю. Старайцеся быць непадалёк і сачыць за тым, каб дзіця бяспечна даследавала ўсё вакол. Станоўча рэагуйце на жаданыя паводзіны, паказвайце радасць і весяліцеся разам з дзіцем. Рэагуйце спакойна, калі яно засмучана ці раззлавана, паколькі ваша рэакцыя фарміруе ўнутраны вопыт і пачуцці дзіцяці.
Вызначэнне межаў
Упершыню ў жыцці дзіця сутыкаецца з тым, што нешта «нельга». Часам яму можа вельмі бурна рэагаваць. Увядзенне неабходных правілаў і абмежаванняў у жыццё дзіцяці з'яўляецца для яго новым вопытам і практыкай. Яму неабходны час, каб адаптаваць свае жаданні да вашых патрэб. Вашы ўчынкі і дзеянні з'яўляюцца лепшым прыкладам для пераймання. Старайцеся канкрэтна тлумачыць, што вы хочаце ад дзіцяці. Зразумела фармулюйце свае чаканні, паслядоўна вызначайце абмежаванні і спакойна рэагуйце на непажаданыя паводзіны.
Адносіны з іншымі людзьмі
Дзіця праяўляе інтарэс да іншых людзей і іх дзеянняў. Яго пачынаюць цікавіць іншыя дзеці — яно назірае за імі і падыходзіць да іх. Давайце вашаму дзіцяці магчымасць знаёміцца з рознымі людзьмі, іншымі дзецьмі. Зрабіце такія сустрэчы часткай штодзённага распарадку. Некаторыя дзеці могуць праяўляць нясмеласць, іншыя, наадварот, актыўна шукаюць зносін. Дайце дзіцяці час, каб адаптавацца, будзьце побач на выпадак, калі яму спатрэбіцца дапамога.
Патрэба ва ўвазе
Дзіцяці неабходна ваша ўвага. Падчас гульняў і іншых заняткаў яму пастаянна трэба пацверджанне таго, што вы яго бачыце. Не адмаўляйце ў гэтым — для яго развіцця гэта вельмі важна. Глядзіце на сваё дзіця, калі яно да вас падыходзіць, усміхайцеся ў адказ, калі яно ўсміхаецца вам, праводзьце позіркам і каменціруйце, калі яно вам штосьці паказвае. Хваліце дзіця, калі яно паказвае вам, што ў яго атрымалася, суцяшайце, калі яно просіць. Пастаянна дэманструйце дзіцяці, што яно — самае важнае для вас, хваліце і падвышайце ўпэўненасць — гэта выклікае ў яго пачуццё поспеху і задавальнення.