Планавы прафілактычны агляд у 18 месяцаў
Ваша дзіця ўжо ходзіць і цягае цацкі за сабой або штурхае іх перад сабой. Яго ўжо можна пра нешта папрасіць вербальна, не паказваючы, што трэба зрабіць. Яно выкарыстоўвае больш слоў у зносінах. Верагодна, дзіця імітуе вашы жэсты і спрабуе далучыць вас да гульні. Яно пачало больш актыўна праяўляць характар і часам не слухаецца, калі вы пра нешта просіце. Дзіця многаму навучылася, але не заўсёды гэта паказвае.
Падрыхтоўка да візіту
- Акрамя звычайных рэчаў, якія вы бераце з сабой для дзіцяці, праверце, ці не трэба захапіць да педыятра якія-небудзь медыцынскія дакументы, вынікі абследаванняў.
- Вазьміце з сабой любімую цацку або кніжку і бутэльку з пітной вадой.
- Падрыхтуйце пытанні, якія хочаце задаць урачу.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Маніторынг фізічнага развіцця: вымярэнне даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы.
- Уводнае апытанне і кансультаванне: урач высветліць, наколькі вырасла дзіця і ці няма праблем з харчаваннем. Таксама ўдакладніць, колькі часу на працягу дня ў дзіцяці займае фізічная актыўнасць і колькі часу яно праводзіць у становішчы седзячы, як многа спіць, ці наведвае дашкольную ўстанову. Урач або медыцынская сястра таксама раскажа пра важнасць чытання дзіцяці, карыснасць сумесных гульняў з іншымі членамі сям'і дома і па-за ім.
- Ацэнка камунікатыўных здольнасцей (для выключэння ранніх прыкмет расстройства аўтыстычнага спектра).
- Медыцынскае абследаванне і ацэнка развіцця: урач правядзе звычайны клінічны агляд вашага дзіцяці, пагаворыць з ім і паназірае за яго паводзінамі.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: важнымі тэмамі застаюцца прафілактыка ўздзеяння тытунёвага дыму, шкода ад ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара, недапушчальнасць засынання дзіцяці з бутэлечкай, асабліва з сумессю або салодкім напіткам, а таксама стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці на вуліцы, дома, у аўтамабілі.
- Акрамя таго, вы абмяркуеце перавагі ўдзелу дзіцяці ў прыёмах ежы сумесна з усёй сям'ёй, пытанні гігіены зубоў і поласці рота і іншыя тэмы, якія датычацца арганізацыі догляду за дзіцем і падтрымкі ў гэтым з боку блізкіх і сям'і.
Вакцынацыя
- Урач або медыцынская сястра праверыць, якія вакцыны ваша дзіця атрымала да гэтага ўзросту. Калі яму выкананы ўсе неабходныя прышчэпкі ў адпаведнасці з дзеючым календаром, медыцынскі работнік высветліць, як дзіця адрэагавала на ўжо ўведзеныя вакцыны, ці была ў яго алергія на якія-небудзь лекі або прадукты.
- Ва ўзросце 18 месяцаў дзіцяці неабходна правесці абавязковую імунізацыю, якая ўключае ўвядзенне апошняй дозы камбінаванай вакцыны супраць дыфтэрыі, коклюшу, слупняку (унутрымышачна ў пярэднебакавую паверхню сцягна).
Заключэнне
- На падставе ўсёй інфармацыі, атрыманай падчас візіту, урач дасць сваё заключэнне аб росце, вазе, узроўні развіцця і здароўі вашага дзіцяці.
- Калі ў некаторых сферах развіцця дзіцяці патрэбна больш актыўная і прафесійная падтрымка, яго накіруюць да іншага спецыяліста або ў кансультацыйны цэнтр па пытаннях развіцця.
- Вам прапануюць запланаваць наступны візіт ва ўзросце 2 гадоў.
Памятайце, што планавыя прафілактычныя агляды ў педыятра былі ўведзены для таго, каб належным чынам кантраляваць здароўе дзіцяці і прагрэс у росце і развіцці. Гэта забяспечвае іх пастаянны маніторынг і своечасовае рэагаванне ў выпадку неабходнасці. Не прапускайце гэту магчымасць!