Планавы прафілактычны агляд у 24 месяцы
Мэта прафілактычных аглядаў — ацаніць рост, вагу, узровень развіцця і стан здароўя вашага дзіцяці, даць рэкамендацыі для яго далейшага паспяховага росту і развіцця.
Body
Ваша дзіця становіцца ўсё больш актыўным дома і за яго межамі. Яно ходзіць, бегае, лазіць і патрабуе вашай пастаяннай увагі. Хутчэй за ўсё, дзіцяці падабаюцца гульні, дзе трэба нешта рабіць «не па-сапраўднаму» (ролевыя гульні), у яго развіваецца ўяўленне. Дзіця выкарыстоўвае ўсё больш і больш слоў у сваім маўленні і складае сказы з двух–чатырох слоў.
Падрыхтоўка да візіту
- Праверце, ці ёсць якія-небудзь медыцынскія дакументы, вынікі праведзеных дадатковых абследаванняў, з якімі неабходна азнаёміць педыятра.
- Не забудзьце любімую цацку або кніжку вашага дзіцяці, бутэльку з пітной вадой.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Агульная ацэнка развіцця: урач або медыцынская сястра задасць вам удакладняючыя пытанні, якія датычацца развіцця і поспехаў вашага дзіцяці.
- Маніторынг фізічнага развіцця: вымярэнне даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы.
- Уводнае апытанне: урач праверыць, наколькі вырасла дзіця. Яму будзе важна абмеркаваць з вамі харчаванне, фізічную актыўнасць, сон, гульні, навучанне, наведванне дашкольнай установы. Урач або медыцынская сястра таксама раскажа пра важнасць чытання дзіцяці, сумесных гульняў, у тым ліку з іншымі дзецьмі яго ўзросту. Неабходна абмеркаваць магчымую рызыку для здароўя дзіцяці, важнасць стварэння бяспечных умоў падчас яго актыўнасці дома, на вуліцы, паблізу вадаёмаў (напрыклад, выкарыстанне шлема, налакотнікаў, накаленнікаў падчас язды на веласіпедзе/роліках, нарукаўнікаў падчас купання і г. д.).
- Медыцынскае абследаванне і ацэнка развіцця: урач правядзе звычайнае клінічнае абследаванне вашага дзіцяці, пагаворыць з ім і паназірае за яго паводзінамі; ён агледзіць поласць рота і носа, вушы; абследуе працу сэрца і лёгкіх; прапальпуе жывот; ацэніць паставу. Падчас агляду вы можаце назіраць, задаваць пытанні і прасіць тлумачэнні пры наяўнасці ў вас якіх-небудзь сумненняў. Не прапускайце магчымасць абмеркаваць развіццё дзіцяці і ацаніць яго прагрэс у розных сферах.
- Падчас такога агляду таксама можа праводзіцца праверка зроку і слыху.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: важнымі тэмамі для абмеркавання з медыцынскім работнікам застаюцца прафілактыка ўздзеяння тытунёвага дыму, шкода ад ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара пры выкарыстанні іх на працягу больш чым 2 гадзін у суткі, недапушчальнасць засынання дзіцяці з бутэлечкай, асабліва з сумессю або салодкім напіткам, а таксама стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці на вуліцы, дома, у аўтамабілі. Акрамя таго, вы абмяркуеце перавагі ўдзелу дзіцяці ў сумесных з сям'ёй прыёмах ежы, гульнях і іншых актыўнасцях, а таксама пытанні гігіены зубоў і поласці рота.
Вакцынацыя
- Для дзяцей гэтага ўзросту абавязковых планавых прышчэпак няма.
- Калі ваша дзіця не атрымала ўсе неабходныя вакцыны ў першыя два гады жыцця, пры адсутнасці супрацьпаказанняў яму будуць зроблены прапушчаныя прышчэпкі.
Заключэнне
- На падставе ўсёй інфармацыі, атрыманай падчас візіту, урач дасць сваё заключэнне аб росце, вазе, узроўні развіцця і стане здароўя вашага дзіцяці.
- Калі ў некаторых сферах развіцця дзіцяці патрабуецца больш актыўная і прафесійная падтрымка, яго накіруюць да іншага спецыяліста або ў кансультацыйны цэнтр па пытаннях развіцця.
- Урач паведаміць пажаданы перыяд для наступнага медыцынскага абследавання, дасць адпаведныя рэкамендацыі па забеспячэнні далейшага паспяховага росту і развіцця вашага дзіцяці, можа прапанаваць розныя інфармацыйна-адукацыйныя друкаваныя матэрыялы.
Тэмп развіцця дзіцяці паступова запавольваецца, яму па-ранейшаму неабходна пастаянная ўвага, назіранне і адпаведная падтрымка. Не прапускайце планавыя агляды, каб нішто не пагражала здароўю вашага дзіцяці.