Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 24–36 месяцаў
Чаму важна гуляць з равеснікамі
• У гэты перыяд дзіця ўсё часцей гуляе з равеснікамі, аднак пры іх узаемадзеянні непазбежна ўзнікаюць канфлікты і расстройствы. Праз свой вопыт дзіця лепш усведамляе асабістыя патрэбы і ўзгадняе іх з патрэбамі іншых. У гэтым узросце развіваецца здольнасць суперажываць — заўважаць і прымаць пачуцці іншых.
• Стварайце магчымасці для ўзаемадзеяння з іншымі дзецьмі. Наведванне дзіцячага сада, гульнявых пляцовак і цэнтраў, паркаў, паходы ў госці да іншых сем'яў з маленькімі дзецьмі — важныя падзеі ў жыцці вашага дзіцяці.
• Калі дзіця саромеецца і бянтэжыцца, старайцеся падбадзёрваць яго, каб павысіць яго ўпэўненасць ва ўласных сілах. Набярыцеся цярпення, не прыспешвайце дзіця, дайце яму час самому асвоіцца і справіцца з новай сітуацыяй.
• Калі ваша дзіця вельмі актыўнае і недастаткова асцярожнае, будзьце побач. Рэгулюйце яго паводзіны, калі гэта неабходна. Давайце зразумелыя ўказанні і будзьце паслядоўны.
Самастойнасць
• Для развіцця асобы вашага дзіцяці важна падтрымліваць яго незалежнасць. Паспяховыя самастойныя дзеянні дзіцяці выклікаюць у яго пачуццё задавальнення і гонару. Будзьце побач, каб пры неабходнасці паказаць яму патрэбныя дзеянні, а затым падтрымаць і пахваліць яго.
• Развівайце незалежнасць вашага дзіцяці з дапамогай паўсядзённых заняткаў. Выкананне гігіенічных працэдур, кармленне, адзяванне — ідэальныя магчымасці для развіцця новых навыкаў і самастойнасці ў вашага дзіцяці.
• Давайце дзіцяці магчымасць чымсьці вам дапамагчы, штосьці прынесці. Паказвайце яму, што гэта важна для вас, хваліце, калі ў яго нешта атрымліваецца.
• Адзначайце і падтрымлівайце спробы дзіцяці зрабіць нешта самастойна, нават калі ў яго не ўсё атрымліваецца. Дзіця не будзе здавацца і ў наступны раз зробіць гэта лепш.
Паслухмянасць
• У гэты час дзіця ўсё больш усведамляе свае жаданні. Яно можа настойліва спрабаваць дабіцца таго, чаго хоча, і ў той жа час дэманстраваць розныя негатыўныя эмоцыі і непажаданыя паводзіны. З-за гэтага ў вас можа ўзнікаць адчуванне бездапаможнасці, вы можаце злавацца. Ведайце, што ваша дзіця ў гэты момант адчувае тое самае.
• Важна разумець, што сваімі паводзінамі дзіця хоча вам нешта сказаць. З разуменнем стаўцеся да яго жаданняў, растлумачце, што можна, а што не. Хваліце дзіця, калі яно ідзе на кампраміс і хоча дамаўляцца. У якасці заахвочвання можна прапанаваць дзіцяці што-небудзь з таго, што яму падабаецца.
• Расказвайце дзіцяці пра тое, што вы разумееце яго пачуцці, прагаворвайце тыя эмоцыі, якія бачыце ў яго, і тлумачце прычыну, па якой яго жаданне зараз не можа быць задаволена.
• Пазбягайце негатыўных або эмацыянальных каментарыяў у адрас дзіцяці. Стаўцеся да сітуацыі з разуменнем і захоўвайце спакой. Простай і зразумелай дзіцяці мовай тлумачце правілы і іх наступствы. У такіх выпадках на яго лепш за ўсё дзейнічае ваша самавалоданне і асабісты прыклад.