Сумесі для дзяцей, якія знаходзяцца на штучным выкормліванні
Не ўсе дзеці могуць атрымліваць мацярынскае малако. Найбольш частыя прычыны абмежавання або спынення груднога выкормлівання і пераводу дзіцяці на сумесь — цяжкае захворванне, шпіталізацыя або іншая экстранная сітуацыя. У вельмі рэдкіх выпадках прычынай можа стаць наяўнасць у жанчын супрацьпаказанняў да груднога выкормлівання або адсутнасць малака (менш чым у 5 %).
Калі штучнае выкормліванне — гэта ваш усвядомлены выбар, яшчэ раз нагадаем, што грудное малако — гэта аптымальнае харчаванне, якое найлепшым чынам забяспечвае нармальны рост і развіццё дзіцяці; натуральнае выкормліванне закладае аснову для высокага ўзроўню здароўя на ўсё жыццё! Грудное малако — гэта ежа, якая заўсёды даступная, бяспечная з гігіенічнага пункту гледжання, мае патрэбную тэмпературу і бясплатная. У першыя шэсць месяцаў жыцця гэта тыя ежа і вадкасць, у якіх мае патрэбу дзіця.
Чаму немаўляці на штучным выкормліванні патрэбна сумесь, а не каровіна малако?
Большасць сумесей для немаўлят вырабляецца на аснове каровінага малака, мадыфікаванага з улікам патрэб дзіцяці; па колькасці і якасці асноўных інгрэдыентаў — бялкоў, тлушчаў і вугляводаў — яны набліжаны да складу груднога малака; каб сумесі задавальнялі патрэбы немаўлят у пажыўных рэчывах, у іх дадаюць вітаміны, мінералы, некаторыя тлушчы і мноства іншых інгрэдыентаў.
Некаторыя сумесі ўтрымліваюць і іншыя дабаўкі, у прыватнасці, тлустыя кіслоты амега-3, антыаксіданты, прэбіётыкі і прабіётыкі — гэта таксама патрэбна для таго, каб дасягнуць падабенства па складзе з грудным малаком. Аднак дзеянне гэтых інгрэдыентаў не абавязкова будзе такім жа, як тых жа кампанентаў, якія ўтрымліваюцца ў грудным малаку.
Калі вы не корміце немаўля грудзьмі, на працягу першага года жыцця неабходна даваць яму сумесь на аснове каровінага малака. Да 12 месяцаў не трэба даваць дзіцяці каровіна малако ў якасці асноўнага харчавання (дапушчальна даданне толькі невялікай колькасці пры прыгатаванні немалочных страў). Тое ж датычыцца авечага і казінага малака.
Сухое, абястлушчанае або згушчанае малако не рэкамендуецца для дзіцячага харчавання! Не карміце дзіця замяняльнікамі малака — соевым, рысавым, міндальным або какосавым малаком.
Калі замест груднога малака ці сумесі вы плануеце даваць дзіцяці іншае малако, пракансультуйцеся з педыятрам!
Віды сумесей
Сумесі для штучнага выкормлівання дзіцяці павінны адпавядаць строгім міжнародным і нацыянальным стандартам якасці. Яны падобныя па якасці і харчовай каштоўнасці, падыходзяць для большасці дзяцей. Сумесі некаторых брэндаў могуць каштаваць даражэй за іншыя, але гэта зусім не азначае, што менавіта ім трэба аддаваць перавагу. Сумесь, якой нованароджанага кормяць у радзільным доме, не абавязкова з’яўляецца лепшай для дзіцяці.
Першыя сумесі (1) рэкамендуюцца для кармлення дзіцяці ва ўзросце да 6 месяцаў. Пасля дасягнення гэтага ўзросту вытворцы рэкамендуюць сумесі 2, якія падтрымліваюць далейшы рост дзіцяці. Нягледзячы на адрозненні ў складзе сумесей 1 і 2 (гэтак жа, як і ў выпадку груднога малака, склад якога змяняецца па меры росту дзіцяці), пераходзіць на другую, як толькі дзіцяці споўніцца 6 месяцаў, не абавязкова, асабліва калі вы яшчэ не выкарысталі ўвесь запас першай сумесі.
Вытворцы таксама прапануюць сумесі для дзяцей, старэйшых за 12 месяцаў (вядомыя як сумесі 3). Дзіцяці, старэйшаму за адзін год, сумесь не патрэбна.
Спецыялізаваныя сумесі
- Існуе мноства разнавіднасцей малочных і немалочных сумесей, прызначаных для дзяцей з рознымі часовымі функцыянальнымі праблемамі, такімі як рвота, колікі, запоры і інш.
- У гіпаалергенных сумесях замест бялку каровінага малака ўтрымліваюцца гідралізаваныя бялкі, расшчэпленыя на больш дробныя складнікі; гэта робіцца з мэтай зніжэння рызыкі развіцця алергіі на каровіна малако. Погляды экспертаў на гэтыя сумесі раздзяліліся. На думку адных, няма доказаў таго, што кармленне гіпаалергеннай сумессю прадухіляе ўзнікненне алергіі ў дзяцей. Іншыя ж рэкамендуюць, каб у выпадках, калі без сумесі не абысціся, першай была гіпаалергенная.
- Дзецям з пацверджанай алергіяй на бялок каровінага малака рэкамендавана цалкам гідралізаваная сумесь з улікам падрабязных рэкамендацый урача-спецыяліста.
- Існуюць спецыялізаваныя сумесі для кармлення неданошаных дзяцей і дзяцей з пэўнымі захворваннямі і расстройствамі; харчаванне такіх немаўлят ажыццяўляецца строга па рэкамендацыях і пад назіраннем урача.
Від сумесі для дзіцяці вызначае педыятр. Змяняць яе самастойна не рэкамендуецца. Замена сумесі можа выклікаць у дзіцяці некаторыя расстройствы (колікі, запор, метэарызм, рвота) або парушэнне рэжыму кармлення з-за змены смаку ежы. Калі ўрач замяніў сумесь, уважліва прачытайце інструкцыю, паколькі аб’ём мерных лыжак і спосаб прыгатавання розных сумесей могуць адрознівацца.