Як чытаць з дзіцем
Чытанне з дзіцем — гэта сумесны займальны занятак, які дапамагае яму развівацца ў розных галінах. Яно з’яўляецца сродкам збліжэння з маці/бацькам, спосабам вясёлага навучання, зносін, заахвочвання, прагаворвання, крыніцай моцных эмацыянальных перажыванняў, а яшчэ гэта выдатная магчымасць даследаваць і вывучаць прадметы і падзеі, якія акружаюць дзіця.
Body
Чытаць з дзіцем можна з самых першых дзён яго жыцця. Азнаёмцеся з інфармацыяй і рэкамендацыямі, прыведзенымі ніжэй, яны дапамогуць вам пры арганізацыі сумеснага чытання з дзіцем любога ўзросту.
- Давайце дзіцяці магчымасць самому выбіраць кнігу, час і месца для чытання. Зрабіце дома падборку літаратуры, якая адпавядае яго ўзросту, інтарэсам і навыкам. Памер кніг павінен быць такім, каб дзіця магло само іх трымаць, перадаваць з рук у рукі, гартаць, насіць і гэтак далей. Ілюстрацыі таксама павінны адпавядаць узросту і інтарэсам дзіцяці. Напрыклад, кніжкі для немаўлят звычайна чорна-белыя ці кантрасных колераў.
- Размяшчайце кнігу тварам да дзіцяці, а самі ўладкоўвайцеся насупраць. Гэта дазваляе дзіцяці вывучаць кнігу, а маці/бацьку — назіраць за яго паводзінамі, мімікай, рухамі, вакалізацыяй (або маўленнем), указаннямі на тое, як яно хоча знаёміцца з кнігай або ўдзельнічаць у чытанні.
- Чытанне — гэта запрашэнне да гульні са словамі ці персанажамі. Вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці захоўваць канцэнтрацыю ўвагі, змяняючы выраз твару, тэмп маўлення, танальнасць. Прагаворвайце ўсё, што бачыць дзіця, але абавязкова задавайце агульныя адкрытыя пытанні, выкарыстоўваючы словы «хто», «што», «як», «дзе» і інш.
- Чытанне — гэта размова з дзіцем. Таму давайце яму магчымасць прыдумаць, што сказаць. Задаўшы пытанне, пачакайце, пакуль дзіця адкажа. У гэты час сачыце за выразам яго твару, глядзіце на яго з цікавасцю. Калі дзіця адказвае і паказвае, што гатова да далейшага ўдзелу, дэманструйце адабрэнне, радасць, цікаўнасць — тады дзіця раскажа, пра што думае, што яно даведалася і, магчыма, задасць пытанні, калі яны ў яго ўзніклі.
Чытанне — гэта магчымасць наладзіць кантакт з дзіцем. Таму старайцеся гаварыць ласкавым голасам, праяўляць шчырую зацікаўленасць у тым, што вы робіце разам. Усміхайцеся, радуйцеся разам з дзіцем і паказвайце яму, што вы яго любіце, падтрымліваеце і цэніце.
Вы можаце чытаць з дзіцем у любы час і ў любым месцы. Чытайце з ім што заўгодна (не толькі казкі, але і, напрыклад, рэцэпты), таксама можна разглядаць і абмяркоўваць малюнкі, фотаздымкі. Чытайце з дзіцем кожны дзень!