Як вучыцца дзіця

Хоць дарослыя могуць думаць, што навучанне азначае мэтанакіраванае набыццё пэўных ведаў, з пазіцыі дзіцяці яно азначае іншае.
Body

Дзіця вучыцца з першага дня свайго жыцця, і ўжо з нараджэння яно вельмі паспяхова спазнае сябе і навакольны свет з велізарнай хуткасцю. Важна разумець, як дзіця вучыцца: праз даследаванне і актыўны ўдзел у рознай дзейнасці. Акрамя таго, яму лягчэй даследаваць усё вакол, калі яго актыўна падтрымліваюць, калі дзіця адчувае, што знаходзіцца ў бяспецы і што яго любяць, таму надзейная і моцная эмацыянальная сувязь з вамі з’яўляецца найважнейшым фактарам (асновай) яго навучання.

Для немаўлят і малых дзяцей усё ў свеце з’яўляецца новым — пахі, тэмпература, паветра, колеры, гукі, тэкстуры, смакі, гэтак жа як і ўсё, што звязана з ім самім, — дыханне, рух, погляд, слуханне, канцэнтрацыя ўвагі, памяць, маўленне, мысленне, намеры, высновы.

Па меры таго як дзіця расце, яно разумее, што людзі вакол яго неяк узаемазвязаны, што існуюць пэўныя заканамернасці ва ўзаемаадносінах паміж імі, а таксама паміж падзеямі (прычыны, наступствы). Яно пачынае заўважаць многа розных эмоцый, пачуццяў, меркаванняў і да т. п. — усё гэта будзе яму неабходна, усё гэта дзіця захоча зразумець. Спазнанне навакольнага свету патрабуе ад яго сур’ёзнай адаптацыі. Акрамя таго, дзіця спрабуе кантраляваць сваё цела, уплываць на навакольнае асяроддзе і адносіны, у якіх яно ўдзельнічае, і яно гатова да гэтага з першага моманту жыцця.

Для дзіцяці навучанне азначае спрабаваць, даследаваць, дакранацца, слухаць, рухаць часткамі цела, назіраць за рэакцыяй іншых, цягнуцца, хапаць, лавіць, кідаць, засвойваць сувязі паміж рэчамі і з’явамі... У гэтым сэнсе для дзіцяці навучанне — гэта гульня, а гульня — гэта найбольш натуральны спосаб пазнання для дзяцей.

Вельмі важна, каб вы як бацькі памяталі пра тое, што значыць навучанне для дзіцяці. З першага моманту свайго жыцця ваша немаўля будзе праяўляць жаданне даследаваць і актыўна вучыцца. Важна разумець, якім чынам яно праяўляе ініцыятыву і наладжвае зносіны са сваім асяроддзем. Старайцеся больш даведацца пра сваё дзіця, яго рэакцыі, спосабы адаптацыі і навучання, падтрымлівайце яго і заахвочвайце, каб яшчэ больш зблізіцца.

Дом — гэта першая «школа» дзіцяці, а маці/бацька — першы настаўнік, які будзе спрыяць даследаванню і навучанню праз гульню з першага дня, забяспечваючы належную падтрымку і заахвочванне, а таксама ствараючы ў дзіцяці адчуванне бяспекі.