Дыслексія
Крыху аб дыслексіі
Дыслексія — гэта спецыфічнае расстройства здольнасці да авалодання чытаннем, якое праяўляецца ў шматлікіх паўтаральных памылках пры захаваным узроўні зроку, слыху і інтэлекту. Дзецям з дыслексіяй цяжка чытаць, нават калі яны прыкладаюць многа намаганняў і ім забяспечылі ўсе неабходныя ўмовы для навучання.
Дыслексія — гэта спецыфічнае расстройства навучання, для якога характэрны складанасці з дакладным і хуткім распазнаваннем слоў пры чытанні, разуменнем прачытанага тэксту, а таксама з пісьмом пад дыктоўку.
Дыслексія не звязана з парушэннямі інтэлекту. Людзі з дадзеным расстройствам такія ж разумныя, як і іншыя, але іх мозг іначай апрацоўвае маўленне.
Прычыны дыслексіі
Прычыны дыслексіі да канца не вывучаны. Як правіла, вылучаюць дзве групы:
- нейрабіялагічныя — звязаныя з парушэннямі міжпаўшарных сувязей галаўнога мозга;
- генетычныя — якія маюць спадчынны характар, калі падобнае парушэнне сустракаецца ў бацькоў або блізкіх сваякоў.
Прыкметы дыслексіі
Дыслексію ў дзяцей часта ўстанаўліваюць у першыя два гады навучання ў школе, калі яны пачынаюць вучыцца чытаць.
Часта, пакуль дзеці не пачалі актыўны працэс навучання, незразумела, ці ёсць у іх дыслексія. Прыкметы, якія могуць стаць першымі маячкамі для звароту да спецыялістаў і выяўлення схільнасці да дыслексіі ў дзіцяці дашкольнага ўзросту, наступныя:
- не любіць, пазбягае гульні з мячом ці не можа навучыцца гуляць з ім (кідае міма, не можа злавіць мяч і інш.);
- не можа навучыцца катацца на веласіпедзе;
- рэгулярна няправільна вымаўляе словы і не можа запомніць, як іх гаварыць правільна;
- не можа гуляць з гукамі ў словах, напрыклад, яму незразумела, як рыфмаваць словы «коцік», «роцік» і «жывоцік» або як вымаўляць словы, якія пачынаюцца з аднаго і таго ж гука, напрыклад, «пара поўных пакетаў»;
- з цяжкасцю паўтарае доўгія словы і сказы;
- павольна супастаўляе літары і адпаведныя ім гукі.
Таксама варта быць асабліва ўважлівымі, калі ў аднаго або абаіх бацькоў ёсць цяжкасці з чытаннем і пісьмом, якія суправаджаюць іх на працягу ўсяго жыцця.
Як праяўляецца дыслексія ў працэсе навучання ў школе:
- дзіцяці цяжка разбіваць словы на асобныя гукі, напрыклад, яно не можа разбіць слова «кот» на гукі к, о, т;
- яму цяжка складаць словы з гукаў, напрыклад, яно не можа аб’яднаць гукі с, о, к, каб атрымалася слова «сок»;
- дзіця адгадвае і запамінае словы замест таго, каб чытаць іх;
- дзіцяці цяжка запомніць словы, нават калі яно чытала і/ці пісала іх шмат разоў;
- дзіцяці цяжэй даецца чытанне і правільны запіс слоў, чым іншым дзецям яго ўзросту.
Калі ў дзіцяці назіраюцца цяжкасці ў навучанні, гэта не значыць, што ў яго дыслексія.
Калі вам здаецца, што ў вашага дзіцяці могуць узнікнуць цяжкасці з навучаннем, важна высветліць гэта як мага раней. Вы можаце звярнуцца да спецыялістаў, якія дапамогуць дыягнаставаць наяўнасць дыслексіі і звязаных з ёй цяжкасцей. Старэйшыя дзеці часта выдатна хаваюць праблемы, звязаныя з навучаннем.
Дыягностыка дыслексіі
Калі ў кагосьці з членаў вашай сям’і адзначаліся цяжкасці з чытаннем ці калі вы занепакоеныя тым, што ў вашага дзіцяці праблемы з чытаннем і правапісам слоў, вось што можна зрабіць:
1. Пагаварыце з настаўнікам вашага дзіцяці.
Першы крок, які вы павінны зрабіць, — гэта пагаварыць з настаўнікам. Вы можаце задаць пытанні пра тое, як у вашага дзіцяці ідуць справы з чытаннем і правапісам. Абмяркуйце з настаўнікам, ці ёсць у дзіцяці паводзінныя асаблівасці, такія як рэзкія перапады настрою, складанасці з самарэгуляцыяй, канцэнтрацыяй увагі або выкананнем задач, якія патрабуюць пэўнай паслядоўнасці крокаў.
Настаўнік разам з вамі прааналізуе паспяховасць вашага дзіцяці. Гэта дапаможа вам зразумець, ці ёсць у дзіцяці цяжкасці ў навучанні і як праяўляюцца праблемы.
2. Папрасіце правесці ацэнку.
Калі вы ўсё яшчэ занепакоеныя пасля размовы з настаўнікам, звярніцеся да спецыялістаў, якія могуць правесці ацэнку развіцця вашага дзіцяці.
Спецыялісты, якія дапамогуць дыягнаставаць наяўнасць дыслексіі:
- лагапеды і настаўнікі-дэфектолагі;
- псіхолагі;
- неўролагі, псіхіятры.
Спецыялісты дапамогуць высветліць усе магчымыя прычыны цяжкасцей з навучаннем у вашага дзіцяці.
Спецыялізаваная дапамога дзецям з дыслексіяй
Многім дзецям з дыслексіяй удаецца палепшыць свае навыкі чытання і правапісу, калі дарослыя своечасова звернуць увагу і пачнуць займацца гэтай праблемай.
Спецыялісты, якія дыягнастуюць спецыфічныя расстройствы навучання, распрацуюць індывідуальную праграму дапамогі вашаму дзіцяці.
Атрымаўшы ацэнку, дапамогу і рэкамендацыі спецыялістаў па пераадоленні цяжкасцей у навучанні, вы можаце ў супрацоўніцтве з прафесіяналамі дадаткова дапамагаць свайму дзіцяці, ствараючы дружалюбную і пазітыўную абстаноўку дома, выконваючы з ім простыя заданні ў інтэрактыўным ці гульнявым фармаце.
Чым раней дзеці з дыслексіяй пачнуць атрымліваць кваліфікаваную дапамогу, тым вышэйшыя іх шанцы дабіцца добрай паспяховасці.
Ад дыслексіі няма «чарадзейнай таблеткі». Існуе многа простых і надзейных спосабаў дапамагчы дзецям справіцца з цяжкасцямі ў навучанні. Пачніце з кансультацыі са спецыялістам, які можа параіць дзейсныя варыянты. Напрыклад, вы можаце пагаварыць з настаўнікам вашага дзіцяці, псіхолагам або неўролагам.
Дапамога дзіцяці з дыслексіяй: што вы можаце зрабіць
У вашых сілах зрабіць многае:
- Фарміруйце ў дзіцяці ўпэўненасць у сабе. Развівайце моцныя бакі дзіцяці, дапамагайце яму знайсці сваё хобі і падтрымлівайце яго ва ўсіх захапленнях. Узнагароджвайце і хваліце дзіця за прыкладзеныя ім намаганні і поспехі як у школе, так і ў іншых сферах дзейнасці, напрыклад у спорце, тэатральным мастацтве ці музыцы. Дзякуючы гэтаму дзіця не будзе баяцца цяжкасцей.
- Раскажыце дзіцяці, як змагацца з негатыўнымі думкамі і не баяцца няўдач. Напрыклад: «Не засмучайся з-за таго, што адбылося сёння. Глядзі, наколькі ты прасунуўся наперад у гэтым годзе. Табе проста трэба крыху больш часу і яшчэ пару разоў смела паспрабаваць, і ўсё атрымаецца!».
- Падтрымлівайце цесны кантакт з настаўнікам свайго дзіцяці, каб вы маглі разам вызначаць, што яшчэ можна зрабіць дома, каб дапамагчы дзіцяці ў вучобе і іншых сферах.
- Чытайце свайму дзіцяці да таго часу, пакуль яно не навучыцца добра рабіць гэта самастойна.
- Прапаноўвайце кнігі, якія будуць адпавядаць навыкам чытання вашага дзіцяці, з простымі тэкстамі, якія яно зможа прачытаць; не давайце кнігі з вялікай колькасцю цяжкіх слоў.
- Заахвочвайце дзіця да таго, каб яно прагаворвала асобныя гукі, вучылася складаць з іх словы, замест таго каб механічна запамінаць, як яны выглядаюць.