Грудное выкормліванне і ўжыванне алкаголю

Бяспечней за ўсё выключыць ужыванне алкаголю падчас кармлення грудзьмі. Яго ўздзеянне на дзіця прапарцыянальнае колькасці, выпітай маці.
Body

Канцэнтрацыя алкаголю ў грудным малаку такая ж, як у крыві. Праз 30–60 хвілін пасля ўжывання алкаголю ён будзе прысутнічаць у грудным малаку. Алкаголь выводзіцца з яго прыкладна на працягу дзвюх гадзін, калі была выпіта адна порцыя, на працягу чатырох гадзін — калі ўжыты дзве порцыі, на працягу шасці гадзін — калі тры. Яго ўздзеянне таксама залежыць ад масы цела маці, колькасці тлушчавай тканкі ў яе і ад таго, прымаецца алкаголь нашча ці падчас ежы.

У рамках дародавага кансультавання цяжарным жанчынам даюць інфармацыю пра магчымую рызыку для развіцця плода ва ўлонні маці пры ўжыванні алкаголю ў перыяд цяжарнасці. Пра ўплыў алкаголю на дзіця пры грудным выкормліванні вядома менш. Сістэматычнае ўжыванне алкаголю ці вялікіх яго доз можа выклікаць санлівасць, глыбокі сон, слабасць у дзіцяці і зніжэнне выпрацоўкі малака ў маці.

Факты, якія трэба ведаць

  • Перыяд нованароджанасці і маленства характарызуецца няпоўнай сфарміраванасцю органаў і структур, у тым ліку печані, што абумоўлівае павышаную адчувальнасць да алкаголю.
  • На працягу першых трох месяцаў жыцця дзіцяці алкаголь, які трапляе ў яго арганізм, утылізуецца ўдвая павольней, чым у дарослых.
  • На метабалізм алкаголю таксама ўплывае маса цела: у арганізме з меншай вагой яго ўтылізацыя адбываецца больш павольна, чым у арганізме з вялікай вагой.
  • Эфект ад алкаголю прама прапарцыянальны ўжытай колькасці: чым большая колькасць алкаголю выпіта, тым больш часу спатрэбіцца арганізму для яго расшчаплення.
  • Пры ўжыванні алкаголю падчас ежы ён абсарбіруецца ў меншай колькасці.
  • Няма неабходнасці апаражняць грудзі, бо алкаголь не затрымліваецца ў грудным малаку.
  • Вялікая колькасць вадкасці або кава не паскораць вывядзенне алкаголю з арганізма і, такім чынам, з груднога малака.

Можа здацца, што абсалютная забарона на ўжыванне алкаголю ў перыяд груднога выкормлівання (які можа доўжыцца да двух гадоў) — гэта празмернае абмежаванне. Магчымы больш гібкі падыход: дапушчальна ўжываць адзін алкагольны напітак з асаблівай нагоды з захаваннем названых вышэй мер засцярогі (двухгадзінны перапынак паміж ужываннем алкаголю і кармленнем грудзьмі). У гэтым выпадку алкаголь не прычыніць шкоды дзіцяці.

Трэба ўлічваць суадносіны негатыўных наступстваў для здароўя дзіцяці і апраўданасці ўжывання маці ў перыяд груднога выкормлівання алкаголю з улікам яго якасці, колькасці і іншых абставін у кожнай пары «мама-дзіця».

Меркаванне, што ўжыванне алкаголю павялічвае выпрацоўку малака, памылковае!