Перынатальная (падчас цяжарнасці і пасля нараджэння дзіцяці) дэпрэсія ў жанчын

Прыкметамі дародавай і пасляродавай дэпрэсіі з’яўляюцца адмоўныя змены ў эмацыянальным стане, якія працягваюцца больш за два тыдні ў перыяд цяжарнасці або пасля нараджэння дзіцяці. Калі вы падазраяце, што ў вас дародавая або пасляродавая дэпрэсія, пагаварыце з урачом. Ён падбярэ правільнае лячэнне. Справіцца з сімптомамі дэпрэсіі дапаможа таксама падтрымка сям’і і сяброў.
Body

Перынатальная дэпрэсія: што гэта

Да перынатальнай адносяць як дэпрэсію, што развілася падчас цяжарнасці (дародавая), так і дэпрэсію, якая з’явілася пасля нараджэння дзіцяці (пасляродавая). Абодва віды сур’ёзныя і звязаны з адмоўнымі зменамі ў эмацыянальным стане, якія працягваюцца больш за два тыдні і перашкаджаюць нармальнаму ходу прывычнага жыцця.

Абедзве формы характарызуюцца аднолькавымі сімптомамі і лечацца аднолькава. Адзіная розніца заключаецца ў часе праходжання. У любым выпадку абодва віды перынатальнай дэпрэсіі ўяўляюць сабой не проста змены ў эмацыянальным стане пры цяжарнасці і адразу пасля нараджэння дзіцяці. Напрыклад, цяжарныя жанчыны могуць быць залішне эмацыянальнымі з-за фізічных і бытавых змен, якія адбываюцца ў гэты перыяд. Маладыя мамы могуць перажываць лёгкую дэпрэсію праз некалькі дзён пасля родаў.

І ў тым, і ў другім выпадку эмацыянальныя змены не працягваюцца доўга. Калі вы ці ваш муж/партнёр адзначаеце сімптомы дэпрэсіі, вам патрабуецца прафесійная дапамога і падтрымка родных. Важна распазнаць прыкметы і сімптомы дэпрэсіі як мага раней.

Сімптомы перынатальнай дэпрэсіі

У розных людзей перынатальная дэпрэсія працякае па-рознаму. Калі вы знаходзіцеся ў дрэнным настроі, раздражняльныя ці вас не радуюць рэчы, ад якіх вы звычайна атрымлівалі задавальненне, трэба паставіцца да гэтага сур’ёзна. Вы таксама можаце заўважыць змены ў эмацыянальным стане і складзе думак, паводзінах і сацыяльным жыцці, а таксама ў агульным фізічным стане – усе яны пералічаны ніжэй. Калі вы назіраеце якія-небудзь з прыведзеных змен больш за два тыдні, вам варта звярнуцца па прафесійную дапамогу. Праінфармуйце ўрача, калі ў вас некалі былі псіхічныя захворванні. Падчас цяжарнасці могуць зноў з’явіцца псіхічныя расстройствы, якія вы перажывалі раней.

Змены ў эмацыянальным стане

Вы адзначаеце, што:

  • у вас на працягу доўгага часу захоўваецца дрэнны настрой;
  • часта плачаце;
  • адчуваеце сум;
  • не ўпэўненыя ў сабе;
  • адчуваеце раздражненне і гнеў;
  • вас перапаўняюць трывога і страхі;
  • адчуваеце сябе адзінокай або баіцеся заставацца сам-насам з дзіцем.

Змены ў складзе думак

У вас узнікаюць думкі наступнага зместу:

  • «усё ідзе не так, як трэба»;
  • «ва ўсім, што адбываецца, вінаватая я сама»;
  • «я бескарысная і няўдачлівая»;
  • «майму дзіцяці лепш з кімсьці іншым»;
  • «я не магу гэта зрабіць» ці «я так не магу»;
  • «маё дзіця мяне не любіць».

Таксама адзначаецца наступнае:

  • вы губляеце здольнасць цвяроза мысліць і прымаць рашэнні;
  • ваша здольнасць канцэнтравацца зніжаецца;
  • вас наведваюць думкі аб прычыненні шкоды сабе ці дзіцяці.

Змены ў паводзінах і сацыяльным жыцці

Яны праяўляюцца наступным чынам:

  • вы страцілі цікавасць да заняткаў, якія звычайна прыносілі вам задавальненне;
  • вам цяжка рухацца;
  • вам складана займацца паўсядзённымі справамі (гатаваць, рабіць пакупкі);
  • вы аддаляецеся ад сяброў і родных;
  • вы не сочыце за домам.

Змены ў фізічным стане

У вас могуць назірацца:

  • праблемы са сном — бяссонніца або залішні сон;
  • змены апетыту — вы ясце недастаткова або пераядаеце;
  • недахоп энергіі.

У некаторых жанчын пачатковыя прыкметы дэпрэсіі праяўляюцца ў першыя тыдні пасля родаў. Калі вас непакоіць, што вы ці муж/партнёр разважаеце ці паводзіце сябе не так, як звычайна, як мага хутчэй звярніцеся да ўрача.

Калі ў вас узнікаюць думкі аб прычыненні шкоды сабе ці члену сям’і, неадкладна звярніцеся па дапамогу да ўрача.

Дапамога пры перынатальнай дэпрэсіі

Калі вы лічыце, што ў вас перынатальная дэпрэсія, неабходна як мага раней звярнуцца па прафесійную дапамогу. Урач накіруе вас да спецыялістаў. Атрымаўшы належную падтрымку, вы зможаце кантраляваць сімптомы і неўзабаве адчуеце сябе лепш.

Некаторыя жанчыны думаюць, што калі яны звернуцца па дапамогу, іх разлучаць з дзіцем. Важна разумець, што мэта медыкаў — дапамагчы вам выздаравець, каб вы маглі ўз’яднацца з дзіцем і быць такой маці, якой хацелі.

Лячэнне перынатальнай дэпрэсіі

Калі ў вас сімптомы перынатальнай дэпрэсіі, ёсць мноства варыянтаў тэрапіі. Урач абмяркуе з вамі план лячэння, які будзе адпавядаць вашым абставінам і ўзросту, а таксама віду і ступені дэпрэсіі. У многіх выпадках медыкаментознае лячэнне сумесна з псіхалагічнай або псіхатэрапеўтычнай дапамогай з’яўляюцца дастаткова эфектыўнымі.

Прыём на стацыянарнае лячэнне

Бываюць выпадкі, калі маладых мам шпіталізуюць у бальніцу па прычыне перынатальнай дэпрэсіі. Медыкі могуць разгледзець магчымасць змяшчэння жанчыны ў стацыянар, калі яна дэманструе ўстойлівы намер здзейсніць самагубства ці прычыніць шкоду сабе або дзіцяці. У такім выпадку вам трэба тэрмінова звярнуцца да ўрача ці ў аддзяленне неадкладнай дапамогі мясцовай бальніцы. Там урач і медперсанал акажуць вам неабходную дапамогу і падтрымку.

Стратэгіі практычнай дапамогі

Існуюць стратэгіі дапамогі сабе ці блізкаму ў выпадку перынатальнай дэпрэсіі.

Эмацыянальная падтрымка

Наяўнасць эмацыянальнай падтрымкі ад мужа/партнёра, родных і сяброў вельмі важная для барацьбы з перынатальнай дэпрэсіяй. Дапамагчы справіцца з сімптомамі можа размова з кімсьці, хто зразумее вашыя пачуцці. Яшчэ адной крыніцай эмацыянальнай падтрымкі можа стаць бацькоўская супольнасць, бацькі з дзіцячай пляцоўкі ці тэрапеўтычная група. У такіх групах вы можаце сустрэць людзей, з якімі можна падзяліцца сваімі перажываннямі.

Дапамога дома

Ваш муж/партнёр, родныя і сябры могуць аказаць практычную дапамогу дома. Будзе нялішнім папрасіць кагосьці, каму вы давяраеце, рэгулярна прыходзіць да вас і дапамагаць па гаспадарцы ці з дзіцем. Гэта дасць вам магчымасць адпачыць, паспаць ці зрабіць нешта, каб расслабіцца. Акрамя таго, гэта добры спосаб сацыялізацыі, што важна для выздараўлення. Вас не павінна трывожыць пачуццё віны за тое, што вы просіце пра такую дапамогу. Многія любяць дапамагаць і ахвотна падтрымаюць вас, калі вы папросіце пра нешта канкрэтнае.

Паклапаціцеся пра сябе

Эмацыянальны камфорт і добры фізічны стан цесна ўзаемазвязаны.

Для іх падтрымання вы можаце рабіць наступнае:

  • рэгулярна выконвайце фізічныя практыкаванні;
  • разумна плануйце свой дзень;
  • добра харчуйцеся; зручна мець пад рукой простыя прадукты: садавіну, ёгурт, цэльназерневы хлеб, свежую нарэзаную гародніну, гатовую да ўжывання;
  • старайцеся адпачываць: спіце, пакуль спіць дзіця, рана кладзіцеся і наогул старайцеся адпачываць пры любой магчымасці.

Мужчыны таксама могуць перажываць перынатальную дэпрэсію. Кожны дзясяты мужчына адчувае дэпрэсію ў перыяд цяжарнасці жонкі/партнёркі ці пасля нараджэння дзіцяці.