Перынатальная (падчас цяжарнасці партнёркі і пасля нараджэння дзіцяці) дэпрэсія ў мужчын
Цяжарнасць: эмацыянальныя змены ў мужчын і жанчын
Цяжарнасць — складаны жыццёвы вопыт як для жанчыны, так і для яе мужа/партнёра. У гэты перыяд могуць узнікаць моцныя, глыбокія эмоцыі і нечаканыя праблемы. У мужчыны падчас цяжарнасці яго жонкі/партнёркі здараюцца дні, калі ён адчувае сябе спустошаным, слабым і раздражнёным. Такія перамены ў настроі нармальныя. Але калі эмацыянальныя змены працягваюцца больш за два тыдні і перашкаджаюць весці звычайны лад жыцця, стан можа стаць дэпрэсіўным.
Перынатальная дэпрэсія — гэта дэпрэсія, якая ўзнікла падчас цяжарнасці (дародавая) або пасля нараджэння дзіцяці (пасляродавая). Кожны дзясяты мужчына перажывае перынатальную дэпрэсію.
Прыкметы перынатальнай дэпрэсіі ў мужчын
Калі вы назіраеце ў сябе якія-небудзь з наступных сімптомаў на працягу больш чым двух тыдняў, не трэба ні змагацца з імі, ні ігнараваць іх. Варта звярнуцца па дапамогу. Пагаварыце з жонкай/партнёркай, роднымі і сябрамі, а таксама з урачом.
Найбольш распаўсюджаныя прыкметы фізічнага характару:
- павышаная стамляльнасць;
- адсутнасць апетыту;
- праблемы са сном;
- сон ці няспанне ў нетыповы час;
- страта або набор масы цела.
Прыкметай перынатальнай дэпрэсіі можа быць хуткая змена эмацыянальнага стану і настрою. Напрыклад, вы можаце адчуваць:
- сум;
- віну ці сорам;
- трывогу і злосць;
- адзіноту;
- аддаленасць ад жонкі/партнёркі, сяброў і сям’і;
- няздольнасць атрымліваць задавальненне ад таго, што раней прыносіла радасць.
Таксама могуць назірацца змены ў разумовай дзейнасці:
- вы можаце адчуваць складанасці з канцэнтрацыяй увагі;
- вам цяжка запамінаць інфармацыю;
- вам складана прымаць рашэнні;
- вам няпроста выконваць штодзённыя справы;
- вас перапаўняюць думкі;
- вам здаецца, што сітуацыя выходзіць з-пад вашага кантролю;
- вы не можаце справіцца з думкамі пра смерць або суіцыд.
Акрамя таго, могуць змяніцца вашы паводзіны і вы заўважыце, што:
- у вас знікла цікавасць да інтымных адносін;
- вы пазбягаеце бываць з сям’ёй;
- вы больш часу праводзіце на працы;
- вы ўжываеце псіхаактыўныя рэчывы ці алкаголь для барацьбы з дэпрэсіяй.
Дародавая і пасляродавая дэпрэсіі маюць адны і тыя ж сімптомы і лечацца аднолькава. Розніца толькі ў часе іх наступлення.
Дапамога мужчынам з перынатальнай дэпрэсіяй
Калі вы лічыце, што ў вас дэпрэсія, трэба звярнуцца па дапамогу як мага раней. Пракансультуйцеся з урачом, паразмаўляйце з жонкай/партнёркай, сям’ёй і сябрамі пра свае перажыванні.
Аб пасляродавай дэпрэсіі ў жанчын
Дэпрэсія пасля нараджэння дзіцяці развіваецца ў 15 % жанчын. Мужчыны, жонкі/партнёркі якіх перажываюць пасляродавую дэпрэсію, часта думаюць, што жанчына перастала адчуваць каханне і прывязанасць, што праяўляецца не толькі ў нежаданні сексу, але і ў адсутнасці сяброўскіх адносін. Калі вашай жонцы/партнёрцы цяжка, калі вы заўважаеце ў яе прыкметы дэпрэсіі, прапануйце ёй звярнуцца па дапамогу. Спачатку можаце пагаварыць з урачом-псіхатэрапеўтам. Ваша падтрымка мае вялікае значэнне для яе і будзе садзейнічаць памяншэнню сімптомаў дэпрэсіі. Даведайцеся больш пра тое, як дапамагчы партнёрцы, якая перажывае пасляродавую дэпрэсію.