Важнасць псіхічнага здароўя бацькоў для развіцця дзіцяці

Існуе шэраг прычын, якія могуць негатыўна паўплываць на развіццё дзіцяці яшчэ да нараджэння: гармоны стрэсу ў цяжарных жанчын, напрыклад картызол, праходзяць праз плацэнту і ўплываюць на развіццё галаўнога мозгу плода; цяжарная жанчына з дэпрэсіяй радзей вядзе здаровы лад жыцця, радзей наведвае дародавыя медыцынскія агляды і надае меншую ўвагу падрыхтоўцы да мацярынства. Дэпрэсія можа негатыўна паўплываць на імунную сістэму цяжарнай жанчыны; дзіця можа нарадзіцца заўчасна або з нізкай вагой.
Body

Фізічнае і псіхічнае здароўе бацькі і маці падчас яе цяжарнасці, родаў і ў наступныя гады жыцця з’яўляецца залогам паспяховага развіцця дзіцяці. Часта сістэма аховы здароўя надае больш увагі фізічнаму здароўю жанчын (кантроль артэрыяльнага ціску, масы цела), чым іх псіхічнаму стану. Аднак псіхічнае здароўе і дабрабыт маці і яе партнёра можа аказваць значны ўплыў на дзіця.

Дзякуючы шматлікім навуковым даследаванням мы ведаем, што стан напружання, трывогі, стрэсу і дэпрэсіі павышае ўзровень картызолу ў крыві маці, які, у сваю чаргу, зніжае фільтрацыйную здольнасць плацэнты і аказвае неспрыяльны ўплыў на галаўны мозг дзіцяці ў прэнатальны перыяд.

Акрамя таго, цяжарнай жанчыне, якая ўвесь час адчувае трывогу і напружанне, пакутуе ад дэпрэсіі або любога іншага псіхічнага расстройства, цяжка прытрымлівацца прынцыпаў здаровага ладу жыцця. Для таго, каб цяжарнасць прайшла паспяховага, жанчыне неабходна ўстрымацца ад курэння, ужывання алкаголю і іншых шкодных рэчываў; важна выконваць рэжым дня, правільна харчавацца, мець дастатковую фізічную нагрузку і рэгулярна адпачываць.

Варта адзначыць, што перынатальныя псіхічныя расстройствы ў бацькоў, асабліва калі гэтыя станы не былі дыягнаставаны і не карэкціраваліся, могуць мець негатыўныя наступствы для многіх аспектаў выхавання дзіцяці пасля нараджэння. Ніжэй апісаны такія наступствы:

  • Цяжкасці з наладжваннем і развіццём адносін паміж маці/бацькам і дзіцем (калі ім складана знайсці і падтрымліваць эмацыянальны кантакт з дзіцем, цешыцца яго развіццю і атрымліваць асалоду ад узаемадзеяння з ім).
  • Парушэнне адносін паміж партнёрамі і/або іншымі членамі сям’і.
  • Зніжэнне здольнасці бацькоў адзначаць і ўспрымаць сігналы дзіцяці. Неадэкватная рэакцыя на камунікатыўныя сігналы дзіцяці або яе адсутнасць могуць выклікаць у яго стрэс. Напрыклад, дзіця плача, таму што яму трэба мяняць падгузнік, а маці/бацька спрабуе яго накарміць.
  • Дэпрэсіўныя маці або бацька часам могуць не заўважаць і не разумець патрэб дзіцяці ў розныя ўзроставыя перыяды. Напрыклад, яны не разумеюць, чаму аднамесячнае немаўля не дазваляе ім спаць усю ноч, яны могуць падумаць, што дзіця плача наўмысна.
  • Заўважна зніжаецца здольнасць бацькоў бачыць пазітыўныя бакі развіцця свайго дзіцяці.
  • Ацэнка бацькамі таго, што трэба іх дзіцяці (з пункту гледжання здароўя, бяспекі і догляду), можа быць ненадзейнай ці неадэкватнай. Напрыклад, бацькі не звяртаюць увагі на ахайнасць дзіцяці ці апранаюць яго, не арыентуючыся на надвор’е.
  • Адзначаецца зніжэнне талерантнасці бацькоў да змен у жыцці, узмацненне апатыі — гэта ўсё можа прыводзіць да ігнаравання дзіцяці.
  • Паводзіны бацькоў уплываюць на рост, развіццё і паводзіны дзіцяці.

Дэпрэсія ў маці або бацькі можа аказваць сур’ёзны неспрыяльны ўплыў на развіццё дзіцяці ў розных сферах, пачынаючы з сацыяльна-эмацыянальнай сферы і заканчваючы навыкамі самаабслугоўвання.

Даследаванні паказваюць, што дэпрэсія і трывога ў маці і бацькі могуць выклікаць затрымку кагнітыўнага, сацыяльна-эмацыянальнага і маўленчага развіцця ў дзіцяці і ўплываць на яго паводзіны.

Даследчыкі таксама адзначаюць, што дзеці тых маці, якія пакутуюць ад пэўнай залежнасці ў перынатальны перыяд, часцей сутыкаюцца з праблемамі ў сацыяльна-эмацыянальнай і кагнітыўнай сферах, са складанасцямі планавання, арганізацыі, кантролю за ўласнымі паводзінамі ў розных сацыяльных кантэкстах.