Харчовая алергія ў дзіцяці
Харчовая алергія
Пры наяўнасці харчовай алергіі імунная сістэма рэагуе на пэўныя прадукты, якія паступаюць у арганізм з ежай. У такім выпадку гэтыя харчовыя прадукты з’яўляюцца алергенам.
Імунная сістэма рэагуе выкідам гістаміну і іншых рэчываў у тканкі арганізма. Гэта прыводзіць да з’яўлення сімптомаў алергічнай рэакцыі.
Нават нязначная колькасць харчовых прадуктаў-алергенаў можа выклікаць развіццё алергічнай рэакцыі. Некаторыя рэакцыі могуць адбывацца неадкладна, а іншыя — праз некалькі гадзін.
Алергічныя рэакцыі з’яўляюцца распаўсюджанай з’явай. У большасці выпадкаў харчовай алергіі яны не носяць сур’ёзнага характару, а смяротныя зыходы з’яўляюцца рэдкасцю.
Харчовая алергія неадкладнага тыпу: сімптомы
Сімптомы такой харчовай алергіі праяўляюцца на працягу некалькіх хвілін пасля таго, як дзіця з’ела прадукт, які з’яўляецца для яго алергенным.
Да лёгкіх або ўмераных сімптомаў пры харчовай алергіі неадкладнага тыпу адносяцца:
- ацёк і апуханне вуснаў, твару або вачэй;
- скурныя рэакцыі, такія як пачырваненне, крапіўніца або экзэма;
- паколванне або пачуццё свербу ў роце;
- рвота, боль у жываце або дыярэя;
- закладзенасць носа.
Цяжкая алергічная рэакцыя
Цяжкая алергічная рэакцыя называецца анафілактычнай, і яна таксама можа ўзнікаць неадкладна. Да яе сімптомаў адносяцца:
- ускладненае дыханне;
- ацёк языка ці адчуванне сціснутасці ў горле;
- хрыпы або бесперапынны кашаль;
- цяжкасць з тым, каб размаўляць, ці хрыплы голас;
- бесперапыннае галавакружэнне або страта прытомнасці;
- бледнасць і млявасць (у маленькіх дзяцей).
Анафілактычная рэакцыя — гэта небяспечная для жыцця з’ява, якая патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. Калі ў дзіцяці анафілактычная рэакцыя, спачатку трэба пакласці яго на падлогу ці пасадзіць. Важна не дазваляць яму стаяць ці хадзіць. Калі ёсць такая магчымасць, трэба зрабіць ін’екцыю з адрэналінам, пасля чаго тэрмінова выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (па тэлефоне 103).
Прадукты, якія часцей за ўсё выклікаюць алергію
Да прадуктаў, якія часцей за ўсё выклікаюць алергію, адносяць наступныя:
- каровіна малако;
- курыныя яйкі;
- соя;
- арахіс;
- арэхі, напрыклад кеш’ю, фісташкі, грэцкія арэхі, пекан і фундук;
- кунжут;
- пшаніца;
- рыба;
- малюскі.
Дыягностыка харчовай алергіі ў дзіцяці
Пры неабходнасці педыятр накіруе дзіця да алерголага ці імунолага. Спецыяліст правядзе далейшыя дыягнастычныя даследаванні.
Метады дыягностыкі алергіі неадкладнага тыпу:
- Ін’екцыйная скурная проба: скура дзіцяці праколваецца спецыяльным прыстасаваннем (знешне яно нагадвае зубачыстку), якое змяшчае пэўны алерген. Калі ў месцы ўколу на скуры дзіцяці з’яўляецца сып, гэта сведчыць пра верагодную алергію.
- Аналізы крыві: спроба на вызначэнне ўтрымання ў крыві спецыфічных антыцелаў (імунаглабулінаў Е, або IgE), якія прысутнічаюць у арганізме дзіцяці. Гэты аналіз дазваляе выявіць, ці ёсць у яго рэакцыя на канкрэтныя алергены. Калі ў крыві дзіцяці ўтрымліваецца вялікая колькасць гэтых антыцелаў, верагодна, у яго алергія. Здаваць такі аналіз неабходна пры наяўнасці супрацьпаказанняў да правядзення ін’екцыйнай скурнай пробы.
Кантроль харчовай алергіі ў дзіцяці
На дадзены момант лекаў ад харчовай алергіі не існуе, але ў многіх выпадках яна праходзіць па меры сталення дзіцяці.
Трэба прыняць некаторыя меры:
Пазбягаць небяспечных прадуктаў.
Варта дакладна вывучыць інфармацыю на этыкетках харчовых прадуктаў, перш чым прапаноўваць іх дзіцяці. Важна не забываць, што некаторыя прадукты, якія выклікаюць алергію, маюць розныя назвы.
Захоўваць асцярожнасць у месцах грамадскага харчавання: неабходна ўдакладняць, якія кампаненты ўваходзяць у склад кожнай стравы. Таксама варта пазбягаць ежы са шведскага стала і страў, прыгатаваных на вадзяной бані (прыладах падагрэву ежы), бо існуе высокая верагоднасць таго, што небяспечныя кампаненты трапяць з адной стравы ў іншую.
Скласці алгарытм дзеянняў і навучыцца выкарыстоўваць шпрыц-цюбік з адрэналінам.
Калі існуе верагоднасць развіцця ў дзіцяці анафілактычнай рэакцыі, урач можа рэкамендаваць мець пры сабе шпрыц-цюбік з адрэналінам. З яго дапамогай можна лёгка самастойна ўвесці адрэналін. Спецыяліст таксама раскажа, як і калі неабходна гэты сродак выкарыстоўваць.
Важна, каб асноўныя людзі ў жыцці дзіцяці (члены сям’і, асобы, якія клапоцяцца пра яго, няні і работнікі дзіцячага сада або школы) ведалі, як і калі неабходна выкарыстоўваць шпрыц-цюбік з адрэналінам у выпадку анафілактычнай рэакцыі ў дзіцяці.
Выкарыстоўваць медыцынскі бранзалет.
Магчыма, дзіцяці спатрэбіцца насіць медыцынскі бранзалет, па якім можна адразу ацаніць сітуацыю пры ўзнікненні алергічнай рэакцыі.
Як доўга працягваецца харчовая алергія
У большасці дзяцей харчовая алергія праходзіць ва ўзросце ад 5 да 10 гадоў, асабліва ў дзяцей з алергіяй на малако, яйкі, сою ці пшаніцу.
Алергія на арахіс, арэхі (у тым ліку кеш’ю, фісташкі, грэцкія арэхі, пекан, фундук), рыбу і малюскаў, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца на працягу ўсяго жыцця.
Як знізіць рызыку харчовай алергіі ў дзіцяці
Некаторыя вашыя дзеянні могуць спрыяць зніжэнню рызыкі развіцця харчовай алергіі:
Карміце дзіця грудзьмі.
Аптымальнае харчаванне для дзіцяці — грудное малако, таму рэкамендуецца карміць дзіця выключна ім да таго часу, пакуль яно не будзе гатова пачаць есці цвёрдую ежу ва ўзросце каля 6 месяцаў. Лепш за ўсё працягваць карміць дзіця грудзьмі, пакуль яму не споўніцца 12 месяцаў.
Пракансультуйцеся з урачом ці медыцынскай сястрой наконт дзіцячай сумесі.
Не існуе доказаў таго, што, калі даваць дзецям гідралізаваную або часткова гідралізаваную (якая таксама называецца гіпаалергеннай) дзіцячую сумесь замест стандартнай на аснове каровінага малака, гэта прадухіліць узнікненне алергіі.
Уводзіць у рацыён дзіцяці цвёрдую ежу, якая, верагодна, можа выклікаць алергію, дапушчальна не раней, чым яму споўніцца 6 месяцаў.
Увядзенне ў рацыён цвёрдай ежы, якая, верагодна, можа выклікаць алергію, у тым ліку пры генетычнай схільнасці да яе, дапушчальна не раней, чым у шэсць месяцаў.
Гэта можа быць добра зваранае яйка, а таксама прадукты на аснове каровінага малака.