Коклюш

Коклюш — бактэрыяльная інфекцыя, якая праяўляецца эпізодамі прыступападобнага спазматычнага кашлю са «свістам» на ўдыху. Трэба як мага хутчэй звярнуцца да ўрача, калі ў дзіцяці адзначаюцца сімптомы коклюшу. Каб спыніць распаўсюджванне інфекцыі, прызначаецца антыбактэрыяльная тэрапія. Вакцынацыя дзіцяці дапаможа ў фарміраванні калектыўнага імунітэту супраць коклюшу. Таксама рэкамендуецца імунізацыя цяжарных.
Body

Сударгавы кашаль

Коклюш — вельмі заразнае захворванне, якое выклікаюць бактэрыі Bordetella pertussis, што перадаюцца пры цесным асабістым кантакце, а таксама паветрана-кропельным шляхам пры чханні і кашлі.

Нягледзячы на ​​актыўную імунізацыю, перыядычна ўспышкі коклюшу ўсё ж здараюцца.

Сімптомы коклюшу

Заражэнне коклюшам часцей адбываецца за 1–2 тыдні да з’яўлення яго сімптомаў.

Першыя праявы падобныя да сімптомаў прастуды. Прыкладна на працягу тыдня ў дзіцяці можа быць насмарк, чханне і часам нязначнае павышэнне тэмпературы цела.

Кашаль развіваецца паступова, перыядычна могуць узнікаць яго прыступы, з-за якіх дзіцяці становіцца цяжка дыхаць. У гэтыя моманты яно можа ўтвараць «свісцячы» гук у канцы прыступаў кашлю, калі задыхаецца, каб зрабіць глыбокі ўдых. Кашаль звычайна суправаджаецца рвотай, твар дзіцяці можа пачырванець.

Прыступы кашлю ўзмацняюцца на працягу наступных двух тыдняў, становячыся больш цяжкімі і частымі. Яны могуць вельмі стамляць, хаця паміж прыступамі дзіцяці, як правіла, камфортна.

Кашаль можа доўжыцца месяцамі.

Заразным дзіця можа быць да 21 дня пасля пачатку кашлю.

Коклюш сустракаецца значна радзей сярод прышчэпленых дзяцей. Сімптомы захворвання ў вакцынаваных дзяцей у большасці выпадкаў лёгкія.

Ускладненні коклюшу

У дзяцей, малодшых за шэсць месяцаў, коклюш часта суправаджаецца сур’ёзнымі ўскладненнямі, уключаючы цяжкую пнеўманію і апноэ (спыненне дыхання). У дзяцей малодшага ўзросту пнеўманія — найбольш частае ўскладненне. Смяротны зыход сустракаецца рэдка і ў большасці выпадкаў сярод непрышчэпленых немаўлят.

Калі ў дзіцяці коклюш і назіраюцца зніжэнне апетыту ці моцная рвота падчас прыступаў кашлю, ёсць рызыка значнай страты вагі і абязводжвання.

Ці варта звяртацца да ўрача з нагоды коклюшу?

Так. Трэба паказаць дзіця ўрачу ў выпадку:

  • любога з апісаных вышэй сімптомаў;
  • пакутлівых прыступаў кашлю, якія паўтараюцца;
  • працягласці кашлю больш за два тыдні;
  • праблем з дыханнем або калі пасля прыступаў кашлю ўзнікаюць цяжкасці з дыханнем;
  • пасінення вобласці вакол рота пасля прыступаў кашлю;
  • доўгай гарачкі;
  • наяўнасці скаргаў на боль у вуху/вушах пры працяглым кашлі;
  • заўважнага зніжэння вагі і абязводжанасці арганізма дзіцяці пры коклюшы.

Калі дзіцяці менш за шэсць месяцаў і ў яго адзначаюцца перабоі ў дыханні, трэба тэрмінова адвезці яго ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы або на прыём да ўрача.

Лячэнне коклюшу

Антыбіётыкі малаэфектыўныя пры сімптомах коклюшу, аднак урач прызначыць іх з мэтай прадухілення перадачы коклюшу ад дзіцяці іншым людзям.

Калі кашаль доўжыўся менш за 21 дзень, урач можа прызначыць антыбіётыкі, бо гэта скароціць працягласць інфіцыравання дзіцяці. Гэта значыць, што дзіця можа вярнуцца раней у дзіцячую дашкольную/школьную ўстанову — звычайна пасля пяці дзён прыёму антыбіётыкаў.

Калі кашаль моцны і выклікае цяжкасці пры дыханні або калі дзіцяці менш за шэсць месяцаў, урач можа парэкамендаваць пакласці яго ў бальніцу для ўважлівага догляду, дзе ў залежнасці ад цяжкасці захворвання могуць быць прызначаны антыбіётыкі.

Людзям, якія знаходзіліся ў кантакце з хворым дзіцем, могуць быць прапісаны антыбіётыкі, каб прадухіліць развіццё ў іх коклюшу.

Калі дзіця не лячылі антыбіётыкамі, яму не варта вяртацца ў дзіцячы калектыў раней чым праз 21 дзень пасля пачатку кашлю.

Прафілактыка коклюшу

Лепшы спосаб пазбегнуць коклюшу — зрабіць дзіцяці прышчэпкі. Імунізацыю супраць коклюшу пачынаюць на другім месяцы жыцця дзіцяці з паўторнымі дозамі ў наступныя месяцы і гады.

Імунітэт супраць коклюшу з часам слабее. Гэта значыць, што можна заразіцца ім у пазнейшым узросце, нават пасля вакцынацыі. Вось чаму вакцына ад коклюшу ўводзіцца некалькі разоў у дзяцінстве і падлеткавым узросце.

Бустар (дадатковая доза вакцыны) супраць коклюшу таксама рэкамендуецца цяжарным жанчынам у трэцім трыместры. Ён абараняе нованароджанае дзіця на працягу першых двух месяцаў жыцця, калі яно больш за ўсё падвержана рызыцы ўскладненняў коклюшу.