Начное нетрыманне мачы (энурэз)
Прычыны начнога нетрымання мачы
Начное нетрыманне мачы (энурэз) узнікае, калі дзіця не прачынаецца ноччу пры ўзнікненні патрэбы мочаспускання. Дзеці не мочацца ў ложак знарок.
Існуе некалькі прычын, якія павышаюць верагоднасць начнога нетрымання мачы ў дзяцей.
У некаторых выпадках начное нетрыманне мачы здараецца па прычыне моцнага сну дзіцяці або невялікага памеру мачавога пузыра. Таксама магчыма, што ўначы ўтвараецца больш мачы, чым днём, гэта можа быць абумоўлена пітным рэжымам дзіцяці.
Начное нетрыманне мачы часта можа перадавацца ў спадчыну. Верагоднасць узнікнення энурэзу ў дзяцей, чые бацькі таксама пацвярджаюць начное нетрыманне мачы ў сваім дзяцінстве, вышэйшая.
Начное нетрыманне мачы можа засмучаць і хваляваць бацькоў, аднак важна памятаць, што існуюць эфектыўныя спосабы вырашэння гэтай праблемы.
Сімптомы начнога нетрымання мачы
Гэта заўсёды адбываецца ўначы. Некаторыя дзеці мочацца ў ложак кожную ноч. Іншыя робяць гэта ўсяго некалькі разоў на тыдзень, раз на тыдзень ці раз у месяц.
Дзённае нетрыманне мачы — гэта выпадковае нетрыманне мачы на працягу дня, калі дзіця не спіць. Такая з’ява сустракаецца значна радзей, чым начное нетрыманне мачы. Дзённае нетрыманне мачы часцей выклікана якім-небудзь захворваннем ці стрэсам. Калі ў дзіцяці здараюцца выпадкі дзённага нетрымання мачы, варта абмеркаваць гэта з педыятрам.
Калі звярнуцца да педыятра ў выпадку начнога нетрымання мачы
Калі вы занепакоены начным нетрыманнем мачы ці калі гэта стварае праблемы для дзіцяці і вашай сям’і, варта звярнуцца да педыятра, які дасць рэкамендацыі па магчымым лячэнні і кантролі дадзенай праблемы.
Варта пракансультавацца ў педыятра, калі дзіця ўсё яшчэ рэгулярна мочыцца ў ложак ва ўзросце сямі гадоў, а таксама ў наступных выпадках:
- ёсць занепакоенасць наконт таго, як дзіця будзе спраўляцца падчас сну ў магчымых паездках ці ў лагерах;
- начное нетрыманне мачы пачынае прычыняць нязручнасці або турбаваць дзіця.
Вельмі важна звярнуцца да педыятра, калі ў дзіцяці зноў з’явілася начное нетрыманне мачы пасля таго, як яно навучылася «заставацца сухім» па начах. Гэта можа быць першым сімптомам сур’ёзнага захворвання, такога як інфекцыя ці дыябет, або можа быць звязана з эмацыянальным стрэсам — напрыклад, з’яўленнем у сям’і нованароджанага.
Лячэнне начнога нетрымання мачы
Пад’ём і абуджэнне:
Пад’ём — гэта падняцце соннага дзіцяці з ложка з мэтай аднесці яго ў прыбіральню, каб яно памачылася; абуджэнне — гэта калі дзіця будзяць і адводзяць у прыбіральню з той жа мэтай. Лепш за ўсё рабіць гэта ноччу ў вызначаны час. Таксама можна вадзіць дзіця ў прыбіральню перад тым, як пакласці яго спаць.
Такія меры, як пад’ём і абуджэнне, могуць дапамагчы спыніць начное нетрыманне мачы на кароткі час, але звычайна яны не прыводзяць да спынення начнога нетрымання мачы ў цэлым. Гэта не рашэнне праблемы.
Піццё:
Дзіцяці важна рэгулярна піць ваду на працягу дня, каб пазбягаць абязводжвання, нават калі яно мочыцца ў ложак.
Калі дзіця п’е дастаткова вады на працягу дня, магчыма, яно зможа не піць занадта многа вадкасці ўвечары. Калі ж дзіця ўжывае вялікую колькасць вадкасці перад сном, гэта можа прыводзіць да таго, што яму будзе мацней хацецца ў прыбіральню ноччу; у выніку ў яго будзе назірацца начное нетрыманне мачы. Калі дзіця хоча піць перад сном, гэта можа азначаць, што яно недастаткова піло на працягу дня.
У вячэрні час дзіцяці лепш пазбягаць ужывання любых напіткаў, якія змяшчаюць кафеін, напрыклад колы, чаю, кавы ці гарачага шакаладу. Такія напіткі нездарма называюцца мачагоннымі.
Сігналізатар начнога нетрымання мачы:
Сігналізатар начнога нетрымання мачы (энурэзны будзільнік) — гэта ўстройства, якое ўтварае гук і будзіць дзіця, калі яно мочыцца ў ложак.
Сігналізатар начнога нетрымання мачы вучыць дзіця прачынацца, калі яно пачынае мачыцца ў ложак. Устройства дапамагае дзіцяці пачаць распазнаваць, калі яго мачавы пузыр поўны, і навучыцца стрымлівацца ці прачынацца і ісці ў прыбіральню. Ідэя заключаецца ў наступным: калі спрацоўвае сігналізатар, ваша дзіця прачынаецца да таго, як яго мачавы пузыр цалкам апаражніцца.
На працягу першага тыдня ці больш працяглага выкарыстання сігналізатара начнога нетрымання мачы даросламу варта спаць у пакоі дзіцяці, каб пры неабходнасці дапамагчы яму хутка ўстаць і дабрацца да прыбіральні. Таксама можа спатрэбіцца супакоіць дзіця, калі яно спалохаецца гуку сігналізатара ці не будзе разумець, што гэта такое.
Для выбару найбольш аптымальнага для сям’і спосабу рашэння праблемы энурэзу ў дзіцяці трэба пракансультавацца з педыятрам.