Як прывучыць дзіця да прыбіральні: практычныя парады

Калі вы дапамагаеце дзіцяці навучыцца карыстацца гаршчком ці прыбіральняй — гэта важны і досыць хвалюючы крок для вас абаіх. Захоўвайце пазітыўны настрой і спакой — і ваша дзіця з большай верагоднасцю хутка асвоіць новы навык. Сакрэт заключаецца ў тым, што вам неабходна дачакацца сігналаў гатоўнасці дзіцяці прывучацца да прыбіральні.
Body

Прывучэнне да прыбіральні: як зразумець, што дзіця гатова

У большасці выпадкаў гатоўнасць дзіцяці прывучацца да прыбіральні заўважная ва ўзросце прыкладна двух гадоў. У некаторых дзяцей прыкметы гатоўнасці праяўляюцца ўжо ў 18 месяцаў, у іншых — пасля двух гадоў.

Дзіця гатова, калі:

  • яно ўпэўнена ходзіць і можа сядзець на працягу кароткага часу;
  • яно праяўляе больш самастойнасці, калі размова ідзе пра выкананне заданняў, у тым ліку яно пачынае часцей гаварыць «не»;
  • яму становіцца цікава назіраць за тым, як нехта іншы ходзіць у прыбіральню; гэта можа выклікаць у вас пачуццё дыскамфорту, аднак гэта добры спосаб пазнаёміць дзіця з нечым новым для яго;
  • яго падгузнікі застаюцца сухімі на працягу дзвюх гадзін — гэта сведчыць пра тое, што дзіця можа ўтрымліваць мачу ў мачавым пузыры (які ў немаўлят або нованароджаных апаражняецца міжвольна);
  • яно можа паведаміць вам словамі ці жэстамі, калі ў яго адбываецца дэфекацыя ці мочаспусканне ў падгузнік. Калі дзіця здольна паведаміць вам пра гэта да таго, як гэта адбудзецца, то яно дакладна гатова прывучацца да прыбіральні;
  • яму пачынае не падабацца насіць падгузнік — магчыма, дзіця будзе спрабаваць сцягваць яго, калі падгузнік стане мокрым або брудным;
  • апаражненне кішэчніка адбываецца рэгулярна, стул мяккі і сфармаваны;
  • яно навучылася спускаць і надзяваць трусікі;
  • яно можа выконваць простыя просьбы, напрыклад «аддай мяч тату»;
  • яно разумее, што ў рэчаў ёсць сваё месца ў доме.

Не ўсе гэтыя прыкметы могуць назірацца ў дзіцяці, хаця яно будзе гатова. Вы зразумееце, што можна пачынаць прывучаць дзіця да прыбіральні, калі ацэніце агульную карціну яго паводзін.

Пачаць прывучаць дзіця да прыбіральні дапаможа інструкцыя ў малюнках. Яе можна раздрукаваць і павесіць недзе ў зручным месцы.

Падрыхтоўка да прывучэння да прыбіральні

У першую чаргу вызначыцеся, да чаго вы хочаце прывучаць дзіця — да гаршчка ці да ўнітаза.

У гаршчка ёсць некаторыя перавагі — ён мабільны і індывідуальны, акрамя таго, некаторым дзецям ён здаецца не такім страшным, як унітаз. Высветліце, што падабаецца дзіцяці, і дзейнічайце ў адпаведнасці з гэтым. Некаторыя бацькі заахвочваюць сваё дзіця да таго, каб яно карысталася і прыбіральняй, і гаршчком.

Пераканайцеся, што ў вас ёсць усё неабходнае. Напрыклад, калі ваша дзіця карыстаецца ўнітазам, вам спатрэбіцца падстаўка для ног, на якую яно магло б станавіцца, і абавязкова сядзенне для ўнітаза меншага памеру, якое будзе надзейна ўсталёўвацца на стандартнае, бо дзіця спачатку можа баяцца праваліцца ў яго.

Планаваць прывучэнне дзіцяці да прыбіральні лепш за ўсё тады, калі ў вашым сямейным жыцці не прадбачыцца вялікіх перамен: паездка ў адпачынак, пачатак наведвання дзіцячага сада, нараджэнне яшчэ аднаго дзіцяці або пераезд. Пачаць прывучэнне да прыбіральні лепш за ўсё задоўга да такіх змен або пасля іх.

Прывучэнне да прыбіральні праходзіць больш паспяхова, калі вы з вашым дзіцем прытрымліваецеся наладжанага распарадку дня. Тады новае дзеянне, звязанае з выкарыстаннем унітаза ці гаршчка, будзе ўключана ў ваш прывычны рэжым дня.

Вось некалькі парад, як падрыхтавацца:

  • Навучыце дзіця некалькім словам, якія датычацца паходу ў прыбіральню, напрыклад: «сікаць», «какаць», «хачу ў прыбіральню».
  • Выкарыстаны падгузнік кладзіце ў гаршчок — гэта просты спосаб растлумачыць дзіцяці, для чаго апошні патрэбен.
  • Няхай ваша дзіця спрабуе сядзець на гаршчку або маленькім сядзенні для ўнітаза, каб пазнаёміцца ​​з новымі для сябе адчуваннямі.
  • Дазвольце дзіцяці паназіраць за тым, як нехта з дарослых (напрыклад, вы ці нехта з членаў сям’і, каму вы давяраеце) карыстаецца прыбіральняй, і пагаварыце з дзіцем пра гэтыя дзеянні.
  • Адзін ці два разы на дзень, калі вы дома, надзявайце дзіцяці звычайныя трусікі. Так яно хутчэй зразумее, што такое «мокра».
  • Кантралюйце, каб у рацыёне ў вашага дзіцяці было многа клятчаткі і каб яно піло шмат вадкасці, паколькі гэта ўсё неабходна для прафілактыкі запору, які можа ўскладніць прывучэнне да прыбіральні.

Прывучэнне да прыбіральні — справа няхуткая, могуць спатрэбіцца дні, тыдні ці месяцы. Галоўнае — не злавацца, не ціснуць на дзіця і даць яму магчымасць вучыцца ў сваім тэмпе. Ваша дзіця з часам абавязкова навучыцца хадзіць у прыбіральню. І калі вам здаецца, што яно не зацікаўлена ў прывучэнні да яе прама зараз, проста пачакайце і паспрабуйце зноў праз некаторы час.

Пачатак прывучэння да прыбіральні

Прывучаць да прыбіральні лепш пачынаць у такі дзень, калі вы не плануеце выходзіць з дому. Парады, прыведзеныя ніжэй, дапамогуць з прывучэннем да прыбіральні, калі наступіць гэты важны дзень.

Час

  • Усаджвайце дзіця на гаршчок/унітаз у той час, калі ў яго звычайна адбываецца дэфекацыя, напрыклад праз 30 хвілін пасля ежы або пасля купання. Гэта працуе не з усімі дзецьмі — па-сапраўднаму прывучэнне да прыбіральні пачынаецца тады, калі дзіця ўсведамляе, што адбываецца мочаспусканне ці дэфекацыя, і яму цікава навучыцца кантраляваць гэтыя працэсы.
  • Звяртайце ўвагу на прыкметы таго, што дзіцяці трэба ў прыбіральню. Да такіх сігналаў адносяцца: змена позы, адыходжанне газаў кішэчніка (метэарызм), а таксама сітуацыя, калі дзіця заціхае ці адно сыходзіць у іншы пакой.
  • Калі дзіця не пачне мачыцца або спаражняцца на працягу 5 хвілін пасля таго, як яго пасадзілі на гаршчок/унітаз, дзіця варта з яго здымаць. Не прымушайце яго сядзець на гаршчку/унітазе доўгі час, бо гэта можа здацца дзіцяці пакараннем.

Заахвочванне і напамінанне

  • Хваліце дзіця за ўсе яго спробы (нават калі здаецца, што ўсё ідзе павольна), асабліва калі ў яго атрымаецца. Скажыце: «Малайчына, што пасядзеў на гаршчку». Дзякуючы гэтаму яно пачне ўсведамляць, што ў яго ўсё атрымліваецца. Па меры таго, як дзіця будзе засвойваць кожную наступную частку працэсу, паступова менш яго хваліце.
  • На працягу дня (але не занадта часта) пытайцеся ў дзіцяці, ці не трэба яму ў прыбіральню. Досыць недакучліва нагадваць пасля ежы, праз 15–20 хвілін пасля таго, як яно пап’е, пасля дзённага сну, перад вячэрнім сном — лепш, калі дзіця не будзе адчуваць ціску.
  • Калі дзіця не схадзіла ў прыбіральню ў патрэбны момант, не хвалюйцеся і не паказвайце яму сваю незадаволенасць.

Трусікі і адзенне

  • Перастаньце выкарыстоўваць падгузнікі (за выключэннем начнога і дзённага сну). Пачніце ўвесь час надзяваць дзіцяці звычайныя трусікі або спецыяльныя трусікі для прывучэння да гаршчка. Дазвольце яму самому выбраць сабе трусікі — для дзіцяці гэта можа быць цікавым заняткам.
  • Апранайце дзіцяці такое адзенне, якое лёгка здымаць, напрыклад, штонікі на гумцы, а не камбінезоны. Па магчымасці пакідайце яго ў трусіках, калі вы дома.

Гігіена

  • Выціраць ці мыць дзіцяці вобласць ягадзіц пасля дэфекацыі варта датуль, пакуль яно не навучыцца рабіць гэта самастойна. Памятайце, што выціраць неабходна чыстай туалетнай паперай спераду назад, асабліва дзяўчынкам.
  • Хлопчыка трэба навучыць стрэсваць палавы член і выціраць яго паперай пасля таго, як дзіця памочыцца, каб пазбавіцца ад кропель. У пачатку працэсу прывучэння хлопчыка да прыбіральні карысна класці ў гаршчок шарык для настольнага тэніса, каб дзіця цэлілася ў яго. Таксама можна навучыць яго мачыцца седзячы — гэта больш гігіенічна і намнога больш карысна для здароўя.
  • Навучыце дзіця мыць рукі з мылам адразу пасля прыбіральні. Гэта можна ператварыць у вясёлы занятак, які спадабаецца дзіцяці і стане часткай яго паўсядзённага жыцця.

Большасць дзяцей пачынаюць прачынацца з сухімі падгузнікамі прыблізна да 3–4 гадоў. Кожнаму пятаму дзіцяці ва ўзросце 5 гадоў і кожнаму дзясятаму дзіцяці ва ўзросце 10 гадоў усё яшчэ даводзіцца карыстацца падгузнікамі на ноч. Начное нетрыманне мачы распаўсюджана сярод дзяцей школьнага ўзросту, не трэба турбавацца на гэты конт. Калі ў дзіцяці начное нетрыманне мачы, можна звярнуцца да некаторых мер, калі вы і ваша дзіця будзеце гатовыя да гэтага.

Што рабіць, калі неабходна выходзіць з дому ў перыяд прывучэння да прыбіральні

Калі вы пачняце прывучаць дзіця да прыбіральні, прасцей заставацца дома на працягу некалькіх дзён, але ў нейкі момант вам усё ж можа спатрэбіцца выйсці.

Куды б вы ні пайшлі, загадзя даведайцеся, дзе знаходзіцца бліжэйшая камфортная прыбіральня. Калі вы накіраваліся ў мясцовы гандлёвы цэнтр, спытайце дзіця, ці хоча яно ў прыбіральню, адразу як даберацеся туды. Гэта дапаможа яму асвоіцца ў новым для сябе месцы.

Калі вы выходзіце з дому, абавязкова вазьміце з сабой запасныя трусікі і зменнае адзенне на выпадак, калі нешта пойдзе не па плане. Вазьміце таксама пакеты для мокрага ці бруднага адзення.

Калі ваша дзіця наведвае дзіцячы сад або ідзе дадому да сяброў ці сваякоў, паведаміце ўсім, што яно вучыцца хадзіць у прыбіральню. Дарослыя будуць дапамагаць дзіцяці карыстацца прыбіральняй або гаршчком гэтак жа, як вы робіце гэта дома.

Непрыемныя сітуацыі і здарэнні падчас прывучэння да прыбіральні

Каб навучыцца мачыцца і спаражняцца ў прыбіральні, патрэбны час. Непрыемныя сітуацыі і нечаканасці — частка працэсу навучання.

Калі дзіця хвалюецца з-за непрыемнай для яго сітуацыі, паспрабуйце супакоіць яго і запэўніце, што гэта не мае значэння і яму няма пра што турбавацца.

Некаторыя рэкамендацыі, якія дапамогуць пазбегнуць непрыемных здарэнняў:

  • Калі дзіця кажа, што яму трэба ў прыбіральню прама зараз, варта паспяшацца — хутчэй за ўсё, так і ёсць!
  • Калі вы ведаеце, што дзіця даўно не мачылася ці не спаражнялася, нагадайце яму, што трэба схадзіць у прыбіральню. Дзіця можа быць вельмі захоплена чымсьці і не ўсведамляць, што яму трэба ў прыбіральню, пакуль не будзе занадта позна.
  • Пытайцеся, ці хоча дзіця ў прыбіральню падчас доўгай гульні, перад выхадам на вуліцу ці на прагулцы. Калі яно не хоча, нічога страшнага.
  • Пастарайцеся, каб гаршчок ці ўнітаз заўсёды былі ў даступнасці і імі можна было лёгка скарыстацца.
  • Прывучайце дзіця хадзіць у прыбіральню перад сном.

Захоўвайце спакой, калі вам здаецца, што прывучэнне да прыбіральні займае больш часу, чым вы чакалі. Радуйцеся таму, што ўжо атрымліваецца ў вашага дзіцяці, бо рана ці позна яно асвоіць абсалютна ўсё. Занадта моцны ціск ці стрэс выклічуць толькі негатыўныя эмоцыі і прывядуць, хутчэй, да таго, што дзіця будзе пазбягаць хадзіць у прыбіральню.

Праблемы са здароўем

Падчас прывучэння да прыбіральні неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на наступныя прыкметы:

  • у дзіцяці пачынае значна часцей ці радзей адбывацца дэфекацыя ці мочаспусканне;
  • дэфекацыя выклікае ў дзіцяці цяжкасці;
  • адзначаецца няўстойлівы ці вельмі вадкі стул;
  • сляды крыві ў стуле або мачы (часам мача выглядае мутнай);
  • дзіця скардзіцца на боль, калі ходзіць у прыбіральню.

Калі вы хвалюецеся наконт таго, як праходзіць прывучэнне дзіцяці да прыбіральні, пракансультуйцеся з педыятрам.