Сон дзяцей дашкольнага ўзросту: чаго чакаць

Дзіцяці дашкольнага ўзросту неабходна 10–13 гадзін сну ў суткі. Большасць дзяцей гэтага ўзросту маюць патрэбу ў дзённым сне. У дашкольнікаў могуць узнікаць праблемы са сном, напрыклад, яны могуць уставаць з пасцелі, ім могуць сніцца кашмары ці ў іх з’явяцца начныя страхі. Устанаўленне парадку падрыхтоўкі да сну — гэта найлепшы спосаб справіцца з многімі праблемамі парушэння сну ў дзяцей дашкольнага ўзросту.
Body

Сон дзяцей дашкольнага ўзросту: што трэба ведаць

Дзецям ва ўзросце 3–5 гадоў неабходна каля 10–13 гадзін сну ў суткі. Як правіла, дзіцяці гэтага ўзросту па-ранейшаму неабходны дзённы адпачынак, які можа працягвацца каля гадзіны.

Сон важны для здароўя, росту і развіцця дзіцяці дашкольнага ўзросту. Калі дзіця высыпаецца, яно больш спакойнае і вясёлае на працягу ўсяго дня. Калі дзіця дастаткова спіць, у яго ўмацоўваецца імунная сістэма і зніжаецца рызыка развіцця інфекцый і захворванняў.

Начныя страхі і кашмары

Начныя страхі і кашмары з’яўляюцца даволі распаўсюджанай з’явай сярод дзяцей дашкольнага ўзросту. Начныя страхі і кашмары могуць узнікаць у розны час уначы, таму і дзейнічаць неабходна па-рознаму.

Начныя страхі

Начныя страхі здараюцца ў першыя некалькі гадзін сну — у перыяд глыбокага сну. Калі ў дзіцяці начныя страхі, значыць, яно насамрэч спіць, хоць можа выглядаць так, нібы яно прачнулася, напрыклад, у яго будуць расплюшчаны вочы ці яно можа рухацца. Аднак дзіця не будзе рэагаваць на знешнія раздражняльнікі так, як яно робіць гэта звычайна.

Начныя страхі могуць палохаць, але яны не прычыняюць шкоды дзіцяці.

Не будзіце дзіця падчас начных страхаў, бо гэта можа падоўжыць іх. Замест гэтага варта пачакаць, пакуль дзіця перастане плакаць ці трывожыцца. Пакладзіце яго назад у ложак, калі яно з яго выбралася. Звычайна дзеці хутка засынаюць пасля начных страхаў і не памятаюць пра іх раніцай.

Кашмары

Кашмары здараюцца, як правіла, у другой палове ночы, калі дзецям сніцца больш за ўсё сноў. Кашмары звязаны з развіццём уяўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Калі дзіцяці сніцца кашмар, яно можа прачнуцца засмучаным. Як правіла, дзеці запамінаюць кашмар і могуць расказаць пра яго.

Калі прысніўся кашмар, дзіця трэба абняць, суцешыць і супакоіць. Напрыклад, скажыце: «Дрэнныя сны вельмі страшныя, праўда? Я з табой, я заўсёды побач». Дзіцяці можа спатрэбіцца некаторы час, каб супакоіцца і зноў заснуць.

Падрыхтоўка да сну

Часам дзеці дашкольнага ўзросту могуць засынаць больш павольна, бо яны думаюць пра дзень, які прайшоў, нават пасля таго, як ляглі спаць. Для вырашэння гэтай праблемы паспрабуйце ўстанавіць рытуал падрыхтоўкі да сну, пры гэтым важна прытрымлівацца яго як у буднія, так і ў выхадныя дні.

Большасць дзяцей дашкольнага ўзросту гатовы класціся спаць каля 20:30, асабліва калі ў іх быў насычаны дзень у дзіцячым садзе. Некаторыя дзеці могуць патрабаваць усё больш і больш казак на ноч — такім чынам яны спрабуюць адкладаць момант, калі неабходна засынаць. Вы можаце ўвесці правіла дзвюх ці трох невялікіх казак перад сном, пры гэтым паабяцайце свайму дашкольніку чытаць больш на працягу дня.

Ваша дзіця можа ўзяць у ложак мяккую цацку, дзякуючы якой яно будзе адчуваць сябе спакойна.

Калі дзіця ўстае пасля таго, як яго паклалі спаць

У вашага дзіцяці дашкольнага ўзросту можа наступіць такая стадыя, калі яно будзе зваць да сябе дарослага або ўставаць пасля таго, як яму пажадалі добрых сноў.

Вось некаторыя рэкамендацыі, як дзейнічаць, калі ваша дзіця пачало так рабіць:

  • Пазбягайце шумных гульняў, а таксама прагляду тэлевізара і выкарыстання камп’ютараў, тэлефонаў ці планшэтаў перад сном. З-за такога баўлення часу дзіцяці складаней супакоіцца.
  • Завядзіце пэўны рытуал падрыхтоўкі да сну, які дазволіць дзіцяці настроіцца на сон.
  • Пераканайцеся, што ў пакоі ў дзіцяці ціха, у ім не занадта горача і не занадта холадна, святло прыглушанае.
  • Перад тым, як выйсці з пакоя, праверце, каб у дзіцяці было ўсё, што яму трэба для сну, — яго любімая мяккая цацка або коўдра. Нагадайце яму, каб яно ціха ляжала ў ложку.
  • Каб устанавіць такі парадак, пры якім вы не будзеце падыходзіць да дзіцяці кожны раз, калі яно кліча вас, будзьце паслядоўныя. Рэагуйце толькі ў тым выпадку, калі яму сапраўды нешта трэба.
  • Калі дзіця ўстае з пасцелі, спакойна прасіце яго вярнуцца ў ложак, нагадваючы, што вы проста ў іншым пакоі. Паўтарайце гэта настойліва і спакойна зноў і зноў да таго часу, пакуль дзіця не перастане ўставаць.

Часам дзіцяці сапраўды можа нешта спатрэбіцца. Калі дзіця баіцца пачвары пад ложкам, хутка агледзьце ўсё вакол і запэўніце яго, што ў пакоі нікога няма. Пасля гэтага дзіця можа супакоіцца. Калі яно баіцца цемры, можна выкарыстоўваць начнік.

Калі ў дзіцяці праблемы са сном, лепш за ўсё вырашаць іх, звяртаючыся да пэўных стратэгій паводзін, напрыклад, можна ўстанавіць пэўны парадак падрыхтоўкі да сну. Снатворныя сродкі не з’яўляюцца рашэннем праблем са сном у дзяцей!