Сон дзіцяці. Папулярныя пытанні

Прытрымліванне ўстаноўленага распарадку дня і дастатковыя фізічныя нагрузкі на працягу дня могуць дапамагчы вашаму дзіцяці заснуць. Такія расстройствы сну, як храп, начныя кашмары і скрыгатанне зубамі, звычайна бясшкодныя, але калі вас гэта турбуе, звярніцеся да ўрача. Змена стратэгій вашых паводзін можа дапамагчы ў вырашэнні некаторых праблем са сном у вашага дзіцяці.
Body

Даволі часта ў дзяцей узнікаюць розныя праблемы са сном, і ў многіх выпадках бацькі могуць справіцца з імі самастойна. Вывучыце прапанаваныя ніжэй рэкамендацыі, яны дапамогуць вам хутчэй пераадолець складанасці, звязаныя з парушэннямі сну ў дзіцяці. Вы можаце звярнуцца да ўрача, калі турбуецеся, што праблемы са сном уплываюць на камфорт вашага дзіцяці, яго вучобу ці адносіны. Вам таксама варта наведаць педыятра ці дзіцячага неўролага, калі вы занепакоеныя тым, што ў вашага дзіцяці ёсць захворванне, якое можа ўплываць на яго сон.

Мая трохгадовая дачка ўздрыгвае, калі засынае. Гэта нармальна?

Так. Нязначныя паторгванні ўсім целам або канечнасцямі ў большасці выпадкаў з’яўляюцца  «пачаткам сну», дрымотай. Каля 70 % дзяцей і дарослых у стане дрымоты могуць міжвольна падрыгваць канечнасцямі.

Стомленасць, стрэс ці недахоп сну могуць пагоршыць гэты стан, таму варта паназіраць за звычкамі адыходу да сну вашага дзіцяці. Калі паторгванні паўтараюцца і вы заўважаеце не толькі адзін ці два хуткія рухі, а шматразовае іх паўтарэнне на працягу ночы, вам трэба пракансультавацца з урачом.

Маё дзіця храпе і задыхаецца па начах. Гэта нагода для хвалявання?

Храп у дзіцяці можа быць выкліканы прастудай ці заложанасцю носа. Звычайна ён праходзіць, калі дзіця выздараўлівае.

Калі храп не праходзіць і здараецца, нават калі ваша дзіця здаровае, гэта можа быць прыкметай абструктыўнага апноэ ў сне, якое патрабуе лячэння. Абструктыўнае апноэ падчас сну прыводзіць да таго, што ваша дзіця на некаторы час перастае дыхаць. Звярніцеся да ўрача, калі яно ўвесь час храпе, цяжка дыхае, перастае дыхаць падчас сну, дыхае праз рот, неспакойна варочаецца ці моцна пацее ўначы. З-за гэтых цяжкасцей з дыханнем дзіця можа прачынацца раніцай стомленым і капрызным.

Ці дастаткова спіць маё дзіця? Колькі трэба спаць дзецям рознага ўзросту?

У кожнага дзіцяці свая норма сну, таму бывае складана зразумець, ці дастаткова спіць ваша дзіця. Пачынаючы з першага месяца жыцця, у нованароджанага паступова наладжваецца рэжым сну і няспання. Чым старэйшым становіцца дзіця, тым менш яму патрабуецца спаць.

У перыяд з 1-га па 3-і месяц жыцця адзначаецца высокая працягласць сну ў немаўлят: ад 16 да 20 гадзін за суткі. У гэты час рэжым сну пачынае толькі фарміравацца і нованароджаны часта прачынаецца на кармленне.

У перыяд з 3-га па 6-ы месяц звычайна памяншаецца колькасць начных кармленняў. Ва ўзросце 6 месяцаў дзіця можа зусім адмовіцца ад кармленняў уначы. У яго фарміруецца рэжым няспання і адпачынку. Гадзіны сну скарачаюцца, працягласць дзённага сну складае 3–5 гадзін, начнога — 10–11. У гэты перыяд вы можаце фарміраваць рытуалы адыходу да сну: паветраныя ванны, купанне, матуліны калыханкі.

У канцы першага года жыцця працягласць начнога сну складае каля 11–12 гадзін, у гэты перыяд дзіця можа адпачываць два разы днём, а час дзённага сну складае, як правіла, 2–3 гадзіны.

У перыяд з двух да трох гадоў дзіцяці неабходна адпачываць 10–11 гадзін ноччу. Днём дзіця спіць адзін раз 1–2 гадзіны.

Ва ўзросце з чатырох да шасці гадоў начны сон дзіцяці можа складаць 10–11 гадзін, а дзённы — каля гадзіны.

Трэба памятаць, што патрэбы дзяцей у сне вельмі індывідуальныя.

Ці патрэбен дзённы сон дзіцяці?

Вынікі розных даследаванняў, а таксама назіранні педыятраў і бацькоў сведчаць пра тое, што дзённы сон дабратворна ўплывае на псіхічнае развіццё дзіцяці.

Ён дапамагае яму развівацца, так як атрыманыя падчас няспання ўражанні структуруюцца ў яго памяці ў сне. Акрамя таго, сон дапамагае мозгу дзіцяці пазбавіцца ад лішняй інфармацыі і тым самым ачысціць прастору для новых ведаў. Дзённы сон значна павялічвае ў дзіцяці здольнасць успрымаць і засвойваць новую інфармацыю.

У малых дзяцей нясталая нервовая сістэма —  гэта вядомы факт. Ёй абавязкова патрэбны час для «перадышкі», інакш ёсць верагоднасць перагрузкі, што можа прывесці да істэрык, скандалаў і іншых парушэнняў паводзін. Дзённы сон дае нервовай сістэме магчымасць аднавіцца.

Парадаксальным чынам дзённы сон уплывае на якасць начнога сну. Пры адсутнасці адпачынку днём вечарам дзіця аказваецца вельмі ўзбуджаным. Гэта часта можа перашкаджаць засынанню, прыводзіць да рэгулярных істэрык перад сном, якія дапамагаюць дзіцяці зняць назапашанае за дзень нервовае напружанне. Дзіця, якое выспалася днём, як правіла, нашмат лягчэй засынае ўвечары, яго сон больш глыбокі і спакойны.

Адказ на пытанне просты: нават кароткі дзённы сон — гэта лепш, чым яго адсутнасць. Бо нервовая сістэма дзіцяці яшчэ вельмі далікатная і не можа вытрымаць яго актыўнасці на працягу цэлага дня. Яму неабходны час на адпачынак і аднаўленне, толькі ў гэтым выпадку дзіця будзе бадзёрым, вясёлым і гатовым да новых адкрыццяў!

Што значыць, калі маё дзіця прачынаецца капрызным?

Найбольш верагодная прычына таго, што ваша дзіця прачынаецца капрызным, заключаецца ў тым, што яно не выспалася. Але калі яно спіць столькі, колькі трэба ў яго ўзросце, раздражненне можа азначаць, што дзіця спіць  дрэнна. Калі яно храпе або спіць вельмі неспакойна, звярніцеся да ўрача для дыягностыкі парушэнняў, звязаных са сном.

Як мне пакласці дзіця спаць да поўначы?

Вось некалькі ідэй, якія дапамогуць вашаму дзіцяці заснуць раней:

  • Падтрымлівайце дзіця, калі яно кладзецца спаць і ўстае кожны дзень прыкладна ў адзін і той жа час. Гэта дапаможа прывесці яго біялагічны гадзіннік да пэўнага рытму. Напрыклад, па выхадных адна гадзіна будзе аптымальнай працягласцю дзённага сну. Лепш пазбягаць больш доўгіх перыядаў сну, бо гэта можа прывесці да таго, што дзіця будзе складана пакласці спаць увечары.
  • Адмоўцеся ад прыёму ежы позна ўвечары і заахвочвайце дзіця да таго, каб яно, прачнуўшыся раніцай, снедала.
  • Дайце дзіцяці дастаткова часу (каля 30 хвілін), каб расслабіцца, перш чым выключыць святло і адправіцца спаць. Заахвочвайце яго да спакойных заняткаў, такіх як чытанне кніг ці часопісаў, маляванне, пісьмо, гульня ў картачныя гульні або рашэнне галаваломак.
  • Адключыце электронныя крыніцы стымулявання (тэлефоны, планшэты, экраны камп’ютараў і тэлевізараў) у спальні дзіцяці не пазней, чым за гадзіну да сну.

У перыяд палавога выспявання выпрацоўка мелатаніну ў дзяцей адбываецца ў больш позні час сутак. Такая перабудова можа паўплываць на іх цыркадны рытм. Гэта азначае, што вашаму дзіцяці захочацца класціся спаць значна пазней вечарам і адпаведна раніцай уставаць пазней.

Ваша дзіця-падлетак будзе лепш спаць і будзе актыўным на працягу дня, калі ў яго будзе ўстаноўлены канкрэтны час адыходу да сну ў перыяд школьнага навучання.

Што я магу рабіць на працягу дня, каб палепшыць сон майго дзіцяці?

Гэтыя парады па наладжванні рэжыму дня могуць дапамагчы палепшыць сон вашага дзіцяці ўначы:

  • Карміце дзіця карысным сняданкам, каб запусціць яго біялагічны гадзіннік.
  • Заахвочвайце дзіця і стварайце ўмовы для таго, каб яно магло атрымліваць як мага больш натуральнага святла на працягу дня, асабліва раніцай. Дзённае святло зніжае выпрацоўку мелатаніну і дапамагае вашаму дзіцяці прачнуцца і быць бадзёрым на працягу дня. Адсутнасць святла, наадварот, запускае механізм выпрацоўкі мелатаніну і стымулюе сон.
  • Заахвочвайце ваша дзіця да фізічнай актыўнасці і заняткаў спортам — яны прыкметна паляпшаюць якасць сну.
  • Паспрабуйце выключыць з рацыёну дзіцяці або мінімізаваць спажыванне прадуктаў, якія змяшчаюць кафеін (энергетычныя напіткі, кава, чай, шакалад і кола), асабліва ў другой палове дня і ўвечары.
  • Пераканайцеся, што ваша дзіця сытна павячэрала ў адпаведны час. Пачуццё голаду або перанасычэння можа ўскладніць працэс засынання і пагоршыць якасць сну дзіцяці.

Як мне зрабіць так, каб мае дзеці не былі залішне актыўнымі перад сном, калі мой партнёр вяртаецца дадому з працы і гуляе з імі?

Гэта натуральна, калі ваш партнёр хоча крыху павесяліцца з дзецьмі пасля працы. Праблема ўзнікае ў тым выпадку, калі актыўныя, шумныя гульні перашкаджаюць вашым дзецям укладвацца спаць.

Пагаварыце са сваім партнёрам пра ўстанаўленне распарадку, які будзе дапамагаць вашай сям’і. Гэта можа быць спакойнае баўленне часу пры цьмяным святле на працягу гадзіны перад сном. Магчыма, ваш партнёр можа прыйсці дадому раней і ўдзяліць увагу дзецям. Калі гэта немагчыма, ён можа спакойна чытаць з імі да таго, як выключыць святло.

Як я магу змяніць час адыходу да сну майго дзіцяці на больш ранні?

Каб дапамагчы дзіцяці заснуць раней, пачніце са змены часу адыходу да сну — паступова мяняйце яго, прыблізна кожныя два дні прапаноўваючы дзіцяці легчы спаць на 15 хвілін раней, чым звычайна.

Большасць дзяцей засынаюць на працягу 20 хвілін пасля таго, як ляглі ў пасцель. Калі ваша дзіця ляжыць у ложку без сну больш за 20–30 хвілін пасля выключэння святла, магчыма, вам давядзецца на некалькі тыдняў вярнуцца да папярэдняга часу адыходу да сну, а затым зноў спрабаваць засынаць раней.

Старайцеся будзіць дзіця прыкладна ў адзін і той жа час кожную раніцу, у тым ліку па выхадных. Абуджэнне ў адзін і той ж час можа прыкметна палепшыць яго і ваш сон.

Як я магу прымусіць маё шасцігадовае дзіця спаць у яго ўласным ложку?

Вось некалькі ідэй, якія дапамогуць вашаму дзіцяці заснуць у яго ўласным ложку:

  • Устанавіце рэгулярны рытуал падрыхтоўкі да сну — напрыклад, прыняцце ванны, чытанне казак у ложку.
  • Пераканайцеся, што спальня вашага дзіцяці цьмяна асветлена і ў ёй дастаткова ціха.
  • Пакой павінен настройваць дзіця на спакой, лёгка праветрывацца, мець доступ свежага паветра.
  • Выкарыстоўвайце метад кемпінга — гэта паступовая далікатная тэхніка прывучэння дзіцяці да самастойнага сну. Кожны вечар вы сядзіце ў яго пакоі на крэсле, пакуль дзіця не засне. На працягу некалькіх тыдняў вы патроху перасоўваеце сваё крэсла крыху далей ад дзіцяці, паступова набліжаючыся да выхаду. Абавязкова заставайцеся ў пакоі з дзіцем, пакуль яно не засне. За 1–3 тыдні ў вас атрымаецца выставіць крэсла з пакоя, і дзіця зможа спаць самастойна.
  • Хваліце дзіця, калі заўважаеце, што яно спрабуе змяніць рэжым сну. Вы таксама можаце весці табліцу яго «дасягненняў» і хваліць дзіця за яго поспехі, тым самым матывуючы яго да змены паводзін.

Калі вы плануеце змяніць рытуал адыходу да сну, то растлумачце дзіцяці прычыны гэтага і разам з ім прадумайце новыя варыянты. Сумесна складзіце і зафіксуйце план змен. Будзьце паслядоўныя, прытрымлівайцеся плану.

Як мне забараніць дзіцяці ўставаць з пасцелі па начах?

Паслядоўнае выкананне рэжымных момантаў на працягу дня можа мінімізаваць праблемныя паводзіны перад сном. Як толькі ваша дзіця ляжа ў ложак, дайце яму зразумець: вы чакаеце, што яно будзе паводзіць сябе ціха, пакуль не прыйдзе сон. Занадта ранні адыход да сну можа пагоршыць гэтую праблему, таму падумайце, колькі часу патрабуецца вашаму дзіцяці, каб заснуць пасля выключэння святла, і падбярыце правільны час.

Што рабіць, калі маё дзіця б’ецца галавой і разгойдваецца ў сне?

Удары галавой, гайданне целам з боку ў бок, пастаянная змена поз падчас засынання і сну амаль заўсёды бясшкодныя, і ваша дзіця, верагодна, перарасце іх.

Паспрабуйце не звяртаць увагі на такія паводзіны, паменшыце ўзровень шуму і стварыце бяспечную прастору для сну вашага дзіцяці. Напрыклад, вы можаце адсунуць ложак ад сцяны і пакласці мяккі валік ля краю ложка, таксама можна перамясціць матрац і рэчы для сну на падлогу для бяспекі вашага дзіцяці.

 Калі вы вельмі турбуецеся, звярніцеся да ўрача.

Маё трохгадовае дзіця патрабуе малако ў бутэлечцы на ноч. Як я магу змяніць гэтую мадэль паводзін?

Верагодна, гэта адбываецца таму, што ў вашага дзіцяці сфарміравалася звычка засынаць з бутэлечкай. Калі яно прачынаецца і не можа заснуць ноччу, то таксама просіць бутэлечку.

Вось некалькі парад, як адмовіцца ад начнога кармлення і дапамагчы дзіцяці навучыцца спаць самастойна:

  • Выберыце аптымальны момант. Перыяд перамен, хваробы дзіцяці або стрэсу будзе не лепшым часам, каб адмаўляцца ад кармлення перад засынаннем.
  • Пагаварыце з дзіцем пра магчымасць адмовы ад бутэлечкі.
  • Заахвочвайце дзіця да выкарыстання ў якасці «суцяшальнікаў» мяккіх пледаў і плюшавых цацак, якія замяняюць бутэлечку.

Калі ваша дзіця ўсё ж такі адмовіцца ад бутэлечкі, адсвяткуйце гэта ці ўзнагародзьце яго чымсьці каштоўным.

Не спыняйцеся. Незалежна ад таго, наколькі добра вы падрыхтавалі сваё дзіця да гэтай змены, чакайце некаторага дыскамфорту і нязначнага пратэсту.

Як мне спыніць лунатызм у майго пяцігадовага дзіцяці?

Вы можаце пачаць з вызначэння таго, ці высыпаецца ваша дзіця. Больш ранняе ўкладванне або рэгулярны адыход да сну ва ўстаноўлены час могуць паменшыць верагоднасць лунатызму.

Калі ваша дзіця ходзіць у сне, паклапаціцеся пра яго бяспеку — прыбярыце ўсе перашкоды ў спальні і калідорах, выключыўшы верагоднасць спатыкання, і пераканайцеся, што вакол няма вострых прадметаў.

Каля 7–15 % дзяцей ходзяць у сне. У большасці выпадкаў турбавацца няма пра што. У падлеткавым узросце гэта пройдзе, але калі вы хвалюецеся, звярніцеся да ўрача.

Маё дзіця часам прачынаецца засмучаным, у слязах і няўцешным. Што мне трэба рабіць?

Калі ваша дзіця прачынаецца засмучаным, не рэагуе на суцяшэнне ці супакойванне, але ў астатнім адчувае сябе добра, магчыма, яму сняцца кашмары. Калі вам здаецца, што дзіцяці сніцца дрэнны сон, захоўвайце спакой, не будзіце, не дакранайцеся. Выключэнне — калі дзіця рызыкуе прычыніць сабе шкоду. Начныя кашмары могуць быць непрыемнымі, але яны не прынясуць шкоды вашаму дзіцяці і яно не ўспомніць пра іх раніцай.

Начныя кашмары могуць турбаваць, калі ваша дзіця не высыпаецца ці пераўзбуджаецца, таму варта праверыць яго рэжым сну. Яны могуць пачашчацца, калі ваша дзіця дрэнна сябе адчувае ці ў яго высокая тэмпература, а таксама калі ў яго адзначаецца павышаная трывожнасць і неспакой.

Калі вы хвалюецеся за здароўе і камфорт свайго дзіцяці або начныя кашмары здаюцца працяглымі ці жорсткімі, звярніцеся па прафесійную параду.

Што мне рабіць, калі майму дзіцяці сніцца кашмар?

Калі ваша дзіця прачынаецца пасля кашмару, растлумачце, што гэта быў дрэнны сон. Паведаміце яму, што ўсё ў парадку і яно ў бяспецы. Цялесны кантакт, пацалункі і абдымкі могуць дапамагчы вашаму дзіцяці супакоіцца. Прааналізуйце падзеі, якія адбываліся на працягу дня, — напрыклад, прагляд страшнага тэлешоу мог выклікаць кашмары.

Калі вашаму дзіцяці часта сняцца кашмары і яно вельмі ўсхвалявана на працягу дня, то, магчыма, вам варта звярнуцца па параду да спецыяліста. Таксама звярніцеся па дапамогу, калі ваша дзіця перажыло траўміруючую падзею і яму сняцца кашмары з гэтай нагоды.

У майго дзіцяці расстройства аўтыстычнага спектра і дрэнны сон. Як я магу гэта змяніць?

Праблемы са сном часта сустракаюцца ў дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра (РАС). Такім дзецям можна дапамагчы.  Паляпшэнне сну патэнцыйна можа аказаць уплыў на іх функцыянаванне на працягу дня, а таксама на сон іншых членаў сям’і. Вы можаце кантраляваць і пераадольваць многія праблемы са сном у вашага дзіцяці з РАС, выкарыстоўваючы агульныя стратэгіі паводзін. Вы таксама можаце заахвочваць ваша дзіця з РАС да правільных звычак пры нармалізацыі яго сну. Паспрабуйце прытрымлівацца вызначанага распарадку дня з устаноўленым часам адыходу да сну, мінімізуйце фактары, якія раздражняюць і адцягваюць увагу дзіцяці (прыглушыце святло, паспрабуйце забяспечыць цішыню, адключыце электронныя ўстройствы). Памятайце, што структураванне часу, прасторы, дзейнасці дзяцей з РАС прыкметна пашырае іх магчымасці. Калі вы турбуецеся, пагаварыце са сваім урачом.

У майго дзіцяці затрымка ў развіцці. Як я магу дапамагчы яму лепш спаць?

Вы можаце рэгуляваць і пераадольваць многія праблемы са сном вашага дзіцяці, выкарыстоўваючы стандартныя стратэгіі. Рэгулярны і прадказальны рытуал адыходу да сну дапаможа вашаму дзіцяці зразумець, калі трэба адпачываць. Часам дзіцяці будзе складана заснуць, і яно будзе патрабаваць паўтарэння пэўнага дзеяння — пагушкаць, праспяваць калыханку. У такіх выпадках вам трэба расказаць дзіцяці пра вашы чаканні і акрэсліць пэўныя ўмовы. Напрыклад, вы можаце прапанаваць праспяваць яму дзве калыханкі ў тым выпадку, калі яно будзе заставацца ў ложку.

Калі вы турбуецеся ці не можаце самастойна справіцца з дадзенай праблемай, звярніцеся да спецыяліста.