Сон разам з дзіцем
Асяроддзе для сну: што найбольш бяспечна для немаўлят
Вашаму дзіцяці бяспечней за ўсё жыць у адным пакоі з вамі і спаць у дзіцячым ложачку побач з вашым ложкам на працягу першага года жыцця ці хаця б на працягу першых шасці месяцаў.
Сумесны сон: пра што варта падумаць
Сумесны сон — гэта такі варыянт сну, пры якім бацькі кладуць спаць малых дзяцей у свой ложак.
Сумесны сон звязаны для немаўлят з павышанай рызыкай, а пры некаторых абставінах са смяротным зыходам, уключаючы сіндром раптоўнай дзіцячай смерці (СРДС).
Бацькі выбіраюць, каб іх дзеці спалі з імі ў ложку, па розных прычынах. Напрыклад, некаторыя з іх мяркуюць, што гэта дапамагае іх малым дзецям адчуваць сябе ў бяспецы. Ім падабаецца цесны цялесны кантакт, яны перакананы, што гэта карысна і прыемна, і вераць, што гэта добра ўплывае на іх адносіны з немаўлятамі.
Акрамя таго, некаторыя бацькі могуць спаць разам са сваімі малымі дзецьмі, таму што лічаць гэта больш практычным, бо спрашчаецца працэс начнога кармлення грудзьмі. Некаторым мамам гэтая мера дапамагае наладзіць грудное выкормліванне.
Фактары, якія павышаюць рызыку пры сумесным сне з дзіцем
Сумесны сон заўсёды павялічвае рызыку няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам, уключаючы сіндром раптоўнай дзіцячай смерці (СРДС).
Гэтая рызыка яшчэ больш узрастае, калі:
- вы вельмі стаміліся, у вас дрэннае самаадчуванне ці вам нездаровіцца;
- вы ці ваш партнёр ужываеце алкаголь, наркотыкі ці любыя іншыя псіхаактыўныя рэчывы;
- вы ці ваш партнёр курыце;
- ваша дзіця нездаровае;
- вашаму дзіцяці менш за тры месяцы;
- дзіця нарадзілася неданошаным або з нізкай масай цела.
Спаць з немаўлём, седзячы ў/на крэсле або на канапе, заўсёды небяспечна. Калі вы не ўпэўнены, што не засняце ў такім становішчы, трымаючы дзіця на руках, перамясціце яго ў бяспечнае месца для сну.
Зніжэнне рызыкі няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам, уключаючы СРДС
Калі ласка, азнаёмцеся з нашымі рэкамендацыямі па зніжэнні рызыкі СРДС і няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам.
Яшчэ раз падкрэслім: мы настойліва рэкамендуем, каб дзіця спала ў адным пакоі з вамі ў дзіцячым ложачку, які размяшчаецца побач з вашым ложкам. Аднак калі па нейкай прычыне ваша дзіця спіць разам з вамі, вывучыце парады, прыведзеныя ніжэй, каб знізіць магчымую рызыку:
- Кладзіце дзіця спаць на спіну (не на жывот ці бок!).
- Пераканайцеся, што матрац роўны, чысты і цвёрды. Не выкарыстоўвайце вадзяны ложак, не падкладайце штосьці мяккае.
- Трымайце падушкі і пасцельную бялізну дарослых далей ад дзіцяці. Пераканайцеся, што ложак не перашкаджае бачыць твар дзіцяці. Разгледзьце магчымасць выкарыстання бяспечнага спальнага мяшка для немаўлят, каб ваша дзіця не спала на пасцелі дарослых.
- Выбірайце лёгкія коўдры.
- Ніколі не заварочвайце і не спавівайце дзіця, калі спіце з ім разам.
- Збярыце доўгія валасы і выдаліце ўсе прадметы, якія могуць стаць прычынай удушэння, уключаючы любыя ўпрыгожванні і прыналежнасці для прарэзвання зубоў.
- Адсуньце ложак ад сцяны, каб дзіця не захрасла паміж імі.
- Пераканайцеся, што для дзіцяці выключана магчымасць падзення з ложка. Самае бяспечнае месца — збоку вялікага ложка, далей ад краю. Магчыма, добрым варыянтам для вас стане сон на матрацы на падлозе, калі ёсць верагоднасць, што дзіця можа скаціцца з высокага борта ложка.
- Кладзіце дзіця побач з адным з бацькоў, ні ў якім разе не пасярэдзіне паміж дваімі дарослымі і не побач з іншымі дзецьмі ці хатнімі жывёламі. Ваша дзіця можа перакаціцца ці перагрэцца.
Праблемы, звязаныя з сумесным сном
Часам бацькі кладуць дзіця ў ложак, таму што яно прачынаецца ці ў яго трывожны сон па начах. У некаторых выпадках гэта дапамагае. Для іншых гэта спрацуе ў кароткатэрміновай перспектыве, але можа прывесці да праблем з укладваннем дзіцяці ў будучыні. Акрамя таго, ложак бацькоў можа быць небяспечным для дзіцяці.
Сумесны сон можа стаць праблемай, калі паміж партнёрамі існуе напружанасць і няма згоды ў пытаннях, якія датычацца сумеснага сну.
Нарэшце, можа ўзнікнуць праблема, калі бацькі захочуць «адасобіць» дзіця раней, чым яно само гэтага пажадае. Многія бацькі, якія спяць са сваімі дзецьмі, паведамляюць, што прыкладна ў 2–3 гады дзеці звычайна хочуць мець уласныя ложкі. Аднак бывае і такое, што дзіця доўгі час не гатова адмовіцца ад сумеснага сну з бацькамі.
Калі вы адчуваеце якія-небудзь з гэтых праблем, сумесны сон можа быць не лепшым варыянтам для вас і вашага дзіцяці. Ёсць і іншыя спосабы пакласці дзіця спаць.