Хто дыягнастуе аўтызм
Ранняе выяўленне сімптомаў агульнага расстройства псіхічнага развіцця мае вялікае значэнне, паколькі дазваляе своечасова правесці скрынінгавую ацэнку і, пры неабходнасці, накіраваць дзіця на дадатковую дыягностыку ў арганізацыю аховы здароўя.
Дыягназ аўтызм выстаўляецца ўрачом-псіхіятрам пасля падрабязнага назірання і абследавання дзіцяці шматпрофільнай камандай, у якую, як правіла, уваходзяць: педыятр, дзіцячы псіхіятр, псіхолаг, спецыяльны педагог, лагапед.
Не існуе тэста на наяўнасць гэтага агульнага парушэння развіцця дзіцяці, які можна было б выканаць метадам візуалізацыі, біяхімічным аналізам ці якім-небудзь іншым. Пастаноўка дыягназу аўтызм заснавана на назіранні за тым, як дзіця гуляе і кантактуе з іншымі людзьмі і дзецьмі, на аснове гутарак з бацькамі пра развіццё і паводзіны дзіцяці, у тым ліку з ужываннем спецыяльных інструментаў ацэнкі аўтызму (CARS, ADI-R, ADOS), якія выкарыстоўваюцца кампетэнтнымі спецыялістамі.
Спецыялісты дэталёва ацэньваюць камунікатыўныя навыкі дзіцяці, развіццё маўлення, кагнітыўных, сацыяльных і гульнявых навыкаў, а таксама рухальнае развіццё.
Бацькі дзяцей з пацверджаным дыягназам атрымліваюць дакладнае апісанне таго, наколькі сур’ёзныя сімптомы і які від дапамогі і падтрымкі спатрэбіцца дзіцяці ў будучыні, ім таксама тлумачыцца неабходнасць уключэння дзіцяці ў праграму ранняга ўмяшання.
Праграма ранняга ўмяшання ў якасці меры стымуляцыі развіцця арыентавана на тыя сферы, дзе праяўляюцца парушэнні. Важна абследаваць дзіця і ўключыць яго ў такія праграмы з таго моманту, як толькі вы заўважыце парушэнні ў яго развіцці, яшчэ да пастаноўкі канчатковага дыягназу. Таксама важна працягваць рэкамендуемыя ўмяшанні ўжо пасля таго, як канчатковы дыягназ будзе пастаўлены. Умяшанні павінны ўключаць індывідуальную работу з дзіцем, кансультаванне бацькоў, навучанне бацькоў стымуляванню развіцця дзіцяці ў хатніх умовах, падтрымку пры адаптацыі дзіцяці ў дашкольнай установе.
Існуюць розныя перашкоды, якія неабходна пераадолець для пастаноўкі дыягназу ў раннім узросце, такія як:
- непрыманне бацькамі таго факта, што ў іх дзіцяці ёсць праблемы;
- позняе выяўленне парушэнняў у развіцці дзіцяці;
- недастатковая кваліфікацыя спецыялістаў;
- арганізацыйныя цяжкасці ў рэалізацыі праграм ранняга ўмяшання.
Даследаванні паказваюць, што пастаноўка дыягназу магчыма з 18 месяцаў, што дазваляе пачаць выкарыстанне праграм ранняга ўмяшання ўжо ў гэтым узросце. Як было даказана даследаваннямі, рэалізацыя праграм на ранніх этапах дае найбольшыя вынікі ў развіцці разнастайных здольнасцей дзіцяці ва ўсіх сферах і спрыяе лепшай яго адаптацыі.