Што такое ранняе ўмяшанне і да каго звяртацца

Ранняе ўмяшанне накіравана на стымуляванне паўнацэннага росту і сацыялізацыю, самастойны ўдзел дзіцяці ў жыцці грамадства.
Body

Ранняе ўмяшанне ў нашай краіне — гэта сістэма дапамогі дзецям ранняга ўзросту (ад 0 да 3 гадоў) з парушэннямі развіцця або рызыкай іх узнікнення, а таксама іх сем’ям.

Ранні ўзрост з’яўляецца адным з найважнейшых у развіцці дзіцяці: у гэты перыяд яно набывае навыкі, якія будуць неабходны на працягу ўсяго жыцця. Бацькам вельмі важна ўважліва назіраць за дзіцем, пры ўзнікненні мінімальных асцярог трэба звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў.

У цэнтрах ранняга ўмяшання спецыялісты розных профіляў аказваюць сям’і і дзіцяці дапамогу, мэта якой — стымуляцыя і гарманізацыя развіцця дзіцяці, а таксама падтрымка сям’і. У склад міждысцыплінарнай каманды па раннім умяшанні ўваходзяць:

  • урач-педыятр (урач-неўролаг, урач-рэабілітолаг), які ацэньвае стан здароўя, узровень развіцця дзіцяці, дае неабходныя рэкамендацыі па развіваючым доглядзе, дапамагае нармалізаваць рэжым дня, прызначае неабходныя абследаванні і інш.;
  • псіхолаг, задача якога — ацаніць пазнавальнае і сацыяльна-эмацыянальнае развіццё дзіцяці, аказаць псіхалагічную падтрымку і дапамогу сям’і ў наладжванні або нармалізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пераадоленні паводзінных праблем і ўзроставых крызісаў;
  • настаўнік-дэфектолаг, які ацэньвае пазнавальнае, маўленчае развіццё дзіцяці і яго камунікатыўныя навыкі, вызначае, ці ёсць у яго асаблівыя патрэбнасці ў сувязі з наяўнымі сэнсарнымі парушэннямі (праблемы са слыхам, зрокам). Таксама спецыяліст можа аказаць дапамогу ў развіцці маўлення, пазнавальнай актыўнасці, гульнявых і камунікатыўных навыкаў;
  • інструктар-метадыст па фізічнай рэабілітацыі, задача якога заключаецца ў ацэнцы рухальных магчымасцей дзіцяці і садзейнічанні развіццю буйной і дробнай маторыкі, самаабслугоўвання.

У сістэме ранняга ўмяшання выкарыстоўваюцца метады, якія маюць навуковую доказную базу.

Праграмы ранняга ўмяшання арыентаваны на сям’ю і накіраваны на развіццё дзіцяці ў натуральным асяроддзі ў паўсядзённых жыццёвых сітуацыях (гульні, прыём ежы, купанне, прагулкі і г. д.). З дзіцем і сям’ёй адначасова працуюць спецыялісты розных профіляў, каб сумесна рашаць адны і тыя ж задачы. Спецыялісты дапамогуць:

  • арганізаваць развіваючае асяроддзе для дзіцяці дома і ў тых месцах, якія яно наведвае;
  • падабраць для дзіцяці неабходныя гульні і цацкі;
  • арганізаваць працэдуры догляду такім чынам, каб яны не толькі былі бяспечнымі для дзіцяці, але і садзейнічалі развіццю яго навыкаў і ўменняў;
  • навучыцца такім зносінам з дзіцем, якія стымулявалі б яго навыкі камунікацыі;
  • арганізаваць у цэнтры ранняга ўмяшання ці дома заняткі з дзіцем;
  • навучыцца спраўляцца (бацькам) з псіхаэмацыянальным стрэсам.

Цэнтры ранняга ўмяшання функцыянуюць на ўсёй тэрыторыі нашай краіны, як правіла, на базе паліклінік ці дзіцячых бальніц. У іх аказваюць дапамогу сем’ям з дзецьмі ва ўзросце ад 0 да 3 гадоў з замацаваных раёнаў. Больш падрабязную інфармацыю пра найбліжэйшыя цэнтры ранняга ўмяшання вы можаце атрымаць у педыятра ці неўролага.