Высокі рост у дзіцяці

Бацькі рэдка пытаюцца: «Ці не занадта наша дзіця высокае?». Прычынай высокага росту дзіцяці звычайна лічаць  спадчынную схільнасць у спалучэнні з паўнацэнным дастатковым харчаваннем і высокім узроўнем здароўя. Звычайна гэта менавіта так. Часам з-за высокага росту навакольныя лічаць дзіця больш дарослым і больш сталым і, адпаведна, прад’яўляюць да яго больш сур’ёзныя патрабаванні.
Body

Рост (даўжыня цела) дзіцяці — адзін з параметраў развіцця, які вымяраюць падчас рэгулярных прафілактычных аглядаў і які кантралюе педыятр для своечасовага вызначэння якіх-небудзь адхіленняў ад чаканых значэнняў; пры гэтым выкарыстоўваюцца спецыяльныя графікі росту. Лініі на дыяграмах росту (+/- 2 SD адносна сярэдняга паказчыка) уяўляюць сабой гранічныя значэнні дыяпазону нармальнага росту дзяцей дадзенага полу і ўзросту. Аднак дзіця, рост якога значна перавышае чаканыя для яго ўзросту паказчыкі (дасягае значэння 3 SD на дыяграме росту), лічыцца вельмі высокім. Калі рост дзіцяці перавышае гранічныя ўзроўні, пры гэтым дзіця здаровае, клінічных прыкмет або іншых адхіленняў няма і ў яго высокія бацькі або блізкія сваякі, то такі рост для дзіцяці лічыцца чаканым.

Дзіцяці, рост (даўжыня цела) якога перавышае верхнюю мяжу для яго полу і ўзросту ці ў якога адзначаецца незвычайны скачок росту, а таксама ў якога ёсць звязаныя з гэтым праблемы са здароўем, толькі ў асобных выпадках патрабуецца больш падрабязнае абследаванне. Сярод магчымых прычын звычайна разглядаюцца спадчынныя ці гарманальна абумоўленыя фактары.

Геномныя або храмасомныя змены (сіндромы Марфана, Сотаса, Беквіта–Відэмана, Клайнфельтэра і іншыя), акрамя незвычайнай дынамікі росту, выклікаюць і іншыя клінічныя праявы ў стане здароўя дзіцяці, якія могуць паказваць на магчымае спадчыннае захворванне.

На рост касцей і мышцаў, а адпаведна і на агульны рост у вышыню, моцна ўплывае гармон росту. Павышаная яго выпрацоўка ў перыяд актыўнай фазы росту і фарміравання касцявой сістэмы дзіцяці, калі зоны росту касцей адкрытыя, прыводзіць да развіцця гігантызму — целаскладу, які характарызуецца вельмі высокім ростам (даўжынёй цела), доўгімі канечнасцямі і выступаючым падбародкам. У выпадку павышанага ўзроўню гармону росту ў дарослых, калі рост касцей завершаны, развіваецца клінічная карціна акрамегаліі, праявамі якой з’яўляюцца павялічаныя рукі, ступні і выступаючыя рысы твару. Гармон росту — гэта адзін з гармонаў, што выдзяляюцца гіпофізам — невялікі залозай, размешчанай у аснове мозга крыху ніжэй за тую яго частку, якая называецца гіпаталамусам, разам яны рэгулююць працу іншых эндакрынных залоз.

Пры падазрэнні на гігантызм дзіцяці накіроўваюць да эндакрынолага і на дадатковае абследаванне, каб ацаніць узровень сакрэцыі гармону росту і працу гіпофізу. Часам побач з гіпофізам могуць вызначацца пухлінападобныя ўтварэнні невялікіх памераў, якія паспяхова карэктуюцца з дапамогай сучасных метадаў лячэння.

Калі рост вашага дзіцяці значна перавышае чаканае значэнне для каляндарнага ўзросту дзіцяці (+ 3 SD на дыяграме росту) ці вы заўважылі нечаканы скачок у росце, пагаварыце з вашым педыятрам аб росце і стане здароўя вашага дзіцяці.