Планавы медыцынскі агляд у 6 месяцаў
Мэта планавага агляду ў гэтым узросце — кантроль росту і развіцця дзіцяці, ацэнка стану яго здароўя, правядзенне абавязковай па ўзросце вакцынацыі, а таксама ўдакладненне рэкамендацый па далейшым паспяховым росце і развіцці дзіцяці.
Body
Ваша дзіця набірае вагу, і, верагодна, да гэтага часу яно ўжо ў два разы цяжэйшае, чым пры нараджэнні. За гэты час у яго развіліся сэнсарныя здольнасці — нюх, смак, зрок, слых, дотык, дзіця навучылася вызначаць іх сувязь з рухальнай актыўнасцю — хапаннем, пераварочваннем і, магчыма, сядзеннем. Яно працягвае вымаўляць розныя гукі і, напэўна, ужо спрабуе аб’ядноўваць склады і нават паўтараць іх.
Падрыхтоўка да візіту
- Вазьміце з сабой любімую цацку ці каляровую кніжку вашага дзіцяці і складзіце спіс тэм ці пытанняў, якія вы хацелі б абмеркаваць з педыятрам.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Маніторынг фізічнага развіцця: вымярэнне даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы; значэнні будуць унесены ў графікі росту (дыяграмы).
- Уводнае апытанне і кансультаванне: педыятр або медсястра высветліць, наколькі вырасла дзіця і як яно есць. Калі дзіця знаходзіцца на грудным выкормліванні, будзе рэкамендавана прадоўжыць яго і пачаць увядзенне прыкорму, у выпадку калі гэта яшчэ не было зроблена. Вы атрымаеце рэкамендацыі па паступовым увядзенні розных новых прадуктаў прыкорму і павелічэнні іх разнастайнасці. Урач раскажа пра найбольш частыя праблемы і магчымыя складанасці пры ўвядзенні прыкорму і дасць канкрэтныя парады, таксама ўдакладніць інфармацыю аб прыёме вітаміну D3 і прэпаратаў жалеза.
- Медыцынскі агляд і ацэнка развіцця: стандартны агляд дзіцяці «з галавы да ног». На гэтым прыёме ўрач зверне ўвагу, як дзіця ўтрымліваецца ў пэўных позах, ці абапіраецца ступнёй на паверхню ў становішчы стоячы; ці хапае прадмет абедзвюма рукамі і як яно з ім гуляе. Вас таксама спытаюць пра тое, наколькі актыўнае дзіця, як яно спіць. Вы зможаце задаць усе пытанні, якія вас цікавяць.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: медыцынскі работнік раскажа вам пра шкоду тытунёвага дыму для дзіцяці, а таксама ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара, парэкамендуе не класці дзіця ў пасцель з бутэлечкай, асабліва з сумессю ці салодкім напіткам, раскажа пра бяспечнае ўздзеянне сонечнага святла і пра тое, як стварыць бяспечныя ўмовы для дзіцяці. Акрамя таго, урач зверне ўвагу на важнасць чытання і спявання для дзіцяці і ўдзелу яго ў сумесных сямейных актыўнасцях.
Вакцынацыя
- Вашаму дзіцяці да гэтага ўзросту ўжо была праведзена планавая вакцынацыя шляхам унутрымышачнага ўвядзення ў пярэднебакавую паверхню сярэдняй часткі сцягна ва ўзросце 2, 3, 4 месяцаў камбінаваных вакцын, якія ўтрымліваюць кампаненты супраць віруснага гепатыту В, коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, гемафільнай інфекцыі і поліяміэліту. Таксама магла быць праведзена імунізацыя супраць пнеўмакокавай інфекцыі, у выпадку калі ў вашага дзіцяці былі да гэтага паказанні (наяўнасць пэўных захворванняў ці станаў).
- Калі ваша дзіця па нейкай прычыне прапусціла адну з прышчэпак, якую яно павінна было атрымаць падчас папярэдніх наведванняў, ёсць магчымасць запоўніць гэты прабел.
Заключэнне
- Па заканчэнні візіту педыятр дасць заключэнне аб стане здароўя і ўзроўні развіцця вашага дзіцяці.
- Вам будуць дадзены рэкамендацыі па пытаннях харчавання і догляду, спосабах падтрымкі вашага дзіцяці ў навучанні і па далейшым развіцці, магчыма, будуць прапанаваны друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы.
- Пры неабходнасці дзіця накіруюць на дадатковыя кансультатыўныя агляды да іншых спецыялістаў.
- Таксама вам будзе прызначаны час наступнага візіту.
Пасля наведвання
- Запішыце новую інфармацыю і карысныя парады.
Памятайце, што ваша дзіця расце і развіваецца хутка і вам патрэбна прафесійная дапамога і падтрымка, каб даць яму магчымасць поўнасцю рэалізаваць патэнцыял, з якім яно нарадзілася. Не прапусціце гэту магчымасць!