Паратыт (эпідэмічны паратыт)
Аб паратыце
Паратыт (свінка) выклікаецца вірусам эпідэмічнага паратыту. Ён распаўсюджваецца праз прамы кантакт са слінай ці паветрана-кропельным шляхам пры чханні і кашлі.
Сімптомы паратыту
Заражэнне звычайна адбываецца за 14–15 дзён да з’яўлення якіх-небудзь сімптомаў захворвання.
Раннія сімптомы паратыту: гарачка, галаўны боль і стомленасць.
За гэтымі сімптомамі ідзе ацёк адной з калявушных слінных залоз. Ён пачынае распаўсюджвацца з бакавой пярэдняй калявушной часткі твару ў падсківічную вобласць. Часам запаленчы працэс можа развівацца ў абедзвюх слінных залозах, таму ў выніку апухання павялічваюцца абодва бакі твару. З-за ацёку можа быць балюча жаваць і/або глытаць.
У хлопчыкаў, хворых на эпідэмічны паратыт, магчыма паражэнне жалезістай тканкі яечак, якое таксама суправаджаецца ацёкам і болем. Часцей гэта не выклікае праблем з фертыльнасцю ў будучыні.
У вельмі рэдкіх выпадках паратыт можа прывесці да менінгіту, энцэфаліту і праблем са слыхам, таксама магчыма развіццё міякардыту — запалення сардэчнай мышцы.
Перыяд заразнасці — ад некалькіх дзён да пачатку апухання слінных залоз і да пяці дзён пасля яго.
Ці трэба звяртацца да ўрача наконт эпідэмічнага паратыту?
Так. Трэба звярнуцца да ўрача ў наступных выпадках:
- пры падазрэнні на заражэнне дзіцяці эпідэмічным паратытам;
- пры наяўнасці ацёку і балючасці яечак у хлопчыка;
- калі дзіця, хворае на паратыт, скардзіцца на моцны галаўны боль, калі яно стала санлівым або ў яго пачынаецца рвота ці негатыўная рэакцыя на яркае святло.
Дыягностыка паратыту
З мэтай пацвярджэння захворвання для дыягнастычнага абследавання неабходны забор крыві ці мазок з зева.
Лячэнне паратыту
У большасці выпадкаў зыходам паратыту з’яўляецца поўнае выздараўленне без якіх-небудзь ускладненняў.
Спецыяльнага лячэння паратыту не існуе. Ніжэй пералічаны спосабы палягчэння сімптомаў захворвання ў дзіцяці:
- прымяняйце пры неабходнасці жарапаніжальны сродак (парацэтамол) у рэкамендуемых дозах, каб знізіць тэмпературу і паменшыць боль і дыскамфорт;
- прапануйце дзіцяці многа піць, няхай яно больш адпачывае;
- давайце дзіцяці мяккую ежу, каб выключыць актыўнае жаванне;
- не прапануйце дзіцяці кіслую ежу, бо яна можа стымуляваць слінавыдзяленне;
- у некаторых выпадках дапамагае ахалоджванне (прыкладванне пакета з лёдам) балючых, апухлых участкаў твару дзіцяці.
Неабходна старанна мыць рукі пры доглядзе дзіцяці, хворага на свінку.
Калі ў дзіцяці пацверджаны дыягназ паратыту, неабходна спыніць наведванне ім дашкольных/школьных устаноў па меншай меры на пяць дзён пасля пачатку клінічных праяў.
Прафілактыка паратыту
Лепшы спосаб пазбегнуць эпідэмічнага паратыту — зрабіць прышчэпкі. Гэта дае дзіцяці 95 % абароны ад захворвання.
Вакцына супраць паратыту з’яўляецца часткай вакцыны АПК, якая абараняе дзіця яшчэ і ад адру і краснухі.
Сярод некаторых бацькоў існуе занепакоенасць, звязаная з падазрэннем, што вакцына АПК павышае рызыку ўзнікнення расстройстваў аўтыстычнага спектра (РАС). Гэтае меркаванне неабгрунтаванае. Няма ніякіх навуковых доказаў таго, што вакцынацыя АПК звязана з развіццём РАС. Калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі ці сумневы наконт вакцыны, варта абмеркаваць іх з урачом.