Планавы прафілактычны агляд у 1 месяц
Мэтай рэгулярных прафілактычных медыцынскіх аглядаў (сістэматычных аглядаў спецыялістамі ў амбулаторна-паліклінічных умовах) з'яўляецца ахова здароўя вашага дзіцяці, маніторынг яго росту і развіцця. На рэгулярным прафілактычным прыёме ў паліклініцы ўрач-педыятр (у амбулаторных умовах гэта можа быць урач агульнай практыкі) сумесна з медыцынскай сястрой правядуць планавы агляд, адкажуць на ўсе вашы пытанні і растлумачаць тое, што выклікае ў вас занепакоенасць, таксама пры неабходнасці вашаму дзіцяці прызначаць дадатковае абследаванне, накіруюць да профільных урачоў-спецыялістаў.
Body
Першы планавы медыцынскі агляд — гэта заўжды падзея, якая выклікае асаблівае хваляванне і ў маці, і ў бацькі. Гэта магчымасць праверыць стан здароўя вашага дзіцяці, ацаніць яго поспехі, а таксама тое, як вы спраўляецеся з роллю маці/бацькі.
Падрыхтоўка да візіту
- І маці, і бацька могуць прыйсці на планавы медыцынскі агляд свайго дзіцяці. Ім абаім у роўнай ступені патрэбна інфармацыя і рэкамендацыі па пытаннях догляду і штодзённых заняткаў з дзіцем, так як яны абое фарміруюць асяроддзе, якое падтрымлівае нармальны рост і развіццё дзіцяці, а таксама дапамагаюць адзін аднаму справіцца з роллю бацькоў.
- Вазьміце з сабой медыцынскую карту нованароджанага і іншыя медыцынскія дакументы, якія маеце.
Медыцынскі агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Маніторынг фізічнага развіцця: медыцынская сястра памерае даўжыню цела, вагу, акружнасць галавы вашага дзіцяці і ўнясе гэтыя значэнні ў дыяграмы росту.
- Збор даных асабістага і сямейнага анамнезу: падчас першага планавага медыцынскага агляду вам зададуць многа пытанняў, звязаных з цяжарнасцю, родамі, наяўнасцю некаторых фактараў рызыкі для здароўя дзіцяці (напрыклад, сямейныя хваробы, праблемы са здароўем пры родах, сацыяльны статус і г. д.), але таксама спытаюць і пра спрыяльныя фактары (гарманічныя сямейныя адносіны, падтрымка з боку блізкіх сваякоў і інш.).
- Азнаямленне ўрача са зместам медыцынскай карты нованароджанага і спадарожнай медыцынскай дакументацыяй.
- Рэкамендацыі па харчаванні: педыятр або медыцынская сястра ўдакладніць, як вы корміце дзіця: ці знаходзіцца яно на выключна грудным выкормліванні (харчаванне дзіцяці толькі грудным малаком, без якога-небудзь дакорму і дапойвання вадой, за выключэннем вітамінаў і лекаў); ці корміце вы яго па патрабаванні і як часта; ці ёсць якія-небудзь цяжкасці, праблемы, звязаныя з грудным выкормліваннем; які рацыён харчавання ў маці і г. д. Вам раскажуць пра важнасць і перавагі выключна груднога выкормлівання, пра тое, што гэта дае дзіцяці аптымальнае харчаванне, абарону, любоў, блізкасць і падтрымку для яго гарманічнага развіцця і росту. Скарыстайцеся магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні пра харчаванне або якія-небудзь іншыя праблемы, з якімі вы можаце сутыкацца (напрыклад, пра сударгі ў дзіцяці або плач), а таксама пра разумныя чаканні адносна таго, як і колькі дзіця павiнна спаць. Калі вам спатрэбяцца дадатковая дапамога і падтрымка, вам раскажуць, як і да каго па іх звярнуцца.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: медыцынскі работнік раскажа вам пра важнасць здаровага сну і аптымальную яго працягласць, пра шкодны ўплыў тытунёвага дыму (пасіўнага курэння) для дзіцяці, пра тое, як стварыць бяспечныя ўмовы для яго жыцця.
- Абмеркаванне некаторых пытанняў, якія ўдакладняюць наяўнасць пасляродавага дэпрэсіўнага стану ў маці, з мэтай забеспячэння бяспекі дзіцяці і магчымасці фарміравання дома аптымальнага асяроддзя для яго.
- Ацэнка вашым урачом ці медыцынскай сястрой развіцця вашага дзіцяці і ўдакладненне, ці даяце вы яму неабходныя вітаміны.
Педыятрычнае абследаванне і ацэнка развіцця
- Урач правядзе клінічнае абследаванне вашага дзіцяці ва ўстаноўленым парадку: ацэніць знешні выгляд і колер скурнага покрыва, развіццё касцявой, тлушчавай, мышачнай тканкі, сіметрычнасць частак цела; стан вачэй, вушэй, носа; правядзе пальпацыю цемечкаў, лімфатычных вузлоў, жывата; агледзіць галаву, шыю, зеў; праслухае сардэчныя тоны, дыханне ў лёгкіх; палічыць частату дыхання і сардэчных скарачэнняў; праверыць стан пупочнай ранкі, рэфлексы, мышачны тонус, развядзенне сцегнавых суставаў і тое, як дзіця трымаецца ў пэўных позах.
- Падчас абследавання ўрач або медыцынская сястра пакажа вам, як кантактаваць з дзіцем. Яны падкрэсляць, наколькі важна размаўляць з ім, напяваць песенькі, гаварыць у вершаванай форме (дзіцячыя вершыкі, лічылкі) у побыце, падчас звычайных руцінных спраў, уключаючы кармленне, пераадзяванне, купанне, гульні. Вы даведаецеся, наколькі важна чытаць дзіцяці з першага дня. Нават калі дзіця пакуль вас не разумее, яно чуе ваш голас, што дае яму пачуццё ўпэўненасці і спакою. Гэта дазволіць вам задумацца пра тое, як па-рознаму можна стымуляваць развіццё дзіцяці з самага ранняга ўзросту; таксама вам могуць прапанаваць розныя друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы аб тым, як падтрымаць развіццё дзіцяці.
- Вам дадуць парады, як гарманічна развіваць дзіця, бо ў гэты перыяд яно засвойвае розныя навыкі і імкліва развіваецца.
Вакцынацыя
- Урач або медыцынская сястра праверыць, ці праведзена вашаму дзіцяці неабходная імунізацыя ў раддоме. На прыёме вам заплануюць увядзенне ва ўзросце 2 месяцаў другой дозы вакцыны супраць віруснага гепатыту B у складзе камбінаванай вакцыны супраць дыфтэрыі, коклюшу, слупняку, гемафільнай інфекцыі, таксама вакцыны супраць поліяміэліту, а пры наяўнасці паказанняў вашаму дзіцяці будзе назначана ўвядзенне вакцыны супраць пнеўмакокавай інфекцыі.
- Калі дзіцяці па якіх-небудзь прычынах не былі зроблены неабходныя прышчэпкі ад туберкулёзу і гепатыту B у радзільным доме, будуць прыняты неабходныя меры.
Заключэнне
- Па заканчэнні візіту педыятр дасць сваё заключэнне аб стане здароўя і ўзроўні развіцця вашага дзіцяці.
- Пры неабходнасці (па медыцынскіх паказчыках) могуць быць назначаны іншыя дыягнастычныя працэдуры (аналіз крыві, мачы, ультрагукавое даследаванне і інш.), кансультацыі профільных спецыялістаў, такіх як неўролаг, афтальмолаг, оталарынголаг, хірург, артапед.
- Вам будуць дадзены рэкамендацыі па пытаннях харчавання і догляду, спосабах падтрымкі вашага дзіцяці ў навучанні і далейшым развіцці, магчыма, будуць прапанаваны інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы.
- Таксама вам будзе прызначаны час наступнага прафілактычнага візіту.
Пасля наведвання
- Запішыце новую інфармацыю і рэкамендацыі, якія вы атрымалі падчас візіту. Інфармацыі і ўражанняў будзе многа, важна не забыць галоўнае.
Памятайце, што планавае медыцынскае абследаванне — гэта магчымасць праверыць здароўе дзіцяці і тое, як яно расце і развіваецца, магчымасць атрымаць рэкамендацыі па ўсіх пытаннях далейшай падтрымкі яго гарманічнага росту і развіцця. Не прапускайце гэту магчымасць!