Планавы прафілактычны агляд у 3 месяцы
Планавы агляд — гэта магчымасць звярнуць больш пільную ўвагу на рост, развіццё і здароўе вашага дзіцяці, а таксама зрабіць абавязковыя прышчэпкі, рэкамендаваныя да гэтага ўзросту. Гэта неабходныя меры падтрымкі і паляпшэння здароўя і развіцця вашага дзіцяці. Планавы агляд дапаможа выявіць праблемы развіцця і своечасова прыняць меры.
Body
Ваша дзіця вельмі хутка развіваецца і ўжо можа кантраляваць рухі пэўных частак свайго цела, яно актыўна вывучае сябе і навакольных людзей. Яму бясспрэчна падабаецца гуляць з вамі і сваімі рукамі.
Падрыхтоўка да візіту
- Запішыце ўсё важнае, што вы заўважылі ў сваім дзіцяці, напрыклад: яно смяецца ці нават хіхікае, калі вы размаўляеце з ім; хапае цацку, якую вы паклалі яму ў руку; сочыць за вашым перамяшчэннем па пакоі і г. д. Складзіце спіс пытанняў, якія вас цікавяць, сумненняў, якія вам хацелася б абмеркаваць з урачом.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Маніторынг фізічнага развіцця: даўжыня цела, вага, акружнасць галавы з’яўляюцца важнымі параметрамі росту дзіцяці і дапамагаюць ацаніць, ці развіваецца яно адпаведна ўзросту.
- Уводнае апытанне і кансультаванне: харчаванне па-ранейшаму застаецца адной з асноўных тэм у размове з урачом і/ці медыцынскай сястрой. Вас спытаюць, як вы корміце дзіця, ці выглядае яно задаволеным і сытым пасля ежы. Як часта вы прачынаецеся ноччу? Калі дзіця не знаходзіцца на грудным выкормліванні, чым вы яго корміце? Урач або медыцынская сястра ўдакладніць, ці прымае дзіця вітамін D3 у дазіроўцы 400 адзінак. Падчас гэтага візіту вам таксама могуць даць рэкамендацыі, якія датычацца прыёму прэпаратаў жалеза.
- Гутарка пра здаровы лад жыцця: медыцынскі работнік нагадае вам пра шкоду тытунёвага дыму, а таксама ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара, парэкамендуе не класці дзіця ў пасцель з бутэлечкай, асабліва з сумессю ці салодкім напіткам, раскажа пра бяспечнае ўздзеянне сонечнага святла і пра тое, як бяспечна перавозіць дзіця ў машыне.
- Абмеркаванне сямейных пытанняў: вы можаце абмеркаваць рэўнасць з боку братоў і сясцёр, а таксама пытанні, звязаныя з арганізацыяй догляду за дзіцем і падтрымкай у гэтым з боку блізкіх і сям'і, вяртаннем да працы.
Медыцынскае абследаванне і ацэнка развіцця
- Урач правядзе агляд дзіцяці ва ўжо знаёмым вам парадку.
- Ён зверне ўвагу на тое, ці трымае дзіця галаву і як яно кантралюе сваё цела ў пэўных позах. Урач або медсястра паспрабуе ацаніць, ці аднолькава дзіця варушыць абедзвюма рукамі і ці можа яно схапіць цацку; паназірае за мімікай, рухамі цела, за тым, як дзіця рэагуе на ваша перамяшчэнне па пакоі і на розныя раптоўныя гукі. Вас спытаюць, ці ўтварае дзіця гукі.
- Будзьце гатовыя да актыўнага ўдзелу ў размове і папрасіце тлумачэнняў, калі ў вас узнікнуць любыя сумненні ці пытанні.
Вакцынацыя
- Урач або медыцынская сястра праверыць, ці атрымала ваша дзіця прадугледжаныя да гэтага ўзросту вакцыны ў адпаведнасці з бягучым графікам імунізацыі.
- Пацікавіцца, як дзіця адрэагавала на вакцыны, уведзеныя падчас апошняга наведвання.
- Калі стан здароўя дзіцяці ў норме і яно адрэагавала на папярэднюю дозу вакцыны так, як чакалася, то ў гэты раз яму будуць зроблены наступныя прышчэпкі: трэцяя доза вакцыны супраць віруснага гепатыту B у складзе другой дозы камбінаванай вакцыны супраць дыфтэрыі, коклюшу, слупняку, гемафільнай інфекцыі (ХІБ-інфекцыі), таксама ваша дзіця атрымае прышчэпку супраць поліяміэліту.
- Калі вашаму дзіцяці была паказана вакцынацыя ад пнеўмакокавай інфекцыі (пры наяўнасці пэўных захворванняў або станаў у дзіцяці) і вы па нейкіх прычынах прапусцілі планавую вакцынацыю ў 2 месяцы, то ў гэты раз дзіцяці прызначаць увядзенне прапушчанай дозы.
- Адна вакцына будзе ўведзена ўнутрымышачна ў пярэднебакавую паверхню сярэдняй часткі аднаго сцягна, другая вакцына — другога сцягна.
- Медыцынскія работнікі дадуць вам рэкамендацыі па назіранні і доглядзе за дзіцем пасля праведзенай вакцынацыі: назіраць за месцам ін'екцыі і ў выпадку з'яўлення пачырванення звярнуцца да ўрача; на працягу першых дзён пасля вакцынацыі магчыма рэакцыя на прышчэпку ў выглядзе павышэння тэмпературы, дзіця можа стаць капрызным і плаксівым, у гэтым выпадку для аблягчэння стану дзіцяці можна даць парацэтамол у дазіроўцы, прадпісанай педыятрам.
Заключэнне
- Па заканчэнні візіту педыятр дае заключэнне аб стане здароўя і развіцці вашага дзіцяці і адпаведныя рэкамендацыі.
- Магчыма, вам прапануюць друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы пра развіццё дзіцяці ў гэтым узросце і паведамленне пра наступнае наведванне.
Пасля наведвання
- Запішыце новую інфармацыю і рэкамендацыі, якія вы атрымалі падчас візіту.
Рэгулярныя медыцынскія агляды важныя для вашага дзіцяці — дзякуючы ім забяспечваецца падтрымка яго росту і развіцця; і вы пры гэтым, набываючы новыя веды, больш упэўнена зможаце выконваць сваю бацькоўскую ролю.