Поліяміэліт
Поліяміэліт: агульная інфармацыя
У 1988 г. Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступіла з ініцыятывай па ліквідацыі поліяміэліту. Тым не менш у 2019 годзе ў свеце ўсё яшчэ рэгістраваліся выпадкі гэтага захворвання.
Чалавек з’яўляецца адзіным натуральным рэзервуарам для віруса поліяміэліту, які перадаецца пры кантакце з фекаліямі і/або паветрана-кропельным шляхам. Перыяд з моманту трапляння віруса ў арганізм да развіцця сімптомаў складае ад 3 да 21 дня.
Чалавек, у арганізм якога патрапіў вірус, можа быць заразным за 7–10 дзён да з’яўлення першых сімптомаў захворвання. Акрамя таго, на працягу 3–6 тыдняў пасля пачатку хваробы вірус можа выдзяляцца з калам.
Сімптомы і прыкметы захворвання
У большасці інфіцыраваных дзяцей сімптомы адсутнічаюць ці назіраецца лёгкая агульная сімптаматыка: высокая тэмпература, стамляльнасць, галаўны і мышачны боль. Такія сімптомы, падобныя да праяў грыпу, звычайна доўжацца тыдзень. У аднаго са 100 заражаных дзяцей назіраецца скаванасць мышцаў шыі і рвота, як гэта бывае пры менінгіце; у аднаго з 200 заражаных дзяцей пашкоджваецца нервовая сістэма і ўзнікае незваротны параліч мышцаў ніжніх канечнасцей. Паколькі параліч можа пашкоджваць дыхальныя мышцы, 2–5 % дзяцей з паралічам паміраюць, у дарослых гэты паказчык вышэйшы і вагаецца ў межах ад 15 да 30 %.
У людзей, якія перахварэлі на поліяміэліт, праз 15–40 гадоў могуць зноў узнікаць болі і параліч, гэтую з’яву называюць постполіяміэлітным сіндромам.
Лячэнне поліяміэліту
Лячэння ад поліяміэліту не існуе. Сімптомы, падобныя на праявы грыпу, звычайна праходзяць самаадвольна. Пры дыскамфорце і болях у мышцах рэкамендуецца прыём парацэтамолу. Кантралюйце, каб дзіця больш піло і многа адпачывала. Некаторым дзецям, якія пакутуюць ад паралітычнай формы хваробы, можа спатрэбіцца фізіятэрапія, іншым — дапамога з кармленнем і падтрымка дыхання.
Прафілактыка поліяміэліту
Нават калі ў краіне не рэгіструюцца выпадкі поліяміэліту, вірус можа быць увезены з тэрыторый, дзе захворванне ўсё яшчэ сустракаецца. Вось чаму важна абараніць дзіця з дапамогай прышчэпкі. Існуе два тыпы вакцын супраць поліяміэліту:
1. Інактываваная поліяміэлітная вакцына (ІПВ), якая ўтрымлівае забітыя вірусы поліяміэліту і ўводзіцца шляхам ін’екцыі (звычайна ў спалучэнні з іншымі вакцынамі).
2. Жывая атэнуіраваная аральная поліяміэлітная вакцына (АПВ), якая ўтрымлівае аслаблены жывы вірус поліяміэліту і ўяўляе сабой кроплі ў рот.
У некаторых краінах выкарыстоўваюць толькі інактываваныя вакцыны, у іншых — вакцыны абодвух тыпаў.
СААЗ рэкамендавала спыніць выкарыстанне жывых вакцын супраць поліяміэліту на працягу наступных некалькіх гадоў і працягваць прымяняць толькі інактываваную.
У Беларусі дзяцей прывіваюць ІПВ у 2, 3 і 4 месяцы, бустарную дозу даюць ва ўзросце 7 гадоў.
Акрамя абавязковай вакцынацыі, адной з важных мер абароны з’яўляецца выкананне элементарных гігіенічных правіл для прадухілення перадачы інфекцыі праз брудныя рукі.