Слупняк

Слупняк — гэта вострая, з высокім узроўнем лятальнасці інфекцыя, якая выклікаецца бактэрыяй Clostridium tetani. Інфіцыраванне C. tetani адбываецца пры траплянні яе спор у адкрытыя раны; бактэрыя выпрацоўвае таксін, які ўплывае на цэнтральную нервовую сістэму, што прыводзіць да мышачных сударгаў (спазмаў) і парушэння дыхання.
Body

Слупняк: агульная інфармацыя

Слупняк — гэта вострая, з высокім узроўнем смяротнасці інфекцыя, якая выклікаецца бактэрыяй Clostridium tetani (слупняковая палачка).

Гэты мікраарганізм сустракаецца ў прыродзе паўсюль — у глебе, у кішэчніку ў жывёл. Інфіцыраванне адбываецца, калі споры бактэрыі трапляюць у арганізм дзіцяці пры пашкоджанні скуры забруджаным прадметам, напрыклад, пры парэзе, уколе, укусе жывёлы або апёку. У наш час дзяцей паспяхова вакцынуюць ад гэтага захворвання, таму яно амаль знікла.

Прыкметы і сімптомы слупняку

Захворванне звычайна праяўляецца праз 1–2 тыдні пасля заражэння. Інфекцыя прыводзіць да моцнага болю і спазмаў па ўсім целе. Балючыя мышачныя сударгі (спазмы) пачынаюцца на твары, затым пераходзяць на шыю, тулава і ногі. Пры пашкоджанні мышцаў твару і шыі ўзнікаюць праблемы з глытаннем і дыханнем. Да пачатку эпохі вакцынацыі гэтае захворванне ў большасці выпадкаў мела смяротны зыход (смяротнасць складала 80 %).

Пракансультуйцеся з педыятрам неадкладна ў наступных выпадках:

  • дзіця ўкусіла жывёла;
  • у дзіцяці «брудная» рана, глыбокі парэз, колатая рана ці драпіна ад забруджанага прадмета;
  • роды адбыліся пры неналежных гігіенічных умовах — гэта можа пагражаць заражэннем нованароджанага.

Лячэнне слупняку

Лячэнне слупняку праводзіцца ва ўмовах стацыянара. Яно ўключае выкарыстанне антытаксінаў і антыбіётыкаў, ачыстку раны, у некаторых выпадках патрабуецца хірургічнае ўмяшанне. Пры неабходнасці прымяняюцца лекі для зняцця болю і скаванасці мышцаў, а таксама апараты для штучнага дыхання.

Прафілактыка слупняку

Слупняк — гэта хвароба, якую немагчыма цалкам выкараніць, паколькі бактэрыі прысутнічаюць у прыродзе паўсюль. Устойлівасць да дадзенага захворвання не з’яўляецца нават пасля заражэння. Лепшы спосаб засцерагчы дзіця ад гэтай хваробы — своечасова зрабіць яму прышчэпку. Паводле нацыянальных рэкамендацый па правядзенні імунізацыі, прышчэпку ад слупняку ўводзяць дзіцяці ў складзе камбінаванай вакцыны, якая ўтрымлівае коклюшна-дыфтэрыйна-слупнячны кампанент, у 2, 3, 4 і 18 месяцаў, затым бустарную дозу вакцыны ад дыфтэрыі і слупняку ўводзяць у 6 і 16 гадоў (і далей кожныя 10 гадоў да дасягнення ўзросту 66 гадоў).

Пры адкрытай траўме скуры важна старанна прамыць рану і выдаліць з яе ўсе староннія прадметы. Дзіця не лічыцца цалкам абароненым, калі яно не было належным чынам вакцынаванае, калі яно не прайшло поўную вакцынацыю, а таксама калі яно было вакцынаванае належным чынам, але з моманту апошняй прышчэпкі прайшло больш за 5–10 гадоў (у залежнасці ад сур’ёзнасці раны). Звярніцеся да педыятра, каб удакладніць, калі была зроблена прышчэпка, і вызначыць, ці патрабуецца дзіцяці вакцынацыя супраць слупняку.

Калі дзіця з’явілася на свет пры адсутнасці прафесійнай медыцынскай дапамогі, то існуе рызыка яго заражэння бактэрыяй Clostridium tetani. У такім выпадку паказана неадкладнае ўвядзенне супрацьслупняковай сывараткі (імунаглабуліну чалавека).