Дапамога братам і сёстрам дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра
Бацькі братоў і сясцёр дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра
Калі ў вашай сям’і ёсць дзіця з расстройствам аўтыстычнага спектра (РАС), вам можа быць цяжка ўдзяляць дастаткова ўвагі і часу дзецям, якія развіваюцца тыпова. Вы можаце адчуваць віну ці хвалявацца пра тое, як правільна размеркаваць свой час паміж усімі дзецьмі.
Але не будзьце занадта строгімі да сябе — ёсць некалькі простых рэчаў, якія вы можаце рабіць кожны дзень, каб правільна размяркоўваць часавыя рэсурсы і выхоўваць сваіх дзяцей.
Пагаварыце з дзецьмі пра тое, што такое расстройства аўтыстычнага спектра
Паспрабуйце растлумачыць сваім дзецям, якія развіваюцца тыпова, што такое РАС і як яно ўплывае на развіццё і паводзіны іх брата ці сястры. Не трэба чакаць, пакуль дзеці пасталеюць і змогуць самі заўважыць, што іх брат ці сястра паводзяць сябе не так, як іншыя дзеці. Веды пра асаблівасці развіцця дапамогуць вашым дзецям прыстасавацца да інваліднасці свайго брата ці сястры і пазбегнуць памылковых уяўленняў пра РАС.
Па меры таго, як дзеці будуць сталець і лепш разумець тое, што адбываецца, вам неабходна будзе даваць ім усё больш інфармацыі, якая датычыць стану іх брата ці сястры з РАС. Яны будуць задаваць вам усё больш складаныя пытанні.
Як растлумачыць, што такое РАС
- Распытайце сваіх дзяцей, якія развіваюцца тыпова, пра тое, што яны ўжо ведаюць пра РАС. Пастарайцеся даступна адказаць на іх пытанні. Магчыма, вам давядзецца адказваць некалькі разоў на адны і тыя ж пытанні, аднак набярыцеся цярпення і паўтарайце неабходную інфармацыю. Будзьце гатовыя абмеркаваць пачуцці вашых дзяцей.
- Выкарыстоўвайце даступную для разумення дзяцей мову, не звяртайцеся да медыцынскіх тэрмінаў, а апішыце сваімі словамі асноўныя праявы РАС.
- Вы можаце спакойна гаварыць нават вельмі маленькім дзецям пра тое, што іх брат ці сястра «не могуць нешта рабіць», таму што ў яго/яе ёсць цяжкасці з разуменнем і навучаннем.
Што дзеці ведаюць пра РАС
Нават калі дзеці нешта ведаюць пра РАС у цэлым, яны часта не разумеюць, як гэты стан можа паўплываць на іх брата ці сястру ў прыватнасці.
Дзеці рознага ўзросту па-свойму разумеюць РАС. Пяцігадовае дзіця можа разглядаць яго як прычыну, па якой брат ці сястра не ўмеюць пісаць. Сямнаццацігадовы падлетак з вялікай верагоднасцю будзе разглядаць РАС як перашкоду на шляху да «нармальнага жыцця» яго брата ці сястры.
Часам у дзяцей фаміруецца няправільнае ці памылковае ўяўленне пра стан іх брата ці сястры з РАС. Яны могуць падумаць, што гэтым станам можна заразіцца, як звычайнай прастудай. Дзеці малодшага ўзросту могуць нават думаць, што іх дрэнныя паводзіны або благія думкі выклікалі РАС у іх брата ці сястры, або вінаваціць сябе ў гэтым.
Вы можаце дапамагчы сваім дзецям, якія развіваюцца тыпова, падзяліцца думкамі і трывогамі з гэтай нагоды і растлумачыць ім, што прычына з’яўлення РАС у брата ці сястры не датычыцца іх саміх.
Уплыў расстройства аўтыстычнага спектра на братоў і сясцёр
Звычайна браты і сёстры дзяцей з РАС добра адаптуюцца. Дзеці, у якіх ёсць брат ці сястра з РАС, часта бываюць больш чуллівымі і спагадлівымі, цярплівымі і зычлівымі, сталымі і адказнымі, чулымі і незалежнымі.
Ваша дзіця, якое развіваецца тыпова, у розны час можа перажываць шэраг складаных ці адмоўных эмоцый, напрыклад:
- зайздросціць таму, колькі часу вы праводзіце з яго братам ці сястрой;
- быць расчараваным, таму што яго брат ці сястра не хоча з ім гуляць;
- раўнаваць і злавацца, калі адчувае, што вы ўдзяляеце дзіцяці з РАС больш часу і ўвагі; або калі ў яго брата ці сястры з РАС менш абавязкаў па гаспадарцы або іх зусім няма; або калі яго брату/сястры даруюцца яго/яе агрэсіўныя паводзіны;
- абараняць свайго брата ці сястру і адначасова злавацца, калі іншыя здзекуюцца з яго/яе паводзінаў;
- бянтэжыцца з-за пільных поглядаў ці іншай рэакцыі людзей на паводзіны яго брата ці сястры з РАС падчас сямейных прагулак;
- адчуваць віну за тое, што перажывае негатыўныя эмоцыі, такія як збянтэжанасць або гнеў, звязаныя з братам ці сястрой з РАС;
- турбавацца, што дадатковы стрэс паўплывае на ваш дабрабыт і на вашы адносіны з партнёрам. Напрыклад, некаторыя дзеці перажываюць з-за таго, што вы і ваш партнёр можаце расстацца ці развесціся.
Дапамога братам і сёстрам дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра
Як і вашаму дзіцяці з РАС, іншым вашым дзецям неабходны ўвага і клопат. Вось некалькі рэкамендацый, каторымі вы можаце скарыстацца, каб даць сваім дзецям, якія развіваюцца тыпова, паўсядзённую цеплыню і пазітыўную ўвагу, дапамагчы ім адчуць сябе асаблівымі, стымуляваць пазітыўныя адносіны паміж усімі вашымі дзецьмі.
Удзяліце асаблівы час братам і сёстрам
Браты і сёстры дзяцей з РАС часта не шукаюць увагі і не гавораць пра свае праблемы. Вы можаце пераадолець гэтыя складанасці, калі будзеце прытрымлівацца наступных рэкамендацый:
- рэгулярна выдзяляйце час для сваіх дзяцей, якія развіваюцца тыпова, — гэта можа быць чытанне казкі на ноч ці 10 хвілін, праведзеных разам кожным вечарам, калі вы абмяркоўваеце з дзецьмі іх дасягненні за дзень;
- удзяляйце некалькі хвілін, каб выслухаць дзяцей, калі яны хочуць вам нешта расказаць, — гэта дапаможа вам падтрымліваць добрыя адносіны пры немагчымасці рэгулярна кожны дзень знаходзіць больш часу;
- знаходзьце час для асаблівых заняткаў са сваімі дзецьмі, якія развіваюцца тыпова, без іх брата ці сястры з РАС, напрыклад, вы можаце схадзіць з імі ў басейн ці ў кіно;
- скарыстайцеся паслугамі няні або сацыяльнага работніка (цьютара) — таго, хто прыгледзіць за вашым дзіцем з РАС на працягу дня або выхадных, — так вы будзеце больш часу праводзіць са сваімі іншымі дзецьмі.
Вам можа здавацца несправядлівым праводзіць больш часу з дзіцем з РАС, чым з іншымі дзецьмі. Важна, каб вашыя дзеці, якія развіваюцца тыпова, адчувалі сябе асаблівымі падчас зносін з вамі, нават калі гэта ўсяго некалькі хвілін у дзень, напрыклад, калі вы забіраеце іх са школы ці перад сном.
Калі вашыя дзеці адчуваюць сябе асаблівымі для вас, яны будуць больш і больш разумець вашу сямейную сітуацыю па меры сталення. Яны з меншай верагоднасцю будуць крыўдзіцца на свайго брата ці сястру ў будучыні.
Заахвочванне да больш блізкіх адносін
Дзеці, якія развіваюцца тыпова, звычайна станоўча ставяцца да сваіх братоў ці сясцёр з РАС, але часта іх адносіны не такія блізкія, якімі маглі б быць. Гэта можа быць звязана з цяжкасцямі, з якімі дзеці з РАС часта сутыкаюцца ў сацыяльных зносінах.
Адзін са спосабаў наладзіць больш цесныя адносіны паміж вашымі дзецьмі — гэта знайсці падыходы для іх пазітыўнага ўзаемадзеяння. Вы можаце заахвочваць дзяцей да сумесных актыўных гульняў (даганялкі ці хованкі) або разам пускаць мыльныя бурбалкі — гэтыя заняткі падабаюцца дзецям з РАС. Галоўнае, каб усім было весела і дзеці атрымлівалі задавальненне ад зносін адзін з адным.
Пастарайцеся быць аб’ектыўнымi ў адносiнах да кожнага дзiцяцi. Для вашых дзяцей важна адчуваць, што з усімі імі абыходзяцца справядліва:
- Па магчымасці ўстанаўлівайце сямейныя правілы, справядлівыя для ўсіх вашых дзяцей.
- Прымяняйце стратэгіі заахвочвання за добрыя паводзіны ў адносінах да ўсіх сваіх дзяцей.
- Старайцеся мінімізаваць агрэсіўныя або абразлівыя паводзіны вашага дзіцяці з РАС, калі вы не ўхваляеце такія паводзіны ад іншых сваіх дзяцей.
У вас можа ўзнікнуць спакуса праігнараваць праблемныя паводзіны дзіцяці з РАС, напрыклад, калі яно крычыць або падае на падлогу, бо вам складана з гэтым справіцца ці вы лічыце, што дзіця вас «не разумее». Аднак браты і сёстры вашага дзіцяці могуць палічыць гэта несправядлівым і ў выніку адчуць крыўду ці хваляванне.
Вызначэнне сямейных роляў і абавязкаў
Усе вашы дзеці могуць зрабіць унёсак у сямейнае жыццё. Дапамога па гаспадарцы спрыяе згуртаванню сям’і і вучыць усіх дзяцей важным навыкам самастойнасці. Гэта проста пытанне размеркавання роляў і абавязкаў, якія падыходзяць дзецям рознага ўзросту ў адпаведнасці з іх магчымасцямі.
Вашы дзеці, якія развіваюцца тыпова, могуць выконваць бытавыя хатнія справы, напрыклад запраўляць ложак, мыць посуд, складаць адзенне і гэтак далей. Дзіця з РАС таксама павінна ўдзельнічаць у хатніх справах. Яно можа дапамагчы накрыць на стол ці раскласці па месцах сталовыя прыборы пасля іх мыцця.
У вас можа ўзнікнуць спакуса пакласціся на дзяцей, або вы будзеце разлічваць, што дзеці, якія развіваюцца тыпова, возьмуць на сябе дадатковыя абавязкі. Аднак важна быць справядлівым і памятаць, што іншым вашым дзецям патрэбны час, каб проста быць дзецьмі.
Як справіцца з негатыўнымі пачуццямі
Пакуль вашы дзеці, якія развіваюцца тыпова, вучацца і прыстасоўваюцца да асаблівасцей паводзін свайго брата ці сястры з РАС, яны могуць сутыкнуцца з негатыўным стаўленнем да сябе з боку аднагодкаў. Напрыклад, яны могуць заўважыць, што з імі не хочуць мець зносіны ці сябраваць з-за іх брата ці сястры з РАС. У такіх сітуацыях дзеці могуць адчуваць крыўду, раздражненне, гнеў, часта турбавацца ці сумаваць.
Вось некалькі спосабаў дапамагчы ім справіцца з гэтымі пачуццямі:
- Старайцеся зразумець пачуцці сваіх дзяцей і прызнавайце іх. Напрыклад, калі ваша дзіця кажа: «Я ненавіджу гуляць з Ягорам, ён забірае мае цацкі», вы можаце сказаць: «Відаць, цябе гэта вельмі засмучае».
- Размаўляйце са сваімі дзецьмі пра іх пачуцці без асуджэння, напрыклад, вы можаце сказаць: «Я не злуюся на цябе» або «Ці можаш расказаць мне, што адбылося і што ты пры гэтым адчуў?».
- Падумайце разам з вашым дзіцем, якое развіваецца тыпова, як яно можа знайсці выйсце для сваіх эмоцый. Напрыклад, яно можа ляпіць, маляваць ці размалёўваць, каб выявіць свае пачуцці.
- Дзяліцеся сваімі эмоцыямі з дзецьмі — гэта дапаможа дзецям, якія развіваюцца тыпова, зразумець, што іх пачуцці нармальныя. Напрыклад, вы можаце сказаць, што часам таксама саромеецеся ці злуяцеся.
- Пагаварыце са сваім партнёрам, сваяком ці сябрам пра тое, што адбываецца ў вашай сям’і. Такія зносіны дазволяць вам супакоіцца і знайсці правільнае рашэнне.
- Калі вам складана наладзіць пазітыўныя адносіны з вашымі дзецьмі, якія развіваюцца тыпова, вы не спраўляецеся з іх эмоцыямі і паводзінамі, звярніцеся па дапамогу да прафесіянала, напрыклад да дзіцячага псіхолага ці псіхатэрапеўта.
Як знайсці падтрымку для братоў і сясцёр дзяцей з РАС за межамі вашай сям’і
Часам вашы дзеці, якія развіваюцца тыпова, могуць адчуваць сябе прыгнечанымі і расчараванымі вашым сямейным жыццём, асабліва калі ў іх брата ці сястры ёсць сур’ёзныя праблемы з паводзінамі. Сяброўства па-за сям’ёй можа дапамагчы вашым дзецям адчуць, што яны ўяўляюць сабой кагосьці большага, чым проста брата ці сястру дзіцяці з РАС.
Наведванне групавых заняткаў па падтрымцы братоў і сясцёр можа дапамагчы дзецям усвядоміць, што яны не адзінокія, і зразумець: тое, што яны адчуваюць, нармальна. Псіхалагічныя кансультацыі таксама дапамогуць дзецям справіцца з іх перажываннямі.
Групы падтрымкі
Далучэнне сям’і, якая выхоўвае дзіця з РАС, да групы падтрымкі — выдатны спосаб сустрэць іншых людзей, якія знаходзяцца ў аналагічнай сітуацыі, і пасябраваць з імі. Гэта таксама выдатная магчымасць для вашых дзяцей, якія развіваюцца тыпова, пазнаёміцца з іншымі дзецьмі — братамі і сёстрамі дзяцей з РАС.