Негатыўная рэакцыя на глютэн (цэліякія)
Негатыўная рэакцыя на глютэн
Негатыўная рэакцыя на глютэн (цэліякія) — гэта аўтаімуннае захворванне. Пры такіх захворваннях арганізм успрымае ўласныя клеткі і тканкі як чужародныя і накіроўвае на змаганне з імі фактары абароны імуннай сістэмы. У выпадку цэліякіі правакуючым фактарам атакі з’яўляецца бялок глютэн, які ўтрымліваецца ў пшаніцы, жыце, ячмені.
Пры цэліякіі пашкоджваецца слізістая абалонка тонкай кішкі, якая пакрыта варсінкамі, падобнымі на малюсенькія пальчыкі. Калі ў дзіцяці негатыўная рэакцыя на глютэн, ужыванне прадуктаў, якія яго ўтрымліваюць, прыводзіць да пашкоджання гэтых варсінак, што ў сваю чаргу парушае засваенне пажыўных рэчываў.
Негатыўная рэакцыя на глютэн сустракаецца прыкладна ў 1 з 70–100 чалавек. Гэтае захворванне можа ўзнікаць і ў дзяцей, і ў дарослых у любым узросце. У дзіцяці яно можа праявіцца ўжо ва ўзросце каля шасці месяцаў, калі ў яго рацыён харчавання пачынаюць уключаць прадукты, якія ўтрымліваюць глютэн.
Прычыны негатыўнай рэакцыі на глютэн
Негатыўная рэакцыя на глютэн можа перадавацца ў спадчыну. Людзі з такой хваробай атрымліваюць у спадчыну гены ад аднаго або абаіх бацькоў, што павялічвае верагоднасць яе ўзнікнення. Але не ва ўсіх людзей наяўнасць такіх генаў прыводзіць да развіцця дадзенага захворвання.
Калі вы, другі з бацькоў вашага дзіцяці або адзін з яго братоў ці сясцёр пакутуе ад цэліякіі, існуе верагоднасць каля 10 %, што ў дзіцяці з’явіцца гэтае захворванне.
Прыкметы і сімптомы негатыўнай рэакцыі на глютэн
Прыкметы і сімптомы негатыўнай рэакцыі на глютэн у дзіцяці дастаткова разнастайныя:
- млоснасць і рвота;
- дыярэя;
- запор;
- зніжэнне апетыту;
- боль у жываце;
- язвы ў роце;
- недахоп жалеза ў арганізме;
- анемія;
- затрымка росту або больш позняе палавое выспяванне;
- страта вагі;
- стамляльнасць і раздражняльнасць.
Калі цэліякію ігнараваць, яна можа выклікаць сур’ёзныя доўгатэрміновыя праблемы са здароўем, у тым ліку расстройства стрававання, слабы набор вагі, негатыўную рэакцыю на лактозу, астэапароз, артрыт, захворванні печані, эпілепсію, бясплоддзе і рак.
Калі звяртацца да педыятра пры падазрэнні на цэліякію
Калі вы адзначаеце якія-небудзь з вышэйпералічаных сімптомаў і іх нічым нельга растлумачыць ці яны доўжацца больш за два тыдні, вам варта звярнуцца да педыятра.
Дыягностыка цэліякіі
Дыягностыка цэліякіі пачынаецца з аналізу крыві. Калі ў дзіцяці высокі ўзровень спецыфічных антыцелаў да гэтага захворвання, педыятр накіруе яго да гастраэнтэролага.
Гастраэнтэролаг правядзе гастраскапію для пацвярджэння захворвання.
Гастраскапію праводзяць пад наркозам, працэдура займае каля 10 хвілін. Праз ротавую поласць дзіцяці ў тонкі кішэчнік уводзяць гібкую трубку, з дапамогай якой бяруць невялікія ўзоры тканкі. Узоры вывучаюць на прадмет пашкоджання варсінак. Калі яны пашкоджаны, гэта сведчыць пра наяўнасць цэліякіі.
Можа спатрэбіцца зрабіць вашаму дзіцяці дадатковы аналіз крыві, каб даведацца, ці ёсць у яго гены, якія могуць прыводзіць да развіцця цэліякіі. Такая працэдура можа быць неабходна, калі вынікі іншых аналізаў неадназначныя.
Лячэнне цэліякіі
У наш час лекаў ад цэліякіі не існуе. Але яе можна кантраляваць, калі выконваць строгую пажыццёвую безглютэнавую дыету.
Калі дзіця перастане ўжываць прадукты, якія ўтрымліваюць глютэн, яго тонкі кішэчнік адновіцца і стан дзіцяці палепшыцца. Звычайна гэта адбываецца на працягу некалькіх дзён ці тыдняў.
Падтрыманне здароўя пры цэліякіі
Нават нязначная колькасць глютэну ў рацыёне дзіцяці можа прывесці да пашкоджання варсінак тонкага кішэчніка, пры гэтым не заўсёды могуць выявіцца адпаведныя прыкметы або сімптомы. Таму вельмі важна выконваць безглютэнавую дыету.
З рацыёну дзіцяці неабходна выключыць прадукты, якія ўтрымліваюць глютэн.
Ён утрымліваецца ў пшаніцы, жыце, ячмені, таму можна пачаць з выключэння прадуктаў, у склад якіх уваходзяць гэтыя інгрэдыенты:
- хлебабулачныя вырабы;
- кандытарскія вырабы;
- сухія сняданкі;
- выпечка;
- макаронныя вырабы з пшанічнай мукі;
- прадукты, прыгатаваныя ў паніроўцы ці кляры;
- манныя крупы, булгур і кус-кус;
- фастфуд.
Пры дыягнаставанні ў дзіцяці цэліякіі важна пракансультавацца са спецыялістам-дыетолагам пра тое, як прытрымлівацца безглютэнавай дыеты.
Акрамя гэтага, таксама неабходна:
- Захоўваць асобна безглютэнавыя прадукты.
- Чытаць этыкеткі на ўсіх прадуктах.
- Прытрымлівацца безглютэнавай дыеты пры харчаванні па-за домам.
Трэба спрабаваць альтэрнатыўныя варыянты харчавання: напрыклад, існуе мноства кулінарных кніг па прыгатаванні страў без глютэну, у якіх можна запазычыць новыя ідэі, каб зрабіць рацыён больш разнастайным. Удакладніце ў дыетолага, ці можа ён парэкамендаваць якія-небудзь правераныя рэцэпты, кулінарныя кнігі і вэб-сайты.
Нават калі ў дзіцяці негатыўная рэакцыя на глютэн, яно ўсё роўна можа харчавацца збалансавана і пажыўна.