Развіццё неданошанага дзіцяці: 26–36 тыдняў

Развіццё неданошанага дзіцяці адбываецца ў тым жа парадку, што і ва ўлонні маці. Тое, наколькі рана нараджаюцца дзеці, можа з часам паўплываць на тэмпы іх росту і паводзіны. Калі ваша дзіця дасягне пэўных паказчыкаў здароўя, росту і развіцця, вы зможаце забраць яго дадому.
Body

Развіццё неданошанага дзіцяці: асновы

Развіццё неданошанага дзіцяці звычайна адбываецца ў той жа паслядоўнасці, што і ва ўлонні маці.

Гены вашага неданошанага дзіцяці запраграмаваны на тое, каб развіццё адбывалася пэўным чынам, і дадзены працэс працягнецца, нават калі ваша дзіця нарадзілася рана. Аднак у гэты час у яго могуць узнікнуць праблемы са здароўем. Часам у немаўлят таксама назіраецца затрымка ў росце і развіцці, асабліва калі яны хварэлі.

Усе немаўляты розныя, іх паводзіны і развіццё таксама маюць адрозненні. Што да неданошаных дзяцей, то адрозненні таксама могуць быць звязаны з тым, на якім тэрміне яны нарадзіліся.

Напрыклад, неданошанае дзіця, што нарадзілася на 32-м тыдні, хутчэй за ўсё, будзе паводзіць сябе інакш, чым дзіця, якое нарадзілася на 26-м тыдні і ў якога было многа праблем са здароўем, пакуль яно дасягнула ўзросту 32 тыдняў. Дзіцяці, якое нарадзілася ў 26 тыдняў, можа спатрэбіцца дадатковы час, каб набраць вагу, навучыцца есці і сацыялізавацца.

Вось змены, якія вы можаце чакаць і назіраць у неданошанага дзіцяці падчас яго знаходжання ў бальніцы.

26 тыдняў

У 26 тыдняў у дзіцяці ва ўлонні маці даўжыня цела складае прыкладна 35 см, а вага каля 760 г. Але неданошаныя дзеці часта малыя для свайго ўзросту. Дзіця, якое нарадзілася ў 26 тыдняў, верагодна, шчыльна змясцілася б у руцэ бацькі.

У гэтым узросце асноўныя «задачы» вашага неданошанага дзіцяці — расці, спаць і знаходзіцца ў стабільным стане з медыцынскага пункту гледжання.

Ваша немаўля можа часам расплюшчваць вочы, але яно не ў стане факусіраваць погляд на чым-небудзь. Святло ці іншыя візуальныя раздражняльнікі могуць выклікаць у дзіцяці стрэс. Медсястра звычайна накрывае інкубатар вашага немаўляці, а ў некаторых аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АІТН) уначы прыглушаюць святло.

Рухі вашага дзіцяці часта праяўляюцца ў форме штуршкоў, паторгванняў або ўздрыгванняў. У немаўляці яшчэ недастатковы мышачны тонус, і яно не можа самастойна прымаць зручныя позы. Персанал бальніцы будзе ўкладваць ваша дзіця ў позу эмбрыёна, падтрымліваць яго цела спецыяльнымі падкладкамі і саграваць яго. Гэта дапаможа немаўляці захоўваць энергію.

У вашага дзіцяці таксама могуць узнікнуць складанасці з дыханнем або адышка. Гэта звычайная з’ява для крайне неданошаных дзяцей. Частка мозга вашага немаўляці, якая адказвае за дыханне, яшчэ не цалкам развіта, таму паўзы паміж удыхамі з’яўляюцца нормай. Ваша дзіця перарасце гэтую асаблівасць.

Вушы, у тым ліку слыхавы апарат, вашага дзіцяці ўжо цалкам сфарміраваны, але, верагодней за ўсё, яно будзе адчувальным да знешніх гукаў. Ваша немаўля можа чуць ваш голас, але пакуль не ў стане вам адказаць.

Пачаць грудное выкормліванне пакуль не атрымаецца — дзіця яшчэ не можа смактаць грудзі.

Скура вашага дзіцяці далікатная і адчувальная, і яно можа адчуваць стрэс, калі да яго дакрануцца. Медсёстры, верагодна, параяць вам трымаць дзіця на руках, але не пагладжваць яго.

26–28 тыдняў

У 26–28 тыдняў немаўляты ва ўлонні маці працягваюць прыбаўляць у вазе і ў росце. Але калі ваша неданошанае дзіця захварэла, яго вага можа адставаць ад вагі дзіцяці, якое расце ва ўлонні маці. Акрамя таго, у бальніцах прымяняюць беражлівыя паэтапныя праграмы кармлення, каб абараніць няспелы кішэчнік вашага немаўляці ад інфекцый, а гэта можа стаць прычынай павольнага набору вагі.

У гэтым узросце немаўляты пачынаюць маргаць. Таксама ў іх растуць вейкі і бровы.

У вашага неданошанага дзіцяці па-ранейшаму нізкі мышачны тонус, і ў яго, верагодна, будуць узнікаць падрыгванні і трэмар.

Цыклы сну і няспання ў дзіцяці яшчэ не ўпарадкаваны, але ў яго могуць быць перыяды актыўнасці і спакою, а таксама вельмі кароткія перыяды няспання. Ваша немаўля можа расплюшчыць вочы, але, верагодна, у яго не атрымаецца сфакусіравацца ці вадзіць вачыма адначасова.

У гэтым уросце рэакцыя вашага дзіцяці на гук можа змяняцца з кожнай гадзінай ці кожным днём. Немаўля можа рэагаваць на ваш голас, але нервавацца з-за іншых гукаў. Па яго рэакцыі вы будзеце разумець, што яму падабаецца, а што не.

Ваша дзіця можа пачаць смактаць, але па-ранейшаму не ў стане харчавацца ад грудзей, бо для гэтага яно павінна ўмець смактаць, глытаць і дыхаць у правільным парадку.

Скура вашага дзіцяці ўсё яшчэ далікатная і адчувальная. Калі стан вашага дзіцяці стабільны з медыцынскага пункту гледжання, вы можаце пачаць практыкаваць кантакт «скура да скуры».

28–30 тыдняў

Ва ўлонні маці дзіця прыбаўляе ў вазе і росце, пачынае часцей варушыцца, адрознівае некаторыя гукі, напрыклад голас і музыку, спрабуе хапаць рукамі, расплюшчвае і заплюшчвае вочы.

У гэтым узросце вашае неданошанае дзіця па-ранейшаму будуць укладваць у пэўныя становішчы, але яно ўжо можа рухацца і пацягвацца больш актыўна, паколькі яго мышачны тонус паляпшаецца.

Перыяды спакойнага глыбокага сну вашага дзіцяці (калі яно не варушыцца) і лёгкага сну (калі яно рухае канечнасцямі і водзіць вачамі) павялічваюцца прыкладна ў 30 тыдняў. Вы таксама пачняце адзначаць, што дзіця можа непрацяглы час не спаць і расплюшчваць вочы на ​​кароткія перыяды, але гэта залежыць ад здароўя вашага дзіцяці, навакольнага асяроддзя і часу сутак.

Ваша немаўля пачынае шчыльна заплюшчваць павекі, калі вельмі светла, але яно ўсё яшчэ не можа актыўна вадзіць вачыма. У гэтым узросце яго вочы звычайна не атрымліваюць асаблівай стымуляцыі, таму вы можаце дапамагчы дзіцяці, мінімізуючы візуальныя стымулы.

Ваша дзіця працягвае рэагаваць на прыемныя гукі і па-ранейшаму адчувальнае да іншых гукаў. Яно можа заціхаць і ўважліва слухаць ваш голас, і вам, магчыма, будзе здавацца, што яно «прачынаецца», калі вы ўваходзіце. Вы можаце пачаць гаварыць са сваім дзіцем або спяваць яму ў перыяд яго непрацяглага няспання. Займайце немаўля толькі адным заняткам — гэта можа быць зрокавы кантакт або размова, але не двума адначасова.

Прыкладна ў гэты перыяд у вашага дзіцяці можа пачаць праяўляцца пошукавы рэфлекс, калі пры дакрананні да шчакі яно паварочваецца ў бок, дзе адчувае пагладжванне. Гэта азначае, што дзіця рыхтуецца да кармлення грудзьмі. Яно нават можа пачаць смактаць, але пакуль рана пераходзіць да груднога выкормлівання.

Скура вашага дзіцяці ўсё яшчэ адчувальная, аднак роўныя пяшчотныя дакрананні рукамі або кантакт «скура да скуры» яму падабаюцца. Магчыма, зараз вы зможаце пачаць даглядаць сваё немаўля.

30–33 тыдні

У гэтым узросце ўсе органы дзіцяці фарміруюцца канчаткова. Дзіцяці, народжанаму ў гэты перыяд, магчыма, не спатрэбіцца значная медыцынская дапамога.

Рухі вашага неданошанага дзіцяці становяцца больш плаўнымі і кантралюемымі, і яно пачынае самастойна згінаць ручкі і ножкі.

Працягласць глыбокага сну дзіцяці павялічваецца. Перыяды няспання наступаюць часцей, асабліва калі ў пакоі цёмна; дзіця шчыльна заплюшчвае вочы, калі вакол светла. Калі дзіця не спіць, яно можа засяродзіцца на вашым твары або іншым цікавым прадмеце і відавочна рэагаваць на ваш голас.

Вашаму дзіцяці можа падабацца падтрымліваць зрокавы кантакт, адчуваць вашы дакрананні або мець зносіны, але ўсё ж рэкамендуецца займацца чымсьці адным. Сачыце за мовай цела вашага дзіцяці, каб своечасова выявіць прыкметы стрэсу.

Немаўля можа пачаць рытмічна смактаць і дэманстраваць гатоўнасць да груднога выкормлівання. Падрыхтоўвайце дзіця да кармлення грудзьмі, даючы адчуць пах і смак груднога малака. Пагладжвайце яго вусны — гэтым вы дапаможаце яму падрыхтавацца да адчуванняў дотыку пры кармленні грудзьмі.

Калі вы бачыце, што ваша дзіця падносіць руку да рота, гэта азначае, што яно спрабуе супакоіць сябе.

Немаўля ўсё яшчэ можа быць вельмі адчувальным да дакрананняў і маніпуляцый. Будзе карысным загадзя гаварыць яму, што вы збіраецеся рабіць, напрыклад: «Цяпер мы будзем мяняць табе падгузнік». Дзіця можа пачаць асацыіраваць ваш голас з тым, што вы робіце.

33–36 тыдняў

Ваша дзіця набліжаецца да той даты, калі яно павінна было нарадзіцца. Але нават ва ўзросце 37 тыдняў яго паказчыкі могуць не супадаць з такімі ж у даношанага дзіцяці.

Немаўля рухаецца больш плаўна, згінае ручкі і ножкі. Яно таксама можа круціць галавой, і яго мышачны тонус становіцца вышэйшым.

Зараз у дзіцяці значна менш цяжкасцей з дыханнем.

Стан вашага дзіцяці зразумелы — спакойны сон, актыўны сон, санлівасць, спакойнае няспанне, няспанне з трывогай або плачам. Перыяды няспання дзіцяці па-ранейшаму даволі кароткія, але яны становяцца даўжэйшымі і здараюцца ўсё часцей. Дзіця здольна мець зносіны больш працяглы час; яно можа адвярнуцца або заплюшчыць вочы, калі яму дастаткова.

Ваша дзіця, хутчэй за ўсё, будзе аднолькава рэагаваць на гукі і шумы з дня ў дзень. Магчыма, вы нават будзеце прадбачыць яго рэакцыю на тое, што збіраецеся яму сказаць.

Ваша дзіця, верагодна, усё яшчэ мала плача. Але па меры набліжэння да ўзросту даношанасці яно будзе рабіць гэта часцей, каб паказаць вам, чаго хоча.

У гэты перыяд можна пачынаць прыкладаць дзіця да грудзей.

Ваша дзіця можа па-ранейшаму быць адчувальным да маніпуляцый і дакрананняў, хоць калі вы будзеце гаварыць яму, што збіраецеся рабіць, гэта дапаможа яму расслабіцца.

37 тыдняў і пазней

Ваша дзіця можа быць гатова ехаць дадому яшчэ да меркаванай даты яго нараджэння, аднак шпіталізацыя можа заняць больш часу, калі яно перанесла аперацыю або хваробу.

У бальніцы будуць вызначаны паказчыкі адносна здароўя, росту і развіцця вашага дзіцяці, пры дасягненні якіх вы зможаце забраць яго дадому. Яны, хутчэй за ўсё, будуць уключаць паступовы набор вагі, грудное выкормліванне пры кожным кармленні і адсутнасць праблем з дыханнем.