Скарэкціраваны ўзрост: колькі месяцаў/гадоў вашаму неданошанаму дзіцяці
Скарэкціраваны ўзрост: што гэта такое?
Скарэкціраваны ўзрост — гэта розніца паміж фактычным узростам дзіцяці ў тыднях і тыднямі гестацыі, якіх не хапае да даношанага тэрміну.
Напрыклад, узрост шасцімесячнага дзіцяці, якое нарадзілася на тры месяцы раней за тэрмін, з улікам папраўкі на неданошанасць складае тры месяцы.
Чаму скарэкціраваны ўзрост мае важнае значэнне
Скарэкціраваны ўзрост неабходны для правільнай ацэнкі псіхафізічнага развіцця дзіцяці і назірання за дынамікай яго развіцця ў першыя гады жыцця. Напрыклад, калі хтосьці заўважае, што вашаму дзіцяці шэсць месяцаў, але яно яшчэ не сядзіць, вы можаце растлумачыць, што дзіця нарадзілася на тры месяцы раней за тэрмін. Калі вы скарэкціруеце яго ўзрост з папраўкай на неданошанасць, акажацца, што немаўляці сапраўды ўсяго тры месяцы і яно выконвае ўсё, што звычайна робіць трохмесячнае дзіця.
Скарэкціраваны ўзрост мае асабліва важнае значэнне ў першыя гады жыцця вашага дзіцяці, таму што тлумачыць прычыны затрымкі яго развіцця ў розных сферах.
Калі вы святкуеце першы дзень нараджэння дзіцяці, урачыстасць павінна адбыцца праз год пасля яго нараджэння незалежна ад скарэкціраванага ўзросту!
Як скарэкціраваны ўзрост уплывае на розныя аспекты росту і развіцця
У кожнага дзіцяці свае тэмпы развіцця, незалежна ад таго, неданошанае яно ці даношанае.
Нараджэнне раней за тэрмін можа па-рознаму паўплываць на рост і развіццё немаўляці. Па некаторых паказчыках дзіця можа не адрознівацца ад дзяцей, якія нарадзіліся ў тэрмін, тады як развіццё ў іншых сферах можа адставаць. Асабліва важна ўлічваць скарэкціраваны ўзрост вашага дзіцяці пры вымярэнні яго росту і вагі.
Каму расказаць аб скарэкціраваным узросце вашага дзіцяці
Пра тое, што дзіця нарадзілася заўчасна, рэкамендуецца паведамляць урачам розных профіляў, медыцынскім работнікам, выхавацелям, педагогам дашкольных устаноў, дарослым, якія даглядаюць ваша дзіця або працуюць з ім. Пры гэтым абавязкова трэба ўдакладняць тэрмін нараджэння.
Калі вы турбуецеся, што ў дзіцяці ўзнікнуць праблемы з навучаннем або развіццём пасля таго, як яно пойдзе ў школу, таксама абавязкова паведаміце настаўнікам, што яно нарадзілася раней за тэрмін.
Узрост, калі трэба спыніць карэкцыю на неданошанасць, не вызначаны. Аднак большасць спецыялістаў у галіне аховы здароўя рэкамендуюць рабіць папраўку на неданошанасць прынамсі, пакуль вашаму дзіцяці не споўніцца два гады.
Як скарэкціраваны ўзрост уплывае на гульні і зносіны вашага дзіцяці
Магчыма, вы заўважылі, што іншыя дзеці таго ж храналагічнага ўзросту могуць рабіць больш, чым ваша неданошанае дзіця. Але калі вы ўлічыце скарэкціраваны ўзрост, вы адзначыце: тое, што можа рабіць ваша дзіця, якраз адпавядае яго ўзросту.
Як і ўсе дзеці, ваша неданошанае дзіця многаму навучыцца, калі яго акружаюць людзі, якія яго любяць і ствараюць развіваючае асяроддзе з улікам індывідуальных асаблівасцей. Памятайце, што штодзённыя жыццёвыя сітуацыі (кармленне, пераадзяванне, купанне, прагулка, гульня) з’яўляюцца асновай для развіцця вашага дзіцяці.
Пра асаблівасці догляду вашага неданошанага дзіцяці і яго развіцця вы можаце даведацца ў вашага ўрача, медсястры, спецыялістаў цэнтра ранняга ўмяшання. Зносіны з іншымі бацькамі, чые дзеці нарадзіліся неданошанымі, могуць садзейнічаць зніжэнню вашай трывогі перад будучыняй дзіцяці.
Скарэкціраваны ўзрост і пачатак наведвання дашкольнай установы або школы
Ваша дзіця можа пачаць наведваць дзіцячую дашкольную ўстанову і школу ў адпаведнасці з храналагічным узростам, а не скарэкціраваным.
Аднак варта памятаць, што неданошанасць можа аказваць уплыў на фізічнае і псіхічнае развіццё дзіцяці — магчыма, яно адразу не зможа спраўляцца з нагрузкай, якая ад яго чакаецца ў дашкольнай установе. Некаторыя бацькі неданошаных дзяцей вырашаюць адкласці вучобу на год, калі скарэкціраваны ўзрост іх дзіцяці крыху ніжэйшы за ўзрост паступлення ў школу. Гэта дае дзіцяці дадатковы час, каб падрасці і асвоіць сацыяльныя навыкі, неабходныя для дашкольнага і школьнага навучання.
Калі ў вашага дзіцяці дыягнаставана затрымка ў развіцці, вы можаце папрасіць спецыялістаў інтэрпрэтаваць вынікі тэстаў як з улікам скарэкціраванага, так і ў адпаведнасці з храналагічным узростам дзіцяці.
Калі рабіць прышчэпкі
Як правіла, неданошаных дзяцей вакцынуюць у адпаведнасці з іх храналагічным узростам, гэта значыць у адпаведнасці з датай нараджэння. Такім дзецям неабходна імунізацыя, таму што яны з большай верагоднасцю могуць заразіцца некаторымі інфекцыйнымі захворваннямі. Дзеці добра рэагуюць на прышчэпкі і могуць выпрацаваць антыцелы да хвароб, супраць якіх яны атрымалі вакцыну.
Рэкамендацыі па вакцынацыі неданошанага дзіцяці вы можаце атрымаць у свайго ўрача, педыятра.