Асаблівасці развіцця і знешняга выгляду неданошанага дзіцяці
Як можа выглядаць неданошанае малое дзіця
Неданошаныя дзеці выглядаюць інакш, чым народжаныя ў належны тэрмін. Акрамя таго, яны могуць выглядаць па-рознаму ў залежнасці ад таго, наколькі раней за тэрмін нарадзіліся.
Дзіця, якое з’явілася на свет на тэрміне 36–37 тыдняў, верагодней за ўсё, будзе выглядаць як маленькае даношанае дзіця.
Але вельмі неданошанае немаўля (напрыклад, якое нарадзілася на 24-м тыдні) будзе даволі маленькім. У такога дзіцяці можа быць вельмі далікатная напаўпразрыстая скура, яго павекі будуць самкнутыя.
Спецыялісты аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АРІТН) будуць кантраляваць усе параметры жыццяздольнасці і развіцця неданошанага дзіцяці, уважліва сачыць за яго вагой, ростам і памерам галавы, каб упэўніцца, што яно развіваецца ў межах нормы.
Косці неданошанага дзіцяці
У неданошанага дзіцяці косці могуць быць не цалкам сфарміраваныя.
Многія мінералы, у тым ліку кальцый і фосфар, перадаюцца ад маці дзіцяці на апошніх месяцах цяжарнасці. Дзякуючы гэтаму ў даношаных немаўлят растуць і мацнеюць косці. Але неданошаныя дзеці не атрымліваюць гэтыя важныя мінералы, бо не знаходзяцца ва ўлонні маці.
Таксама неданошанае дзіця часта губляе з мачой больш мінералаў, чым даношанае.
Важна адзначыць, што народжаныя ў тэрмін дзеці ў апошнія месяцы развіцця ва ўлонні маці больш рухаюцца, дзякуючы гэтаму расцягваюцца і скарачаюцца мышцы, што дадаткова спрыяе фарміраванню касцей. Неданошаныя дзеці прапускаюць гэты этап свайго развіцця.
Можа спатрэбіцца дастаткова шмат часу, пакуль у неданошанага дзіцяці косці вырастуць і акрэпнуць.
Як дапамагчы росту касцей у неданошанага дзіцяці
Лёгкія практыкаванні, спецыяльна распрацаваныя для неданошаных дзяцей, — простыя згінанні і выпрамленні ручак і ножак — спрыяюць набору вагі, умацаванню касцей і павелічэнню мышачнай масы дзіцяці. Практыкаванні таксама могуць зменшыць верагоднасць затрымкі маторнага развіцця ў дзіцяці.
Такія практыкаванні павінны ўпісвацца ў агульны план аказання медыцынскай дапамогі неданошанаму, таму перш чым пачаць іх выконваць, трэба пракансультавацца з урачом. Ён ведае, калі дзіця ўжо гатова прыступіць да такіх заняткаў. Хутчэй за ўсё, спачатку выконваць гэтыя спецыяльныя практыкаванні з неданошаным дзіцем будзе медыцынскі спецыяліст родадапаможнай установы, пры гэтым бацькі змогуць назіраць за працэсам і вучыцца правільна рабіць такую гімнастыку.
Пасля выпіскі неданошанага дзіцяці дадому неабходна актыўна гуляць з ім у гульні, якія будуць заахвочваць яго да таго, каб варушыць ручкамі і ножкамі. Напрыклад, можна варушыць ножкамі дзіцяці, калі яно ляжыць на падлозе, ці асцярожна і далікатна рухаць яго ручкі, нібы яно вяслуе на лодачцы.
Скура неданошанага дзіцяці
Калі дзіця нараджаецца неданошаным, яго скура можа быць не поўнасцю развітая. Аднак яна хутка фарміруецца.
Скура выконвае дзве вельмі важныя функцыі. Па-першае, яна дазваляе дзіцяці адчуваць свет за кошт дотыкаў і тэмпературы навакольнага асяроддзя. Па-другое, яна выконвае ахоўную функцыю для ўсіх структур арганізма.
Дотык
Першым з пачуццяў фарміруецца адчуванне ад дакранання. Неданошанае немаўля спазнае свет з дапамогай дакрананняў, таму дотык з’яўляецца асноўным спосабам фарміравання ўстойлівай псіхаэмацыянальнай сувязі з дзіцем.
Цёплыя рукі (калі яны ў вас халодныя, сагрэйце іх) можна акуратна пакласці на спіну, жывоцік ці галаву дзіцяці — гэта супакоіць яго. Дастаткова простых дотыкаў. Занадта моцны ціск пры пагладжванні ці дакрананні, рэзкія рухі могуць выклікаць спалох у дзіцяці, стаць прычынай яго расстройства. Медыцынская сястра ці ўрач пакажа вам, як дакранацца да дзіцяці, каб супакоіць і суцешыць яго.
Абарона
У даношанага дзіцяці скура выступае ў якасці бар’ера супраць бактэрый і вірусаў, якія могуць інфіцыраваць арганізм. Падскурна-тлушчавая клятчатка служыць у якасці ізаляцыйнага слоя для дзіцяці, утрымліваючы цяпло і вільгаць, а таксама прадухіляе абязводжванне арганізма.
У некаторых неданошаных дзяцей, народжаных ва ўзросце каля 26 тыдняў, скура не сфарміраваная поўнасцю. Яна можа выглядаць гладкай, бліскучай або напаўпразрыстай, быць вельмі тонкай і валодаць моцнай ломкасцю і пранікальнасцю. Нейкі перыяд часу яна не здольная выконваць функцыю эфектыўнага бар’ера. Такім чынам, пры траплянні на скуру дзіцяці якіх-небудзь рэчываў (любыя ласьёны ці крэмы) яны з лёгкасцю пранікаюць у яе з магчымым таксічным уздзеяннем.
Пазней, ва ўзросце 30–32 тыдняў, скура дзіцяці можа выглядаць маршчыністай і адрузлай за кошт таго, што яе стане больш, але ў дзіцяці пад скурай усё яшчэ будзе недастаткова тлушчу і мышцаў.
Паколькі ў неданошаных дзяцей зусім нізкі ўзровень падскурна-тлушчавай праслойкі, у іх ёсць праблемы з падтрыманнем стабільнай тэмпературы цела. У кувезе для дзіцяці будуць забяспечвацца неабходная тэмпература і вільготнасць да таго часу, пакуль скура не сфарміруецца.
Скура неданошаных дзяцей можа станавіцца сухой і лушчыцца. Гэта нармальна.
Скура — гэта жывая і самая вялікая структура арганізма, якая ўвесь час утварае новыя слаі і губляе старыя. Яна ўключае валасяныя фалікулы, поры, потавыя і тлушчавыя залозы, крывяносныя сасуды і нервовыя канчаткі, якія забяспечваюць адчувальнасць. Скура назапашвае ваду, цукры і кальцый, а таксама ўдзельнічае ў выпрацоўцы вітаміну D.
Клопат пра скуру неданошанага дзіцяці
У кожным аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных, а таксама ў аддзяленнях другога этапу выходжвання існуюць пэўныя працэдуры па доглядзе вельмі далікатнай скуры неданошаных немаўлят. Напрыклад, неабходна выкарыстанне спецыяльных масел або крэму для неданошаных з вельмі сухой скурай. Персанал паклапоціцца пра гэта.
Што вы можаце зрабіць для догляду скуры свайго дзіцяці, народжанага раней за тэрмін:
- выкарыстоўвайце мяккае баваўнянае, а не сінтэтычнае дзіцячае адзенне, таксама будзьце ўважлівыя пры выкарыстанні шарсцяных вырабаў, якія могуць выклікаць раздражненне адчувальнай скуры;
- не наносьце якія-небудзь сродкі на скуру дзіцяці без папярэдняй кансультацыі з медыцынскай сястрой ці ўрачом;
- правільна дакранайцеся да дзіцяці і акуратна ўзаемадзейнічайце з ім — медыцынская сястра або ўрач-неанатолаг акажуць практычную падтрымку ў тым, як гэта рабіць.
Неданошанае дзіця, у якога недастаткова падскурна-тлушчавай клятчаткі і слабыя мышцы, звычайна не вельмі многа рухаецца. Некаторыя з яго першых рухаў могуць быць рэзкімі і нагадваць рыўкі. Але па меры псіхафізічнага развіцця неданошанага дзіцяці яго рухі будуць станавіцца больш плаўнымі і кантралюемымі.