Першы тыдзень жыцця вашага нованароджанага: чаго чакаць
Аб першым тыдні жыцця нованароджанага
Першы тыдзень жыцця нованароджаны праводзіць, адаптуючыся да новага для яго асяроддзя.
Знешні свет моцна адрозніваецца ад улоння маці, дзе заўсёды цёмна, тэмпература сталая, а гукі прыглушаныя. Вы дапаможаце свайму дзіцяці прывыкнуць да знешняга свету, калі акружыце яго цяплом, любоўю, увагай, забяспечыце абарону. Часцей абдымайце немаўля і ўсміхайцеся яму.
Змены ў знешнасці нованароджанага ў першы тыдзень жыцця
Знешні выгляд дзіцяці зменіцца на працягу першага тыдня.
Падчас праходжання па родавых шляхах або ў выніку прымянення вакуум-экстрактара пры родах галава дзіцяці можа стаць злёгку конусападобнай. Але на працягу першага тыдня жыцця яна паступова набудзе больш акруглую (нармальную) форму.
Любая прыпухласць на твары, у тым ліку і вакол вачэй нованароджанага, знікне ў першыя некалькі дзён яго жыцця. Знікненне пасляродавай гематомы, якая ўтварылася на твары або галаве дзіцяці, таксама адбываецца на працягу гэтага перыяду. Немаўляты з гематомамі схільныя да рызыкі жаўтухі нованароджаных. Калі скура на твары дзіцяці пажаўцела і вы падазраяце, што ў яго жаўтуха, трэба паведаміць свайму ўрачу.
Пупавінны астатак у дзіцяці паступова высахне, пацямнее, а затым адпадзе. Звычайна гэта адбываецца на працягу першых 10 дзён пасля нараджэння. Варта старанна сачыць за гігіенай пупавіннага астатку і пупочнай ранкі дзіцяці — яны павінны заставацца чыстымі і сухімі. Калі вобласць вакол пупавіны выглядае пачырванелай або яна ліпкая, трэба паведаміць пра гэта педыятру ці медыцынскай сястры.
У нованароджанага можа быць адна ці некалькі радзімак або яны могуць з’явіцца ў яго пазней. Радзімкі — распаўсюджаная з’ява. Як правіла, яны не патрабуюць медыцынскага агляду. Але калі радзімка ў дзіцяці выклікае ў вас занепакоенасць ці вы адзначаеце якія-небудзь яе змены, звярніцеся да ўрача ці медыцынскай сястры для агляду.
Кармленне і сон у першы тыдзень жыцця
Большую частку часу нованароджаны спіць, прачынаючыся кожныя некалькі гадзін для кармлення. Ён не можа спаць бесперапынна ўсю ноч. Страўнік дзіцяці вельмі маленькі, таму яно часта прачынаецца, каб паесці.
Большасці немаўлят кармленне патрабуецца кожныя 2–4 гадзіны, такім чынам, на працягу сутак яны ядуць 8–12 разоў. Калі дзіця на грудным выкормліванні, то часам кармленне можа доўжыцца да гадзіны.
Часцей за ўсё нованароджаны прачынаецца на кармленне сам. Аднак у некаторых выпадках варта прапаноўваць яму паесці, не чакаючы, пакуль дзіця самастойна прачнецца. Напрыклад, гэта неабходна, калі ў яго нізкая маса цела, калі немаўля аслаблена перанесенымі крытычнымі станамі пры нараджэнні або калі ў яго жаўтуха.
Спатрэбіцца некаторы час, пакуль рэжым кармлення і сну наладзіцца.
Маці ў першыя некалькі тыдняў пасля родаў вельмі важна клапаціцца пра сябе. Тут вялікае значэнне маюць тры моманты: добрае харчаванне, фізічная актыўнасць і сон у той жа час, калі спіць дзіця (гэта дапамагае аднавіць сілы). Калі вам патрэбна дапамога, не саромейцеся звярнуцца да каго-небудзь з членаў сям’і ці сяброў.
Развіццё ў першы тыдзень жыцця
Нованароджаны многаму вучыцца, штодня праводзячы час з вамі. Яго галаўны мозг расце і развіваецца, калі дзіця глядзіць, слухае, адчувае пахі і дакранаецца да навакольных аб’ектаў.
У дзіцяці захоўваюцца прыроджаныя фізіялагічныя рэфлексы: яно можа міжвольна сціскаць ручкі («хапальны» рэфлекс), уздрыгваць ад раптоўных гучных гукаў і інш. Яно таксама можа рэзка торгацца падчас сну.
Наладжванне сувязі і зносіны ў першы тыдзень жыцця
Нованароджаны пазнае голас мамы, знаёмы яму яшчэ з перыяду развіцця ў яе ўлонні. Акрамя голасу, зносіны з дзіцем адбываюцца праз дотыкі, зрокавы кантакт і ўспрыманне пахаў. Можна сказаць, што зносіны з нованароджаным — гэта не толькі, калі ён вас слухае, але і калі глядзіць, адчувае дотыкі і пахі.
Ваша дзіця будзе наладжваць з вамі кантакт праз паводзіны, хоць пакуль яно не можа ўсміхацца. На працягу першага тыдня вы пачняце распазнаваць сігналы і мову цела вашага дзіцяці.
Не шкадуйце пяшчотных дотыкаў, абдымкаў, усмешак і ласкавых позіркаў для дзіцяці, дзякуючы ім яно будзе адчуваць сябе ў бяспецы побач з вамі. Таксама гэта садзейнічае яго здароваму развіццю, а таксама ўмацаванню сувязі і прывязанасці паміж вамі.
Агульныя праблемы са здароўем у першы тыдзень жыцця
Страта вагі
На працягу першых пяці дзён пасля нараджэння вага дзіцяці памяншаецца — гэта нармальна, бо выходзіць лішняя вадкасць. Страта вагі не павінна складаць больш за 10 % ад яе значэння пры нараджэнні. Большасць немаўлят аднаўляюць сваю вагу пры нараджэнні праз 1–2 тыдні. У выпадку значнай страты вагі, магчыма, будзе адкладзена выпіска дзіцяці дадому з радзільнага дома, паколькі спатрэбіцца штодзённы кантроль вагі і дастатковасці харчавання.
Выдзяленні з вачэй
У немаўлят магчыма з’яўленне гнойных выдзяленняў з вачэй, акрамя таго, на працягу першых некалькіх тыдняў жыцця можа адзначацца слёзацячэнне. Самая частая прычына гэтага — парушэнне праходнасці слёзных праток. У гэтым выпадку дапаможа далікатнае ачышчэнне вачэй і масаж. Звярніцеся да ўрача ці медыцынскай сястры з просьбай агледзець вочы дзіцяці ў выпадку іх пачырванення ці пры з’яўленні гнойных выдзяленняў.
Скурныя высыпанні
У нованароджаных могуць з’явіцца высыпанні на скуры. Як правіла, яны не нясуць сур’ёзнай пагрозы. Тым не менш, пры наяўнасці ў дзіцяці сыпу будзе лепш, калі ўрач ці медыцынская сястра агледзяць яго. Найбольш распаўсюджаныя скурныя праблемы: себарэйны дэрматыт (утварэнне тлустых лускаватых скарыначак на скуры галавы дзіцяці), прэласці, патніца, экзэма, міліумы і сухасць скуры.
Калі звяртацца да ўрача ці медыцынскай сястры
Калі вам здаецца, што нешта не так, звярніцеся па медыцынскую дапамогу, напрыклад, да медыцынскіх работнікаў радзільнага дома, дзе з’явілася на свет ваша дзіця, або да свайго ўрача ці медыцынскай сястры.
Трэба зрабіць гэта як мага хутчэй у наступных выпадках:
- дзіця мала есць: напрыклад, калі яно з’ядае палову ад звычайнага аб’ёму ежы, калі ўдвая скарацілася колькасць кармленняў у суткі або калі ў яго часта ўзнікае рвота пасля кармленняў;
- у дзіцяці менш за 6–8 мокрых падгузнікаў у дзень;
- дзіця раздражняльнае, млявае, здаецца вельмі стомленым, цяжка прачынаецца для кармлення;
- адзначаецца бледнасць і жаўтушнасць скурнага покрыва.
Плач у першы тыдзень жыцця
Цалкам нармальна, што нованароджаныя плачуць, але ў некаторых выпадках гэта можа стаць прычынай стрэсу, асабліва калі вы не ведаеце, што менавіта ваша дзіця спрабуе вам «сказаць».
Найбольш частыя прычыны плачу ў нованароджанага:
- голад;
- мокры/брудны падгузнік;
- дыскамфорт (дзіцяці занадта горача ці занадта холадна);
- жаданне, каб вы былі побач (бо гэта дае яму адчуванне абароненасці).
Калі нованароджаны плача, пакарміце яго, змяніце падгузнік, прыцісніце да сябе ці пагушкайце, можна таксама паспрабаваць «пагаварыць» з ім, праспяваць пяшчотным голасам або зрабіць цёплую расслабляльную ванну. Калі дзіця многа плача, гэта не значыць, што вы дрэнна спраўляецеся з бацькоўскай роляй.
У якіх выпадках звяртацца па дапамогу, калі дзіця плача
Калі вам здаецца, што нованароджаны занадта многа плача, і вам цяжка справіцца з гэтым, трэба як мага хутчэй пракансультавацца з урачом ці медыцынскай сястрой.
Акрамя таго, трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу, калі ў дзіцяці:
- пранізлівы крык;
- слабы плач або стогны;
- плач доўжыцца працяглы час.
Плач — гэта галоўны спосаб нованароджанага паведаміць, што яму трэба.
Медыцынскі агляд дзіцяці па заканчэнні першага тыдня жыцця
Пасля выпіскі з радзільнага дома даныя пра нованароджанага перадаюцца ў паліклініку па месцы яго пражывання. Дзіцячая паліклініка забяспечвае бясплатную амбулаторна-паліклінічную дапамогу вашаму дзіцяці. У першыя дні пасля выпіскі з радзільнага дома немаўля наведае (ажыццявіць патранаж) медыцынская сястра. Таксама візіт на дом ажыццявіць педыятр, ён агледзіць дзіця і дасць рэкамендацыі па доглядзе і кармленні.
Падчас агляду медыцынскай сястры ці педыятру можна агучыць усе хвалюючыя пытанні, якія датычацца самых розных тэм: ад сыпу да рвоты і плачу. Вы можаце папярэдне скласці спіс пытанняў, каб нічога не забыцца.