Планавы прафілактычны агляд у 9 месяцаў
Ваша дзіця дасягнула значнага прагрэсу ў сваім развіцці і авалодала многімі навыкамі. Яно можа самастойна сядзець, вывучыла розныя цацкі, есць з дапамогай пальцаў рук, яму падабаецца капіраваць дзеянні дарослых падчас гульні, яно навучылася выкарыстоўваць па прызначэнні розныя прадметы і г. д. Вы — галоўны настаўнік вашага дзіцяці, і важна падаваць яму станоўчы прыклад.
Падрыхтоўка да візіту
- Вазьміце з сабой любімую цацку або кніжку з малюнкамі, паільнік з пітной вадой і папярэдне складзены спіс пытанняў да педыятра, якія вас цікавяць.
Прафілактычны агляд уключае наступныя мерапрыемствы:
- Педыятр або медыцынская сястра абмяркуе з вамі пытанні, якія датычацца развіцця вашага дзіцяці, з мэтай ацэнкі прагрэсу яго маўлення, фізічных здольнасцей і кагнітыўных навыкаў. Гэта дапамагае выявіць асаблівыя таленты вашага дзіцяці, а таксама сферы, якія патрабуюць дадатковай падтрымкі.
- Маніторынг фізічнага развіцця: прывычныя вымярэнні даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы і запіс вынікаў у графікі росту (дыяграмы).
- Уводнае апытанне і кансультаванне: харчаванне застаецца актуальнай тэмай — што даваць, чаго пазбягаць, як часта карміць. Вы таксама можаце абмеркаваць паводзіны дзіцяці і спосабы стымулявання жаданых паводзін: тлумачыць, што добра, а што не, вызначаць межы, паказваць на наступствы, прыслухоўвацца да дзіцяці і надаваць яму належную ўвагу, хваліць, спыняць дрэнныя паводзіны і г. д. Важна, каб усе члены сям'і выконвалі агульныя правілы. Магчыма, у гэты перыяд будзе дарэчы абмеркаваць страх разлукі. Трэба прадаўжаць даваць вітамін D3 і прэпараты жалеза, калі яны былі рэкамендаваны. Вам таксама могуць расказаць пра тое, як правільна падтрымліваць гігіену поласці рота.
- Медыцынскае абследаванне і ацэнка развіцця: урач выканае стандартны агляд дзіцяці, абмяркуе з вамі пытанні, якія яго цікавяць, магчыма, прапануе запоўніць апытальнік; вы зможаце разам ацаніць засваенне вашым дзіцем некаторых навыкаў, у якіх сумняваліся.
- Вядзенне здаровага ладу жыцця: па-ранейшаму важнымі тэмамі застаюцца прафілактыка ўздзеяння тытунёвага дыму, шкода ад ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара, недапушчальнасць засынання дзіцяці з бутэлечкай, асабліва з сумессю або салодкім напіткам, а таксама стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці на вуліцы, дома, у аўтамабілі.
- Абмеркаванне іншых пытанняў, якія датычацца арганізацыі догляду за дзіцем і падтрымкі ў гэтым з боку блізкіх і сям'і.
Вакцынацыя
У гэтым узросце па графіку няма планавай вакцынацыі. Калі ваша дзіця па нейкай прычыне прапусціла адну з прышчэпак, якую яно павінна было атрымаць падчас папярэдніх наведванняў, ёсць магчымасць запоўніць гэты прабел.
Заключэнне
- На аснове абследавання, назірання за паводзінамі дзіцяці і вынікаў, атрыманых пры ацэнцы развіцця, урач ці медыцынская сястра дасць вам сваё заключэнне аб росце, развіцці і стане здароўя вашага дзіцяці.
- Пры неабходнасці больш дэталёвай ацэнкі развіцця дзіця будзе накіравана да іншага спецыяліста або медыцынскага работніка.
- Вам таксама могуць прапанаваць інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы па пытаннях, якія ў вас узніклі, і прызначыць час наступнага візіту.
Памятайце, вы — галоўны настаўнік вашага дзіцяці і для выканання гэтай ролі вам патрэбна падтрымка і прафесійная дапамога. Не забывайце, што вы павінны служыць дзіцяці прыкладам для пераймання.