Абарона зубоў ад карыесу

Прафілактыкай карыесу з’яўляецца старанны догляд, здаровае харчаванне і рэгулярныя агляды ў стаматолага. Калі на зубах дзіцяці з’явіцца першая пляма, якую немагчыма выдаліць падчас звычайнай чысткі, варта звярнуцца да дзіцячага стаматолага.
Body

Што такое карыес

Карыес можа ўзнікаць у вельмі раннім узросце з-за недастатковай гігіены поласці рота і дрэннага харчавання. Ранняе з’яўленне карыесу на вялікай колькасці зубоў, часцей за ўсё на верхняй сківіцы, называюць цыркулярным карыесам, або сіндромам дзіцячай бутэлечкі. Зуб пачынае разбурацца, калі на яго паверхні ўтворыцца ліпкі налёт, які так і называюць — «зубны». Мікраарганізмы, якія ў ім утрымліваюцца, харчуюцца цукрамі з ежы і прадуцыруюць кіслату, якая раз’ядае зуб. На яго паверхні пачынаюць з’яўляцца карычневыя плямы ці белая паласа па лініі дзясны, а праз некаторы час у зубе ўзнікае поласць. Побач дзясны могуць пачырванець і апухнуць, а ў цяжкіх выпадках яны пакрываюцца пухірамі. Такі зуб з хранічным запаленнем можа быць прычынай болю і крыніцай распаўсюджвання інфекцыі, уплываць на прыём ежы, маўленне, развіццё сківіц і агульны рост і развіццё дзіцяці.

Пры першых прыкметах карыесу неабходна адвесці дзіця да дзіцячага стаматолага на агляд. Урач вызначыць, ці патрабуецца лячэнне. Калі адкладаць наведванне стаматолага, гэта можа прывесці да мноства праблем: боль і дыскамфорт, рызыка разбурэння суседніх зубоў, павышаная занепакоенасць падчас наступнага наведвання стаматолага, парушэнне маўлення, праблемы артадантычнага характару і г. д.

Абарона зубоў ад карыесу

Для прадухілення развіцця карыесу неабходна выконваць асноўныя правілы чысткі зубоў:

  • Зубы варта рэгулярна чысціць з моманту прарэзвання першага зуба.
  • Зубная шчотка павінна адпавядаць узросту дзіцяці.
  • Зубы трэба чысціць два разы на дзень пасля ранішняга і вячэрняга прыёму ежы; з другога года жыцця неабходна выкарыстоўваць зубную пасту з нізкім утрыманнем фтору.

Правільнае харчаванне

Асноўныя прынцыпы харчавання для прафілактыкі карыесу:

  • Стварыце для дзіцяці такія ўмовы, каб у яго развіваліся здаровыя звычкі харчавання; пажадана, каб яно ўжывала прадукты без дадання цукру ці з нізкім утрыманнем натуральных цукраў.
  • Лепшай ежай у першыя 6 месяцаў жыцця з’яўляецца грудное малако, якое варта працягваць даваць дзіцяці і па дасягненні гэтага ўзросту, паступова дадаючы ў яго рацыён іншыя прадукты. У гэты перыяд рэкамендуецца пачаць прапаноўваць дзіцяці крыху кіпячонай вады паміж прыёмамі ежы.
  • Не ўкладвайце дзіця спаць з бутэлечкай у роце. Навучыце яго піць з кубка. Можна пачынаць гэта рабіць ужо на першым годзе жыцця, калі дзіця навучыцца браць прадметы дзвюма рукамі.

Здаровыя звычкі харчавання

Сфарміраваць у дзіцяці здаровыя звычкі харчавання дапамогуць наступныя меры:

  • У дзіцяці дома павінна быць пастаяннае месца, дзе яно есць; дзіця павінна есці прыкладна ў адзін і той жа час.
  • Давайце прадукты, якія лёгка перажоўваць і якія будуць нядоўга заставацца ў роце; прадукты харчавання неабходна прыбіраць са стала пасля ежы.
  • Калі дзіця хоча піць, давайце яму ваду, а не падсалоджаныя напіткі; калі вы дазваляеце дзіцяці сок, яго трэба даваць падчас ежы.
  • Прапануйце прадукты, якія карысныя для зубоў і спрыяюць развіццю ўмення перажоўваць ежу і слінааддзяленню: сыр, нарэзаная гародніна (морква, сельдэрэй).

Клапаціцеся пра зубы дзіцяці. Калі ў яго здаровыя зубы, яно не будзе саромецца смяяцца, усмешка ў яго будзе адкрытай і ўпэўненай.

Развіццё карыесу зубоў можна прадухіліць. Рэгулярна вадзіце дзіця на агляд да стаматолага (адзін ці два разы на год), нават калі ўсе зубы ў яго здаюцца здаровымі. Стварыце для дзіцяці такія ўмовы, каб у яго развіваліся правільныя звычкі, якія садзейнічаюць захаванню здароўя арганізма ў цэлым і зубоў у прыватнасці. Паспрабуйце самі быць узорам для пераймання!