Пасля заўчасных родаў: вашы адчуванні

Пасля нараджэння неданошанага дзіцяці звычайна ўзнікаюць як станоўчыя, так і адмоўныя пачуцці. Каб справіцца з негатыўнымі эмоцыямі, іх трэба прыняць і прагаварыць. Чаргаванне поспехаў і няўдач — гэта нармальна, але паспрабуйце засяродзіцца на поспехах і дасягненнях дзіцяці. Калі вы надаяце ўвагу свайму фізічнаму і псіхічнаму здароўю, вы можаце лепш клапаціцца і пра немаўля.
Body

Вашы адчуванні пасля заўчасных родаў: чаго чакаць

Заўчасныя роды могуць пахіснуць ваш давер да свету. Перажываць цэлую гаму змешаных, а часам і супярэчлівых пачуццяў — нармальна.

Вядома, у вас ёсць станоўчыя эмоцыі, напрыклад радасць, любоў да дзіцяці.

Але часта жанчыны задаюцца пытаннем, чаму так адбылося і што стала прычынай заўчасных родаў. Гэты досвед можа выклікаць у вас пачуццё бездапаможнасці, суму, віны, трывогі і траўміраваць вас. Наведваючы немаўля ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ці паталогіі нованароджаных, вы можаце адчуваць трывогу, страх і разгубленасць.

У некаторых бацькоў можа ўзнікнуць злосць у адносінах да ўрача, сябе ці да нованароджанага за тое, што ён прымусіў іх адчуваць сябе настолькі дрэнна ці што нарадзіўся раней за належны тэрмін. У гэтым выпадку бацькам можа быць псіхалагічна складана наведваць дзіця ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта таксама нармальна.

Заўчаснае нараджэнне дзіцяці — сур’ёзнае выпрабаванне як для самога немаўляці, так і для яго сям’і. Многія бацькі знаходзяцца ў стане шоку і не адчуваюць рэальнасці таго, што адбываецца. У такой сітуацыі вельмі лёгка адчуць бяссілле ці страту кантролю над сітуацыяй. Пакуль нованароджаны знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, некаторым бацькам складана ўсвядоміць, што гэта іх дзіця.

Для многіх мам дзень выпіскі з бальніцы асабліва цяжкі, таму што, з’яжджаючы дадому, яны вастрэй перажываюць расставанне з дзіцем.

З часам праблем, як правіла, становіцца менш і спраўляцца з імі лягчэй. Па меры таго, як дзіця дужэе, а яго стан становіцца больш стабільным, вам могуць дазволіць браць немаўля на рукі. Удакладніце, ці ёсць у вашым радзільным доме магчымасць прымянення метаду «кенгуру» — гэта спосаб выходжвання з выкарыстаннем кантакту «скура да скуры». Медперсанал, які даглядае ваша дзіця, акажа вам дапамогу.

Дзякуючы ўсяму гэтаму вы адчуеце сябе больш упэўнена, у вас знізіцца трывога і будзе лепш наладжвацца сувязь з немаўлём.

Як справіцца з перажываннямі з нагоды заўчасных родаў: парады

Вось некалькі ідэй, якія дапамогуць вам справіцца з адмоўнымі эмоцыямі і адчуць сябе лепш.

Праца з пачуццямі

  • Прыміце свае пачуцці, якімі б яны ні былі, — не адмаўляйце іх. Прызнаваць свае эмоцыі — карысная практыка.
  • Пагаварыце з кім-небудзь пра свае пачуцці. Гэта можа быць муж/партнёр, член сям’і, сябар, якому вы давяраеце, або спецыяліст.
  • Прыміце спосаб, з дапамогай якога ваш муж/партнёр спраўляецца са стрэсам, калі ён адрозніваецца ад вашага. Дазвольце яму дзейнічаць так, як ён лічыць патрэбным, расказвайце адзін аднаму пра пачуцці і слухайце адзін аднаго.

Клопат пра сябе

  • Ешце здаровую ежу, будзьце фізічна актыўнай, адпачывайце як мага больш і ўдзяляйце час рэчам, якія вам падабаюцца. Нядрэнна будзе абмежаваць ужыванне кафеіну, алкаголю і іншых стымулюючых рэчываў.
  • Акружыце сябе людзьмі, якія дапамагаюць вам адчуваць сябе пазітыўна.
  • Па магчымасці пазбягайце непатрэбнага стрэсу. Час ад часу выкарыстоўвайце перадышкі, каб рабіць нешта для сябе.
  • Кожны дзень знаходзьце час для адпачынку, хаця б некалькі хвілін. Можна зрабіць дыхальныя практыкаванні, паслухаць любімую музыку ці прагуляцца па сваім квартале. Вы таксама можаце рабіць дыхальныя практыкаванні, слухаць музыку і расслабляцца, калі знаходзіцеся побач з дзіцем.

Узаемадзеянне з дзіцем

  • Адзначайце поспехі і дасягненні — вашыя і дзіцяці. Нягледзячы на ​​тое, што ваша немаўля можа знаходзіцца на розных этапах выходжвання неданошаных дзяцей — у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, затым у аддзяленні нованароджаных, — яно ўсё роўна будзе дасягаць важных для яго мэт і праходзіць пэўныя этапы развіцця. А ў вас будзе многа нагод для добрага настрою.
  • Кантактаванне з дзіцем дапаможа палепшыць ваша самаадчуванне. Удзельнічайце ў штодзённым доглядзе немаўляці.
  • Высветліце, чым вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці. Напрыклад, разабрацца ў нейкай тэхналогіі, навучыцца распазнаваць прыкметы стрэсу ў немаўляці і акуратна мяняць яму падгузнікі. Асвойвайце навыкі не адразу, а па адным.
  • Памятайце, што ёсць рэчы, якія можаце рабіць як маці толькі вы. Вашы дотыкі, пах і голас маюць вельмі важнае значэнне для дзіцяці. Вы для яго — самы галоўны абаронца.

У першыя дні і тыдні жыцця дзіцяці вельмі важна паклапаціцца і пра сябе. Дбаючы пра сябе, вы будзеце ў лепшым стане, каб клапаціцца пра немаўля.

Ідэі ад бацькоў неданошаных дзяцей: спіс «эмацыянальных жаданняў»

Некаторыя бацькі, чые дзеці нарадзіліся неданошанымі, лічаць карысным складаць спісы «эмацыянальных жаданняў» і дзяліцца імі з сябрамі і сям’ёй. Вось некаторыя думкі з аднаго такога спіса:

  • Маё дзіця жывое і важнае для мяне. І якім бы яно ні было хворым, мне трэба адсвяткаваць яго нараджэнне з вамі.
  • Я ўдзячная вам за тое, што магу пры вас плакаць, таму што так мае эмоцыі знаходзяць выйсце, а не назапашваюцца, ператвараючыся ў трывогу.
  • Нараджэнне дзіцяці раней за тэрмін — не тое ж самае, што звычайная цяжарнасць або роды, таму не трэба параўноўваць мой вопыт з вашым ці нечым яшчэ.
  • Заўчасныя роды не заразныя, таму не трэба мяне пазбягаць.
  • Калі ласка, не чакайце, што мае цяжкасці скончацца праз шэсць тыдняў, месяцаў ці нават гадоў. Я спрабую ўжыцца з мноствам супярэчлівых эмоцый, так што ўсяму свой час.
  • Калі ласка, не супакойвайце мяне пустымі словамі накшталт: «Горшае ўжо мінула». У майго дзіцяці могуць быць праблемы ў будучыні, і мая задача — дапамагаць яму развівацца і не прапусціць іх.
  • Спадзяюся, вы разумееце, што з нараджэннем неданошанага дзіцяці я змянілася. І я не ведаю, ці стану ранейшай, і калі менавіта гэта адбудзецца.

Розныя сем’і па-рознаму перажываюць нараджэнне неданошанага дзіцяці. Даведацца пра вопыт іншых можа быць карысным, але памятайце, што не існуе адзінага правільнага спосабу пражыць свае пачуцці і эмоцыі.

Не проста сум: пасляродавая дэпрэсія пасля заўчасных родаў

Пасля нараджэння дзіцяці ў маці часта ўзнікаюць перапады настрою, якія вар’іруюцца ад лёгкіх да значных.

Многія жанчыны ў першыя дні пасля родаў адчуваюць лёгкую дэпрэсію. Калі такі стан працягнецца і пагоршыцца, можа ўзнікнуць пасляродавая дэпрэсія. Яе таксама могуць перажываць і мужчыны.

Прыкметы пасляродавай дэпрэсіі: пастаянны смутак, дрэнны настрой, пачуццё безнадзейнасці, недахоп энергіі, нізкая самаацэнка і праблемы са сном.

Калі вы лічыце, што ў вас пасляродавая дэпрэсія, вам патрэбна эмацыянальная падтрымка з боку сям’і і сяброў. Многія бацькі лічаць карыснай псіхалагічную або псіхатэрапеўтычную дапамогу, таксама можа спатрэбіцца медыкаментознае суправаджэнне. Рэкамендуецца наведаць псіхіятра ці псіхатэрапеўта, які прызначыць вам аптымальнае лячэнне. Даведайцеся больш пра пасляродавую дэпрэсію ў жанчын і мужчын.