Паводзіны дашкольніка: чаго чакаць

Дашкольнікі цікаўныя і лёгка пераключаюць увагу, імкнуцца да незалежнасці і развіваюць самарэгуляцыю. Наведванне дашкольнай установы дапамагае вашаму дзіцяці вучыцца ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі і прытрымлівацца правілаў. Распаўсюджанымі праблемамі паводзін дашкольнікаў з’яўляюцца: істэрыкі, дакучлівыя звычкі, хлусня і ўзроставыя страхі. Вашаму дашкольніку трэба, каб вы кіравалі яго паводзінамі ў пазітыўным рэчышчы.
Body

Паводзіны дзіцяці ў дашкольным узросце

Дзеці дашкольнага ўзросту актыўна спазнаюць навакольны свет. Яны вельмі дапытлівыя і задаюць многа пытанняў «хто», «што», «чаму» і «навошта». Магчыма, у гэты перыяд вам давядзецца надаць больш часу і ўвагі дзіцяці, калі вы нечым заняты разам. Напрыклад, падчас прагулкі ваш дашкольнік можа спыніцца і доўга вывучаць слімака, задаючы вам пытанні пра яго будову, харчаванне і месцы пражывання.

Спрабуючы зразумець свет, дашкольнікі часта пераключаюць увагу, і можа здацца, што ваша дзіця не слухае вас. Насамрэч яно разважае і спрабуе зразумець інфармацыю, якую вы паведамілі яму пяць хвілін таму.

Памятайце, што незалежнасць вельмі важная для дзіцяці дашкольнага ўзросту. Яму неабходна спрабаваць рабіць усё самастойна, каб адчуць сябе асобай, якая сталее, умацоўваючы сваю ўпэўненасць ва ўласных сілах і пачуццё ўласнай годнасці. Часам дзіцяці будзе неабходна ваша дапамога і падтрымка пры засваенні новых ведаў. Імкніцеся заахвочваць дашкольніка ў яго незалежных дзеяннях, забяспечваючы яму магчымасць практыкаваць новыя ўменні.

У дашкольны перыяд у дзіцяці актыўна развіваецца самарэгуляцыя, якая дапамагае яму будаваць сяброўскія адносіны з равеснікамі і гуляць у сумесныя гульні. Ваша дзіця зможа паспяхова будаваць узаемаадносіны ў групе дзіцячага сада, прытрымлівацца вызначаных норм і правіл. Не трэба забываць, што нават дашкольніку, які сталее, цяжка справіцца з моцнымі эмоцыямі і кіраваць сваімі паводзінамі ў складаных ці незнаёмых для яго сітуацыях. Дапамажыце дзіцяці выказаць свае пачуцці, падтрымайце яго ў няпростай сітуацыі.

Перавагі наведвання дашкольнай установы

Дзеці дашкольнага ўзросту могуць з задавальненнем і цікавасцю наведваць дзіцячы садок. Некаторым спатрэбіцца час, каб прывыкнуць да правіл і распарадку дня ў дашкольнай установе.

Наведванне дзіцячага сада дае магчымасць вашаму дзіцяці развіваць і практыкаваць сацыяльныя навыкі. Дзеці вучацца будаваць і падтрымліваць сяброўскія адносіны з аднагодкамі, самастойна знаходзіць рашэнні ў канфліктных сітуацыях, набываць аўтарытэт.

Дзякуючы ўдзелу ў рэжымных момантах дзіцяці прасцей асвоіць навыкі самаабслугоўвання — самастойна прымаць ежу, пераадзявацца, засынаць.

Праблемы ў паводзінах дзіцяці дашкольнага ўзросту

Трывога

Закепакоенасць, трывога, страх — нармальныя эмацыянальныя праявы нашай псіхікі нароўні з радасцю і захапленнем. З’яўленне страхаў у дзіцяці ў дашкольным узросце лічыцца натуральным этапам развіцця яго асобы. У гэтым узросце дзеці могуць адчуваць страх, калі застаюцца адны, могуць баяцца цемры, монстраў, наведвання ўрача і г. д. Дзіцячыя страхі, калі да іх ставіцца правільна і разумець прычыны іх узнікнення, часцей за ўсё знікаюць бясследна. У многім з’яўленне страхаў залежыць ад асаблівасцей характару дзіцяці і стылю сямейнага выхавання. Часта бацькі самі запалохваюць дзіця: «Не будзеш спаць — забярэ Баба-яга». Вы можаце міжвольна ўсяляць дзіцяці страхі, увесь час папярэджваючы яго пра небяспеку: «Не хадзі — упадзеш», «Не чапай — апячэшся». Дзіцяці можа быць пакуль не зразумела, чым гэта пагражае, але яно ўжо адчувае трывогу і ў яго ўзнікае рэакцыя страху.

Калі ў вашага дашкольніка нарастае трывога, узмацняюцца страхі альбо ён перажыў моцны спалох (яго ўкусіў сабака, ён апынуўся ў сапсаваным ліфце), звярніцеся па дапамогу да спецыялістаў.

Здзек

Нярэдка прычынай узнікнення страху ў дзяцей у дашкольны перыяд становяцца ўзаемаадносіны з аднагодкамі. Калі ў дзіцячым калектыве не прымаюць дзіця, крыўдзяць яго, то яно не хоча ісці ў дзіцячы сад, каб не падвяргацца прыніжэнню і здзекам. Для вырашэння падобнай сітуацыі вам неабходна пагаварыць з выхавацелем дзіцячага сада ці псіхолагам. Памятайце, калі з вашага дзіцяці смяюцца ў дашкольнай установе, яму неабходна яшчэ больш вашай любові і падтрымкі.

Канфлікты

Паміж дзецьмі дашкольнага ўзросту вельмі распаўсюджаны сваркі і бойкі. Прычынамі бурных канфліктаў могуць быць наступныя фактары: тэмперамент дзіцяці, узрост, узровень развіцця яго камунікатыўных і сацыяльных навыкаў. Вы можаце паспрыяць развіццю гэтых навыкаў у дзіцяці, гуляючы разам з ім. Напрыклад, падчас гульні вы можаце мадэляваць рэальныя канфліктныя сітуацыі і разам прайграваць спосабы іх вырашэння.

Звычкі

У многіх дзяцей ёсць пэўныя «дрэнныя» звычкі і дакучлівыя дзеянні, такія як адкусванне пазногцяў або калупанне ў носе, якія могуць вас турбаваць. Як правіла, падобныя праявы знікаюць па меры сталення вашага дзіцяці. Аднак калі вы заўважаеце, што такія дзеянні нарастаюць і вы не можаце справіцца самастойна, то звярніцеся да спецыяліста.

Дзіцячая хлусня

У дашкольны перыяд вы можаце злавіць сваё дзіця на выпадковай хлусні. Уменне хітрыць або падманваць — гэта сведчанне новага этапу развіцця вашага дзіцяці. Вы можаце прааналізаваць, у якіх сітуацыях ваша дзіця падманвае вас. Магчыма, прычынай такіх паводзін з’яўляецца страх перад вамі. Лепш навучыць дзіця шанаваць і гаварыць праўду, чым сварыцца на яго за дробную хлусню.

Сарамлівасць

Для дашкольнікаў сарамлівасць з’яўляецца нармальнай з’явай. Калі ваша дзіця бянтэжыцца ці яму патрэбен час, каб асвоіцца ў новай сітуацыі, паспрабуйце падтрымаць яго. Вы можаце загадзя падрыхтаваць дзіця да новага вопыту, расказаць пра тое, што будзе адбывацца. Напрыклад: «Заўтра мы ідзём да стаматолага. Там будзе вялікае крэсла, на якое табе трэба будзе сесці, потым ты адкрыеш рот і пакажаш урачу свае зубкі. Я буду побач з табой». Хваліце дзіця за адважныя сацыяльныя паводзіны, напрыклад за тое, што яно адказвае іншым, глядзіць у вочы ці гуляе ўдалечыні ад вас.

Істэрыкі

Калі ў вашага дзіцяці здараюцца істэрыкі, вам трэба памятаць, што яно ўсё яшчэ вучыцца прымальным спосабам выказвання пачуццяў. Калі вам вядомы прычыны дрэнных паводзін дзіцяці і вы працуеце над іх карэкцыяй, то заўважыце, што істэрык стала значна менш пасля таго, як дзіцяці споўнілася чатыры гады.

Вам не варта хвалявацца, калі ў вашага дзіцяці ёсць уяўны сябар. Дзіцячая фантазія знаходзіць спосаб выказаць пачуцці і асвоіць сацыяльныя навыкі.

Як дапамагчы дашкольнікам паводзіць сябе добра: парады

Выкарыстоўвайце напамінанні

Дзіцяці дашкольнага ўзросту бывае складана нешта ўспомніць ці засяродзіцца на чымсьці, асабліва калі гэта датычыцца пэўных правіл паводзін. Магчыма, вам давядзецца нагадваць дзіцяці пра некаторыя рэчы некалькі разоў. Напрыклад, калі вы збіраецеся выходзіць з парка, паспрабуйце сказаць: «Мы хутка едзем дадому». Затым зрабіце яшчэ адно напамінанне бліжэй да таго часу, калі вы едзеце: «Яшчэ адзін атракцыён — і мы сыходзім».

Дзяліцеся пачуццямі

Калі ваш дашкольнік зразумее, як яго паводзіны ўплываюць на вас, магчыма, ён зможа спачуваць вам. Пры зносінах з дзіцем выкарыстоўвайце выразы, дзе вы паведамляеце яму пра свае пачуцці. Вы можаце сказаць яму: «Я засмучаюся, таму што тут вельмі шумна і я не магу размаўляць па тэлефоне». Калі вы пачынаеце сказ з «я», гэта дае вашаму дзіцяці магчымасць змяніць свае паводзіны дзеля вас.

Змяніце навакольныя абставіны

У шматлікіх выпадках вы можаце прадухіліць ці мінімізаваць праблемныя паводзіны вашага дзіцяці, змяніўшы навакольныя абставіны. Напрыклад, калі ваш дашкольнік хвалюецца з-за таго, што ваш малодшы карапуз поўзае па яго цацках і замінае яму, вы можаце дапамагчы знайсці ціхае месца, дзе ваша старэйшае дзіця зможа спакойна гуляць.

Дысцыпліна ў дашкольнікаў і кіраўніцтва паводзінамі дзіцяці

Дысцыпліна дапамагае вашаму дзіцяці паводзіць сябе ў адпаведнасці з сацыяльнымі правіламі і нормамі.

Арганізацыя распарадку дня і яго захаванне дапамагаюць дзіцяці прытрымлівацца пэўных правілаў.

Сямейныя правілы — ключавы аспект дысцыпліны для дзяцей усіх узростаў. Яны скіроўваюць паводзіны дзяцей у пазітыўнае рэчышча, дакладна паказваючы, якіх паводзін вы чакаеце. Дашкольнікі могуць часта забываць ці ігнараваць правілы, таму ім спатрэбіцца падтрымка і напамінанне.

Наступствы — зручны спосаб накіроўваць паводзіны дзяцей, таму што яны даюць ім зразумець, чаго не варта рабіць. Пахвала за добрыя паводзіны падахвочвае дашкольніка паводзіць сябе адпаведным чынам у будучыні.

Фізічныя пакаранні не вучаць дзяцей, як трэба сябе паводзіць, а могуць прычыніць ім шкоду і прымушаюць баяцца вас.

Цёплыя, напоўненыя любоўю адносіны з дзіцем, заахвочванне яго за добрыя паводзіны — усё гэта спрыяе развіццю дысцыпліны.

Уплыў паводзін дашкольніка на вашы пачуцці

Калі ваша дзіця паводзіць сябе дрэнна, вы можаце злавацца ці адчуваць стрэс.

Паклапаціцеся пра сябе: правільнае харчаванне, дастатковая колькасць сну і фізічная актыўнасць могуць вам дапамагчы. Таксама можна пагаварыць пра свае пачуцці з кімсьці, каму вы давяраеце, напрыклад з партнёрам, сябрам або псіхолагам.

Звярніцеся да спецыяліста, калі вас непакояць паводзіны дзіцяці ці вы проста не ведаеце, што з гэтым рабіць.