Прафілактычны агляд у 2 месяцы

Мэтай планавага агляду ў гэтым узросце з’яўляецца не толькі маніторынг росту, развіцця і здароўя вашага дзіцяці, але і прафілактыка некаторых інфекцыйных захворванняў — правядзенне абавязковай імунізацыі ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак, а таксама азнаямленне з рэкамендацыямі па доглядзе за дзіцем для яго паспяховага развіцця.
Body

Вы зараз больш дасведчаная (-ы) маці/бацька. Ваша дзіця ўжо дало вам зразумець, што яму падабаецца: яму добра і камфортна, калі вы трымаеце яго на руках, гушкаеце, абдымаеце, размаўляеце з ім ці спяваеце яму. Верагодна, яно ўжо пачало звяртаць увагу на часткі свайго цела — можа быць, вы нават заўважылі, як яно разглядае свае рукі.

Падрыхтоўка да візіту

Вазьміце з сабой:

  • запасную дзіцячую пялёнку або пакрывала/коўдру;
  • усю медыцынскую дакументацыю, вынікі дыягнастычных даследаванняў, калі такія ёсць;
  • спіс асноўных тэм, якія вы хацелі б абмеркаваць з медыцынскімі работнікамі, адносна здароўя і развіцця вашага дзіцяці.

Медыцынскі агляд

  • Маніторынг фізічнага развіцця: антрапаметрыя дзіцяці з'яўляецца абавязковым этапам пры кожным планавым аглядзе — вынікі вымярэння даўжыні цела, вагі, акружнасці галавы будуць унесены ў дыяграмы росту.
  • Уводнае апытанне і кансультаванне: урач праверыць, наколькі вырасла ваша дзіця, і пагаворыць з вамі пра яго харчаванне. У вас пацікавяцца, як часта вы корміце дзіця, як вытрымліваеце баланс паміж кармленнем і сном. Скарыстайцеся магчымасцю ўдакладніць усе пытанні, якія вас цікавяць, адносна харчавання і паводзін дзіцяці. На прыёме вам зноў нагадаюць пра асаблівае значэнне для дзіцяці выключна груднога выкормлівання на працягу першых 6 месяцаў яго жыцця.
  • Устанаўленне распарадку дня — асабліва важная тэма, таму што дзіця хутка вучыцца і адчувае сябе больш спакойна, калі ў паслядоўнасці падзей ёсць пэўная заканамернасць і прадказальнасць; гэта таксама дапамагае яму зразумець, чаго вы ад яго чакаеце. Сюды можна аднесці рэгулярнасць кармленняў, прагулак на свежым паветры ў адзін і той жа час, гульні з бацькамі, купанне, чытанне, укладванне спаць. Медыцынскі работнік раскажа вам пра шкоду тытунёвага дыму (пасіўнага курэння) для дзіцяці, а таксама ранняга ўздзеяння мабільных тэлефонаў, планшэтаў, тэлевізара; парэкамендуе не класці дзіця ў пасцель з бутэлечкай, асабліва з сумессю або салодкім напіткам; раскажа пра бяспечнае ўздзеянне сонечнага святла і пра тое, як стварыць для дзіцяці бяспечныя ўмовы дома, на вуліцы, у аўтамабілі.
  • Медыцынскі агляд і ацэнка развіцця: урач выканае звычайнае планавае клінічнае абследаванне дзіцяці.
  • Асаблівая ўвага пры гэтым будзе нададзена таму, як дзіця прыцягвае да сябе ўвагу, ці падтрымлівае зрокавы кантакт, ці ўсміхаецца, калі да яго звяртаюцца; будуць правераны рэфлексы. Урач таксама паназірае, як дзіця трымаецца ў пэўных позах, ці лепш утрымлівае галаву, ці расціскае кулачкі; наколькі яно цікавіцца тым, што адбываецца навокал.
  • Урач паназірае за тым, як вы рэагуеце на патрэбы, якія выяўляе дзіця.
  • Выкарыстоўвайце гэту магчымасць, каб больш даведацца пра здароўе і развіццё вашага дзіцяці.

Вакцынацыя

  • Урач праверыць, ці атрымала ваша дзіця ўсе неабходныя вакцыны ад нараджэння.
  • Вам будзе прадастаўлена інфармацыя аб тым, чаму важна рабіць пэўныя прышчэпкі ў гэтым узросце. Пры адсутнасці супрацьпаказанняў вашаму дзіцяці будуць зроблены абавязковыя для яго ўзросту планавыя прышчэпкі: другая доза вакцыны супраць віруснага гепатыту B у складзе камбінаванай вакцыны супраць дыфтэрыі, коклюшу, слупняку, гемафільнай інфекцыі, таксама вакцына супраць поліяміэліту. Пры наяўнасці пэўных захворванняў або станаў у дзіцяці яму прызначаць увядзенне вакцыны супраць пнеўмакокавай інфекцыі. Адна вакцына будзе ўведзена ўнутрымышачна ў пярэднебакавую паверхню сярэдняй часткі аднаго сцягна, другая вакцына — другога сцягна.
  • Вы атрымаеце інфармацыю пра магчымыя лёгкія пабочныя эфекты, якія могуць узнікнуць пасля вакцынацыі, і пра тое, што рабіць у гэтым выпадку. Будуць дадзены рэкамендацыі па назіранні і доглядзе за дзіцем пасля праведзенай вакцынацыі: назіраць за месцам ін'екцыі і ў выпадку з'яўлення пачырванення звярнуцца да ўрача; на працягу першых дзён пасля вакцынацыі магчыма рэакцыя на прышчэпку ў выглядзе павышэння тэмпературы, дзіця можа стаць капрызным і плаксівым, у гэтым выпадку для аблягчэння яго стану можна даць парацэтамол у дазіроўцы, прадпісанай педыятрам.

Заключэнне

  • Па заканчэнні візіту педыятр дасць заключэнне аб стане здароўя і ўзроўні развіцця вашага дзіцяці.
  • Вам будуць дадзены рэкамендацыі па пытаннях харчавання і догляду, спосабах падтрымкі вашага дзіцяці ў навучанні і па далейшым развіцці, магчыма, будуць прапанаваны друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы.
  • Пры неабходнасці (па медыцынскіх паказаннях) могуць быць назначаны іншыя дыягнастычныя працэдуры (аналізы крыві, мачы, ультрагукавое даследаванне і інш.), кансультацыі профільных спецыялістаў, такіх як неўролаг, афтальмолаг, оталарынголаг, хірург, артапед.
  • Таксама вам будзе прызначаны час наступнага прафілактычнага візіту.

Пасля наведвання

  • Запішыце новую інфармацыю і рэкамендацыі, якія вы атрымаеце падчас візіту.

Памятайце, што планавы медыцынскі агляд — гэта магчымасць ацаніць стан здароўя дзіцяці, адсачыць змяненні фізічных паказчыкаў яго развіцця, атрымаць рэкамендацыі па ўсіх пытаннях далейшага догляду за дзіцем і падтрымкі яго гарманічнага росту. Не прапускайце гэту магчымасць