Тэмперамент: што гэта такое і чаму гэта важна
Тэмперамент: што гэта
Тэмперамент — гэта сукупнасць асобасных якасцей, якія ўплываюць на тое, як чалавек рэагуе на свет.
Тэмперамент вашага дзіцяці вызначае, у якой ступені ў яго паводзінах праяўляюцца тры наступныя якасці:
- Рэактыўнасць: азначае, наколькі моцна дзіця рэагуе, напрыклад, на хвалюючыя падзеі ці на нешта, што яго не задавальняе. Рэактыўныя дзеці схільныя да моцных перажыванняў.
- Самарэгуляцыя: наколькі дзіця можа кантраляваць свае паводзіны і як яно праяўляе свае пачуцці. Размова таксама ідзе пра здольнасць дзіцяці канцэнтраваць сваю ўвагу на пэўных відах дзейнасці і пра ступень яго настойлівасці.
- Камунікабельнасць: гэта тое, наколькі дзіцяці лёгка знаходзіць агульную мову з навакольнымі, а таксама наколькі камфортна яно сябе адчувае, калі знаёміцца з новымі людзьмі ці атрымлівае новы вопыт.
Кожнае дзіця нараджаецца, валодаючы сваім тэмпераментам, і вы, верагодна, маглі апісаць тэмперамент свайго дзіцяці з маленства. Напрыклад: «Яна вельмі спакойная», або «Яму падабаецца прытрымлівацца пэўнага распарадку», або «Ён з ранняга дзяцінства быў вельмі актыўным».
Адметнасці ў тэмпераменце тлумачаць, чаму вашыя дзеці моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Напрыклад, адно больш рэактыўнае, чым другое; у аднаго самарэгуляцыя можа быць больш развіта, чым у іншага; хтосьці з іх больш таварыскі.
Адаптацыя стратэгіі выхавання да тэмпераменту дзіцяці
Вы не можаце змяніць тэмперамент свайго дзіцяці — ён такі, які ёсць, і гэта выдатна.
Але вы можаце пабудаваць стратэгію выхавання ў адпаведнасці з тэмпераментам вашага дзіцяці, каб садзейнічаць яго развіццю. У вашых сілах дапамагчы дзіцяці развіць станоўчыя бакі яго тэмпераменту. Вы можаце здагадвацца, якія сітуацыі патэнцыяльна складаныя для вашага дзіцяці з-за яго тэмпераменту, і дапамагчы яму навучыцца спраўляцца з імі.
Вось некалькі ідэй, як адаптаваць метады выхавання да тэмпераменту вашага дзіцяці.
Выхаванне дзіцяці ў залежнасці ад рэактыўнасці яго тэмпераменту
Больш рэактыўнае дзіця
Калі ў вас вельмі рэактыўнае дзіця, значыць яно ярка праяўляе свае эмоцыі, калі адбываецца нешта добрае. Яно таксама можа быць гучным ці залішне драматычным, калі нечым незадаволена, напрыклад, калі не дамагаецца свайго. Магчыма, вам давядзецца дапамагчы дзіцяці навучыцца рэагаваць на розныя падзеі больш стрымана, напрыклад, пэўным чынам супакойвацца або выкарыстоўваць словы для выяўлення моцных пачуццяў.
Рэактыўныя дзеці часта больш актыўныя фізічна, ім неабходна шмат часу праводзіць на свежым паветры. Яны імкнуцца ўбачыць, пачуць і перажыць як мага больш і вельмі любяць перамены. Вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці развівацца, напрыклад, матывуючы яго займацца новымі відамі спорту. Важна памятаць, што рэактыўныя дзеці вельмі непастаянныя і ім хутка ўсё надакучвае. Аднак калі такія дзеці знаходзяць справу па душы, яны часта становяцца больш уседлівымі і дысцыплінаванымі.
Менш рэактыўнае дзіця
З такім дзіцем звычайна лёгка ладзіць, аднак яно, хутчэй за ўсё, менш напорыстае. Магчыма, вам давядзецца навучыць дзіця стаяць за сябе. Напрыклад, калі вы назіраеце сітуацыі, у якіх ваша дзіця магло б быць больш актыўным, паспрабуйце заматываваць яго практыкавацца ў тым, каб спраўляцца з гэтымі сітуацыямі па-іншаму.
Таксама важна сачыць за тым, каб не вельмі актыўныя дзеці не заставаліся па-за сямейнымі дыскусіямі. Напрыклад: «Максім, ты зусім нічога не сказаў. Ты згодзен з выбарам гэтага фільма?».
Дзеці з меншай рэактыўнасцю таксама могуць быць менш фізічна актыўнымі. Такое дзіця звычайна шчаслівае, калі ў яго ёсць магчымасць прымяняць свае дробнаматорныя навыкі, напрыклад займацца рукадзеллем ці маляваць. Магчыма, вам давядзецца заахвочваць яго фізічную актыўнасць. Прапануйце, як варыянт, з’ездзіць у парк, каб пазбіраць лісце для калажу.
Выхаванне дзіцяці ў залежнасці ад ступені яго самарэгуляцыі
Дзіця з больш развітой самарэгуляцыяй
Дзеці, у якіх добра развіта самарэгуляцыя, лягчэй спраўляюцца з моцнымі эмоцыямі, такімі як расчараванне ці ўзрушанасць. Яны хутчэй супакойваюцца пасля таго, як іх нешта ўсхвалявала ці засмуціла, яны менш імпульсіўныя.
Такія дзеці лёгка канцэнтруюць увагу. Дзіця з добра развітой самарэгуляцыяй можа доўгі час нешта рабіць, пакуль не выканае ўсё правільна. Яно таксама можа паспяхова спраўляцца з няўдачамі і выконваць такія задачы, як дамашняе заданне, без асаблівага кантролю з боку дарослага. Ваша дзіця можа быць крыху перфекцыяністам, таму растлумачце яму, што памыляцца — гэта нармальна.
Дзіця з менш развітой самарэгуляцыяй
Калі вашаму дзіцяці цяжка канцэнтравацца на чымсьці, яму спатрэбіцца шмат падтрымкі з боку, каб працягваць выконваць складаныя заданні. Як правіла, такія дзеці хутка пераключаюцца з аднаго занятку на іншы, ім патрэбны пастаянная стымуляцыя і чулае кіраўніцтва з боку дарослага. Аднак дзеці з менш развітой самарэгуляцыяй могуць быць вельмі крэатыўнымі. Каб дапамагчы дзіцяці засяродзіцца, заахвочвайце яго ці зрабіце заняткі вясёлымі, выкарыстоўваючы гульні і творчы падыход.
Выхаванне дзіцяці ў залежнасці ад ступені яго таварыскасці
Больш таварыскае дзіця
Калі ваша дзіця вельмі таварыскае, значыць яму падабаецца быць з іншымі людзьмі, разам гуляць і займацца ў групе. Вам не трэба ўвесь час арганізоўваць для яго гульні і мерапрыемствы, таму што вашаму дзіцяці таксама важна навучыцца займацца самастойна.
Больш таварыскія дзеці звычайна вельмі хутка адаптуюцца і могуць лёгка прыстасавацца да змен у распарадку дня. Выдатна, калі ў вас ёсць магчымасць напоўніць жыццё дзіцяці нечым новым, але важна таксама, каб вы праводзілі з ім час сам-насам.
Менш таварыскае дзіця
Калі ваша дзіця не вельмі таварыскае, яно, верагодна, умее гуляць самастойна і не мае патрэбы ў вашай дапамозе, каб прыдумаць сабе занятак. Магчыма, вам давядзецца дапамагчы яму завесці сяброў. Напрыклад, калі дзіцяці звычайна некамфортна ў кампаніі ці на дзіцячым свяце, вы можаце паспрабаваць запрасіць аднаго ці двух яго сяброў на гульнявую пляцоўку каля вашага дома ці ў парку.
Калі ваша дзіця, якое не мае вялікай патрэбы ў зносінах, не вельмі добра адаптуецца да новага, яму будзе прасцей прытрымлівацца звычайнага распарадку дня, чым спраўляцца са зменамі. Улічвайце гэта пры планаванні рэжымных момантаў і будзьце гатовы ў выпадку неабходнасці дапамагчы яму.
Тэмперамент вашага дзіцяці можа адрознівацца ад вашага. Некаторым бацькам лягчэй зразумець дзіця і клапаціцца пра яго, калі тэмпераменты супадаюць. Напрыклад, калі вам падабаецца прадказальнасць, вы можаце лёгка даглядаць дзіця, якому патрэбен рэгулярны сон. Але калі вам падабаецца рабіць нешта спантанна, вам можа спатрэбіцца час, каб прывыкнуць да рэжыму вашага дзіцяці.
Як можа змяніцца тэмперамент
Вы можаце заўважыць некаторыя змены ў тэмпераменце вашага дзіцяці, калі яно пасталее. Гэта ўплыў жыццёвага досведу.
Напрыклад, дзіця, якое раней часта пераключала ўвагу ў школе, стаўшы дарослым, пачынае выконваць задачы, звязаныя з высокай канцэнтрацыяй увагі. Гэта можа быць вынікам таго, што па меры сталення дзіцяці ў яго з’яўляецца больш матывацыі, ці таго, што яно вучыцца кіраваць сваімі паводзінамі.