Як распазнаць складанасці ў стане бацькоў

Павышаная эмацыянальнасць пасля нараджэння дзіцяці — гэта нармальна. Гарманальныя змены, недасыпанне, прыстасаванне да жыцця з нованароджаным, а таксама ўласныя і іншыя чаканні ў дачыненні да вашай новай бацькоўскай ролі — з усім гэтым можа быць вельмі складана справіцца. Пераважная большасць жанчын у першыя дні пасля родаў перажываюць перыяды рэзкіх перападаў настрою, якія яны не могуць самі сабе растлумачыць.
Body

Фізічнае і псіхічнае здароўе бацькоў у перыяд, пакуль дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці, і нават да гэтага часу закладвае аснову для паспяховага развіцця маленькага дзіцяці. Сістэма аховы здароўя больш арыентавана на медыцынскія тэсты і абследаванні, такія як вымярэнне артэрыяльнага ціску і масы цела цяжарных жанчын і мам, чым на псіхічнае здароўе і эмацыянальны камфорт маці і яе партнёра. Часта медыцынскія работнікі не цікавяцца эмацыянальным станам пацыентаў і своечасова не распазнаюць стомленасць, напружанне, неспакой, узбуджэнне, трывожнасць, стрэс або дэпрэсіўны стан.

Псіхічныя складанасці ў бацькоў

Іх можна выявіць па наступных асаблівасцях паводзін:

  • Складанасці ў наладжванні адносін з немаўлём (адсутнасць здольнасці ў маці і бацькі адчуваць эмацыянальную сувязь з немаўлём, выбудоўваць адносіны, адчуваць прывязанасць, радавацца першым рэакцыям і дзеянням дзіцяці).
  • Змяненне адносін паміж партнёрамі і з іншымі членамі сям'і.
  • Бацькі з цяжкасцю разумеюць ці практычна не разумеюць патрэбы дзіцяці і не рэагуюць на іх (на яго неспакой, плач, рухі і іншыя сігналы, якія дэпрэсіўным бацькам здаюцца неістотнымі і аднолькавымі).
  • Бацькам цяжка ўсведамляць і разумець, што можа і ўмее іх дзіця ў залежнасці ад узросту, этапаў развіцця, матываў (маці або бацька, якія знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане, могуць не разумець, чаму месячнае немаўля не дае ім спаць усю ноч, могуць думаць, што яно плача наўмысна).
  • Бацькі не могуць пазітыўна ўспрымаць дзіця.
  • Яны не ў стане зразумець, што трэба іх дзіцяці з пункту гледжання здароўя, бяспекі і догляду.
  • Бацькі часта дэманструюць нецярпімасць да людзей і абстаноўкі вакол, яны апатычныя, не праяўляюць эмацыянальных рэакцый пры кантакце з дзіцем.

Калі бацька ці маці нованароджанага адчувае такія станы, як сум, засмучэнне, раздражняльнасць, пачуццё віны ці адчуванне безвыходнасці на працягу больш чым двух тыдняў пасля родаў, гэта можа паказваць на пасляродавую дэпрэсію ці іншае псіхічнае расстройства. Некаторыя жанчыны і мужчыны гавораць аб тым, што яны не адчуваюць радасці або хвалявання ад нараджэння дзіцяці і больш не атрымліваюць задавальнення ад таго, што раней ім падабалася. І хаця спачатку і бацька, і маці могуць хутка адаптавацца да новых умоў і новага стану, праблемы могуць узнікнуць праз некаторы час. Пасляродавая дэпрэсія можа развіцца пазней, часта паміж трэцім і шостым месяцам пасля нараджэння дзіцяці.

Прыведзеныя ніжэй пытанні дапамогуць зразумець, ці ёсць у вашым выпадку рызыка ўзнікнення эмацыянальных і псіхічных складанасцей:

1. У апошні месяц вы часта знаходзіліся ў дрэнным настроі, адчувалі пачуццё прыгнечанасці ці безнадзейнасці?

2. У апошні месяц вы часта адчувалі, што вас нічога не цікавіць ці што вам не падабаецца выконваць паўсядзённыя справы?

3. Вы задумваецеся аб тым, што ў гэтым пытанні вам патрэбна дапамога?

Калі на ўсе тры пытанні вы адказалі ТАК, звярніцеся па дапамогу да спецыяіста.

Псіхалагічная і адукацыйная падтрымка падчас прэнатальнага перыяду (да нараджэння дзіцяці) можа дапамагчы будучым мамам і татам падрыхтавацца да новай бацькоўскай ролі, сфарміраваць рэалістычныя чаканні, абмеркаваць, як дзіця зменіць іх жыццё і жыццё ўсёй сям'і, калі ў іх ужо ёсць дзіця (дзеці).

Што можа дапамагчы пераадолець цяжкасці

  • Больш актыўная падтрымка сям'і — вам можа стаць нашмат лягчэй, калі муж (жонка) або іншы блізкі чалавек возьме на сябе шэраг бытавых абавязкаў (купля прадуктаў, прыгатаванне ежы, догляд іншых дзяцей у сям'і і г. д.).
  • Наведванне мамай ці татам (або абаімі) груп падтрымкі для маладых бацькоў (іх арганізуюць ва ўстановах аховы здароўя ці сіламі іншых арганізацый).
  • Удзел у мерапрыемствах школ для бацькоў, пачынаючы з другога трыместра цяжарнасці.
  • Фізічная нагрузка, бег, хуткая хадзьба, прагулкі з дзіцем або паездкі з іншымі бацькамі, паўнацэнны адпачынак і здаровае харчаванне.
  • Зварот да ўрача для комплекснага абследавання стану здароўя, назірання і лячэння пры неабходнасці.