У сям’і з’явіўся нованароджаны: дапамагаем малым дзецям і дашкольнікам адаптавацца

Калі ў сям’і з’яўляецца нованароджаны, астатнія дзеці могуць адчуваць сябе ўсхваляванымі, а часам і крыху абдзеленымі. Праяўленне вамі любві і ўвагі да ўсіх дзяцей дапаможа закласці аснову для пазітыўных адносін з іх новым братам ці сястрой.
Body

Як дапамагчы малым дзецям і дашкольнікам станоўча ставіцца да нованароджанага

Пасля з'яўлення ў сям’і нованароджанага старэйшыя дзеці (асабліва, калі яны яшчэ малыя) могуць звярнуць увагу, што вы шмат часу і клопату аддаяце немаўляці. Калі вы адчуваеце эмацыянальны стан сваіх дзяцей і ў вас устойлівая сувязь з імі, гэта дапаможа ім усвядоміць, што вы застаяцеся побач, нягледзячы на ​​ўнутрысямейныя змены. Такая нябачная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі дапамагае апошнім адчуваць сябе ў бяспецы.

Нават калі вы будзеце вельмі занятыя нованароджаным, паспрабуйце рэгулярна праводзіць час сам-насам з кожным з дзяцей. Гэта можа быць сумеснае баўленне часу за ціхай настольнай гульнёй, пакуль немаўля спіць, або гульня ў хованкі падчас прагулкі ў парку.

Вы таксама можаце паклапаціцца пра тое, каб дзеці атрымлівалі дадатковую ўвагу з боку другога з бацькоў або блізкага члена сям’і, — яны разам могуць пачытаць кнігу або пагуляць у двары.

Многім дзецям цікава пазнаёміцца ​​з нованароджаным і паболей пра яго даведацца, таму дазвольце ім асцярожна дакранацца да свайго новага брата ці сястры, але заўсёды пад наглядам.

Вы можаце далучыць сваіх дзяцей да догляду за немаўлём. Напрыклад, яны могуць падрыхтаваць некаторыя рэчы для ванны перад купаннем дзіцяці або пасля ванны дапамагчы з падрыхтоўкай да сну.

Растлумачце сваім старэйшым дзецям, што ім не трэба рабіць занадта многа, — гэта дапаможа захаваць радасны і пазітыўны настрой.

Каб вашы дзеці знайшлі агульную мову і адаптаваліся да змен, удзяляйце ім усім многа станоўчай увагі. Гэтым вы пакажаце, як хацелі б, каб яны ставіліся адзін да аднаго, і яны будуць рабіць гэтак жа, як вы.

Грудное выкормліванне і іншыя дзеці ў сям’і

Калі вы корміце грудзьмі, іншым вашым дзецям можа быць цікавы гэты працэс і яны захочуць паназіраць. Яны таксама могуць пажадаць быць побач з вамі ці нават усесціся вам на калені, пакуль вы корміце немаўля грудзьмі.

Малыя дзеці і нават дашкольнікі ў нейкі момант могуць папрасіць вас пакарміць і іх грудным малаком. Ваш адказ залежыць ад вашых асабістых перакананняў і культурных асаблівасцей.

Звычайна дзеці, якія ўжо не знаходзяцца на грудным выкормліванні, лічаць гэты досвед занадта дзіўным, каб паўтараць яго. Калі вы за тое, каб ваша старэйшае дзіця не спрабавала смактаць грудзі, вы можаце растлумачыць, што жаночае малако прызначана для немаўлят, а затым прапанаваць яму асаблівы напітак або закуску, якую немаўлятам пакуль есці нельга.

Вы можаце зрабіць працэс кармлення грудзьмі асаблівым часам для ўсіх сваіх дзяцей. Вось некалькі ідэй:

  • У той час, пакуль вы корміце немаўля, займіце дзяцей любімай цацкай ці даручыце нейкае канкрэтнае заданне.
  • Калі вашы старэйшыя дзеці назіраюць за працэсам кармлення, вы можаце растлумачыць ім, што малако дапамагае дзіцяці вырасці моцным і здаровым.
  • Калі іншыя вашы дзеці хочуць быць побач, пакуль вы корміце немаўля, выкарыстоўвайце гэты час, каб расказаць ім гісторыю, ці папрасіце іх намаляваць вам малюнак.
  • Уключыце любімую музыку старэйшых дзяцей ці аўдыяказку і паслухайце разам з імі, пакуль корміце грудзьмі.

Складаныя паводзіны старэйшых дзяцей пасля з’яўлення нованароджанага і як з імі справіцца

Малыя дзеці і дашкольнікі часта капрызяць на працягу першага года жыцця нованароджанага.

Змены ў паводзінах дзяцей могуць выяўляцца наступным чынам:

  • плач, крык, істэрыкі і нават просьбы адправіць немаўля туды, адкуль яго прывезлі;
  • рэгрэсія ў паводзінах — вяртанне да дзіцячых праяў у паводзінах, напрыклад просьбы даць ім пустышку або дапамагчы падчас ежы, купання ці апранання;
  • адмова ад самастойнага засынання, частыя начныя абуджэнні, патрабаванне сумеснага сну з бацькамі;
  • злосць і агрэсія ў адносінах да нованароджанага.

Як правіла, змены ў паводзінах старэйшых дзяцей — гэта спосаб паказаць вам, што яны хочуць вярнуць тое, да чаго прывыклі да нараджэння немаўляці.

Рэкамендацыі па пераадоленні складанасцей у паводзінах

Паступова адаптуючыся да змен унутры вашай сям’і, вы можаце наладзіць пазітыўнае ўзаемадзеянне паміж усімі яе членамі. Паспрабуйце выкарыстоўваць наступныя рэкамендацыі:

  • заахвочвайце вашых дзяцей за добрыя паводзіны;
  • расказвайце ім пра тое, якімі яны былі ў маленстве, як раслі і як шмат чаму навучыліся;
  • далучайце дзяцей да догляду нованароджанага;
  • цярпліва і з разуменнем стаўцеся да паводзін дзяцей.