Гарманічныя сямейныя адносіны: як іх пабудаваць

Гарманічныя сямейныя адносіны дапамагаюць вашым дзецям адчуваць сябе абароненымі і любімымі. Яны дапамагаюць таксама і вам адчуваць сябе ўпэўнена. Вы можаце пабудаваць добрыя адносіны ў сваёй сям'і, калі будзеце знаходзіць час на зносіны і супрацоўніцтва з кожным яе членам.
Body

Чаму важныя сямейныя адносіны

Гарманічныя сямейныя адносіны прыносяць задавальненне самі па сабе — прыемна быць часткай сям’і, дзе пануе цяпло і любоў.

Аднак гармаічныя сямейныя адносіны важныя і па мностве іншых прычын. Яны дапамагаюць:

  • дзецям адчуваць сябе абароненымі і любімымі, што спрыяльна ўплывае на іх агульнае развіццё;
  • пераадолець цяжкасці з харчаваннем, сном, навучаннем і паводзінамі дзяцей;
  • аблегчыць вашай сям'і рашэнне праблем і вырашэнне канфліктаў;
  • вам і вашым дзецям паважаць адрозненні ў меркаваннях і захоўваць незалежнасць;
  • дзецям асвоіць навыкі, неабходныя для пабудовы ўласных гарманічных адносін.

Вось чаму варта ўдзяліць увагу адносінам, якія вы будуеце і падтрымліваеце са сваімі дзецьмі і іншымі членамі сям'і. Заўсёды думайце пра тое, як вы можаце іх палепшыць.

Як маці/бацька вы робіце ўсё, што ў вашых сілах, для сваіх дзяцей. Вам даводзіцца сумяшчаць працу, сяброў, вядзенне хатняй гаспадаркі і многае іншае. Але нават самыя занятыя бацькі могуць рабіць шмат простых і карысных рэчаў, каб наладзіць добрыя адносіны ў сям’і.

Гарманічныя сямейныя адносіны — важная частка шчаслівай і моцнай сям'і. Сям'я будзе моцнай, калі ў ёй ёсць любоў, бяспека, міжасобасныя зносіны і надзейныя сувязі паміж яе членамі.

Сумесны час і сямейныя адносіны

Вы можаце выдатна бавіць час са сваёй сям'ёй дзе заўгодна. Гаворка ідзе аб тым, каб эфектыўна выкарыстоўваць час, які вы праводзіце разам. Вось некалькі спосабаў, якімі вы можаце скарыстацца, каб правесці сумесны час з карысцю для сваёй сям'і:

  • Праводзьце час разам са сваёй сям'ёй кожны дзень, размаўляйце і разам смейцеся. Напрыклад, сямейны абед ці падарожжа на машыне могуць стаць выдатнай магчымасцю нагнаць упушчанае на працягу дня.
  • Майце зносіны сам-насам з кожным членам сваёй сям'і, каб умацаваць асабістыя адносіны. Вы можаце выбраць розныя рэжымныя моманты для таго, каб удзяліць увагу кожнаму дзіцяці. Напрыклад, з адным дзіцем вы можаце пагаварыць падчас купання, з іншым — пры ўкладванні яго спаць.
  • Абавязкова знайдзіце час для свайго партнёра. Вы можаце дамовіцца з вашымі дзецьмі пра «бацькоўскі» час, калі вам важна пабыць з партнёрам сам-насам.
  • Рэгулярна займайцеся вясёлымі справамі ўсёй сям'ёй. Гэта можа быць сямейны футбольны матч у мясцовым парку па выхадных ці вечар сямейных настольных гульняў кожны тыдзень.
  • Разам прымайце рашэнні аб тым, што вы будзеце рабіць у асаблівых выпадках, напрыклад у дні нараджэння. Нават малыя дзеці могуць актыўна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў.

Пазітыўныя зносіны і сямейныя адносіны

Пазітыўныя зносіны заключаюцца ў тым, каб знайсці час і магчымасць для зносін без асуджэння і крытыкі, гэта ўменне слухаць і быць адкрытым для выказвання сваіх уласных думак і пачуццяў. Калі ў вас у сям'і наладжаны пазітыўныя зносіны, гэта дапамагае кожнаму яе члену адчуць, што яго разумеюць, паважаюць і цэняць, і гэта ўмацоўвае вашы адносіны.

Паспрабуйце некаторыя ідэі пазітыўнай камунікацыі, каб умацаваць свае сямейныя адносіны:

  • Калі ваша дзіця ці партнёр хоча пагаварыць, адкладзіце іншыя справы і ўважліва выслухайце яго. Дайце суразмоўцу час выказаць свой пункт гледжання або свае пачуцці.
  • Будзьце адкрыты для размоў пра складаныя рэчы, напрыклад пра прызнанне памылак і пра разнастайныя пачуцці, у тым ліку гнеў, радасць, расчараванне, страх і хваляванне. Аднак памятайце, што гаварыць пра гнеў — гэта не тое ж самае, што адчуваць яго.
  • Будзьце гатовы да спантанных размоў. Напрыклад, малодшыя дзеці часта любяць гаварыць пра свае пачуцці, калі яны знаходзяцца ў ванне ці кладуцца спаць.
  • Як мага часцей хваліце сваіх дзяцей і партнёра. Напрыклад: «Гэта вельмі дапамагае, калі вы выносіце смецце без напамінання. Дзякуй!».
  • Выяўляйце ўдзячнасць, любоў і падтрымку словамі і дзеяннямі. Гэта можа быць гэтак жа проста, як гаварыць дзецям «я люблю цябе» штовечар перад сном.

Пазітыўныя невербальныя зносіны

Варта памятаць, што не ўсе зносіны адбываюцца вербальна (з дапамогай слоў), таму важна звяртаць увагу на пачуцці, якія вашыя дзеці і партнёр выказваюць невербальна. Старайцеся кантраляваць жэсты, міміку, інтанацыі, якія вы выкарыстоўваеце пры зносінах. Напрыклад, абдымкі, пацалункі і зрокавы кантакт пасылаюць паведамленне аб тым, што вы хочаце быць бліжэй да свайго дзіцяці. Ну а грубы тон голасу ці хмурны погляд, калі вы робіце нешта разам, могуць сведчыць пра тое, што вы не хочаце кантактаваць.

Праца ў камандзе і сямейныя адносіны

Калі ваша сям'я дзейнічае як адзіная каманда, кожны адчувае падтрымку і магчымасць зрабіць свой унёсак. Працаваць у камандзе лягчэй, калі ўсе разумеюць свае ролі, магчымасці і значнасць.

Вы можаце заахвочваць камандную працу адным з наступных спосабаў:

  • Дзяліцеся хатнімі справамі. Нават вельмі маленькім дзецям падабаецца пачуццё дачынення, якое ўзнікае пры ўнясенні імі асабістага ўкладу!
  • Далучайце дзяцей да прыняцця рашэнняў, якія датычацца сямейных спраў, правіл і свят. Дайце ўсім, уключаючы малых дзяцей, шанц выказаць сваё меркаванне. Сямейныя сходы — добры спосаб зрабіць гэта.
  • Дазвольце дзецям выказваць ідэі і прымаць некаторыя рашэнні самастойна. Іх ідэі і рашэнні будуць залежаць ад іх здольнасцей і сталасці, а таксама ад устаноўленых вамі меж. Напрыклад, вы можаце дазволіць свайму 5-гадоваму дзіцяці вырашыць, што яму надзець у дзіцячы сад, але вы не дазволіце яму пайсці дадому самастойна.
  • Прыдумайце сямейныя правілы, у якіх выразна паказана, як вы ўсе хочаце клапаціцца адзін пра аднаго. Напрыклад: «У нашай сям'і ўсе паважліва размаўляюць адзін з адным». Падобныя правілы дапамагаюць у зносінах і робяць сямейнае жыццё больш спакойным.
  • Працуйце разам над вырашэннем праблем. Вы можаце выкарыстоўваць навыкі актыўнага слухання і асэнсаванага прыняцця рашэнняў. Разглядайце варыянты, прапанаваныя рознымі членамі сям'і, выяўляйце павагу да меркавання іншых, шукайце сумесныя канструктыўныя рашэнні і кампрамісы.

Узаемная ўдзячнасць і сямейныя адносіны

Уменне цаніць адзін аднаго з'яўляецца асновай добрых сямейных адносін. Вось некалькі спосабаў, як можна гэта ажыццявіць:

  • Цікаўцеся справамі адзін аднаго. Напрыклад, знайдзіце час, каб разам схадзіць на спартыўнае мерапрыемства, наведаць тэатр ці мастацкую галерэю.
  • Далучайце ўсіх да гутаркі, калі абмяркоўваеце падзеі дня. Напрыклад: «Што для цябе было самым важным сёння, Маша?».
  • Дзяліцеся сямейнымі гісторыямі і ўспамінамі. Гэта дапаможа дзецям ацаніць тое, што невідавочна, ці тое, што яны забыліся. Напрыклад, спартыўныя дасягненні маці, калі яна была маладзейшай, ці тое, як старэйшая сястра дапамагала клапаціцца пра малодшае дзіця пасля яго нараджэння.
  • Прызнавайце адрозненні, таленты і здольнасці адзін аднаго і выкарыстоўвайце моцныя бакі кожнага члена сям’і.