Навучанне і развіццё творчых здольнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту: ідэі і заняткі

Стымулюйце ў дзіцяці дашкольнага ўзросту жаданне тварыць, даючы яму дастаткова часу, матэрыялаў і месца для гульняў. Сачыце за тым, што цікава дзіцяці, і ўмацоўвайце яго ўпэўненасць у сабе, не шкадуючы пахвалы. Выкарыстоўвайце прадметы хатняга ўжытку, перапрацаваныя і прыродныя матэрыялы, каб запаліць «творчую іскру» ў вашым дзіцяці.
Body

Стымуляванне дзіцяці дашкольнага ўзросту да творчасці

Для вашага дзіцяці дашкольнага ўзросту вельмі важны час, матэрыялы і месца для творчасці.

Як правіла, у сваіх творчых гульнях дашкаляты праяўляюць спантаннасць, таму вам трэба ўлічваць тое, што цікава вашаму дзіцяці. Будуць і такія моманты, калі ваша дзіця захоча, каб вы прымалі больш актыўны ўдзел у яго творчых занятках. Не адмаўляйце яму — так вы зможаце спрыяць развіццю ў свайго дзіцяці розных навыкаў і ўменняў.

Будзе карысна паказаць дзіцяці, што ёсць некалькі спосабаў зрабіць нешта. Напрыклад, існуе некалькі прыёмаў, каб намаляваць чалавечка, пабудаваць замак з пяску ці сыграць на барабане. Дзякуючы гэтаму дзеці змогуць развіваць свае ўласныя ідэі.

Не трэба даваць дзіцяці новыя ці дарагія матэрыялы для гульні. Самаробныя, перапрацаваныя і натуральныя матэрыялы — усё гэта недарагія спосабы стымуляваць гульню і ўяўленне.

І якія б «творы мастацтва» ні стварыла ваша дзіця, не шкадуйце пахвалы. Напрыклад: «Мне падабаецца малюнак, які ты намаляваў. У цябе выдатна атрымліваецца спалучаць колеры». Гэта ўмацуе ў вашага дзіцяці ўпэўненасць у сабе і будзе для яго стымулам для далейшай творчасці.

Не ведаеце, чаго чакаць ад творчай гульні? Вы можаце азнаёміцца ​​з больш падрабязнай інфармацыяй пра навучанне і развіццё творчых здольнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту далей.

Творчыя заняткі: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Прадметы паўсядзённага ўжытку і перапрацаваныя матэрыялы могуць садзейнічаць творчаму развіццю вашага дзіцяці. Напрыклад:

  • Дайце дзіцяці пустую кардонную каробку, каб яно зрабіла хатку, робата, грузавік, жывёлу — тое, што яму цікава. Яно можа размаляваць скрынку ці аздобіць яе самаробнымі ўпрыгожваннямі.
  • Вазьміце ўтулкі ад выкарыстаных рулонаў папяровых ручнікоў ці ад туалетнай паперы або маленькія пластыкавыя бутэлькі з-пад вады і зрабіце чалавечкаў. Намалюйце тварыкі, прыклейце адзенне з паперы, для валасоў выкарыстоўвайце вату. Прапануйце дзіцяці прыдумаць цікавыя гісторыі з гэтымі новымі цацкамі.
  • Падчас прагулкі шукайце прыродныя матэрыялы для творчых заняткаў. Напрыклад, увосень вы можаце сабраць апалае лісце, каб абмалёўваць яго, выкарыстоўваць для аплікацый ці акунаць яго ў фарбу і рабіць адбіткі.
  • Вазьміце маленькія пластыкавыя крышачкі і іншыя дробныя прадметы і звяжыце іх разам, каб атрымаліся каралі ці бранзалеты.
  • Завядзіце дома скрынку для матэрыялаў, у якой будуць ляжаць, напрыклад, вяроўка, абрыўкі ўпаковачнай паперы, наклейкі і саломінкі — усё, што ваша дзіця можа выкарыстоўваць для сваіх вырабаў.
  • Знайдзіце дадаткі або гульні, якія ваш дашкольнік можа выкарыстоўваць для стварэння твораў лічбавага мастацтва. Напрыклад, існуюць дадаткі для бясплатнага малявання або аб’яднання фотаздымкаў у калажы.

Стварыце хатнюю мастацкую галерэю работ вашага дзіцяці. Сцяна на кухні ці коркавая дошка ідэальна падыдуць для таго, каб вешаць малюнкі і карціны. Вы можаце папрасіць дзіця выбіраць адну асаблівую карціну кожны тыдзень і ўстаўляць яе ў рамку ў цэнтры «экспазіцыі». Так вы пакажаце яму, што цэніце яго творчасць.

Творчыя заняткі: сюжэтна-ролевыя гульні

Дзецям дашкольнага ўзросту падабаецца быць акцёрамі. Вось некалькі ідэй, якія дапамогуць вам і вашаму дзіцяці зразумець, з чаго пачаць:

  • Замест таго, каб выкідваць старое адзенне, завядзіце скрыню або сумку з рэчамі для пераадзявання. Таннае і незвычайнае адзенне і рэквізіт вы можаце знайсці ў магазінах сэканд-хэнд.
  • Выкарыстоўвайце лялек, каб ствараць спектаклі. Зрабіць простых лялек нескладана. Таксама вы можаце прыстасаваць кардонную каробку для стварэння лялечнага тэатра.
  • Выкарыстоўвайце сюжэтна-ролевыя гульні, песні і рухі, каб разыграць нейкія сітуацыі з паўсядзённага жыцця. Ваша дзіця можа пабыць урачом, маці, бацькам, уладальнікам магазінчыка, пажарным — тым, кім пажадае.
  • Падчас чытання кніг прапануйце дзіцяці разыгрываць ролі з апавядання, выкарыстоўваючы рухі або гукі. Напрыклад, ваша дзіця можа прыкінуцца цмокам або ягнём.
  • Здымайце «спектаклі» свайго дашкольніка на камеру. Дапамажыце яму ствараць асаблівыя відэаролікі з выкарыстаннем дадатку для мантажу відэа. Такімі ролікамі можна дзяліцца з сям’ёй і сябрамі.

Творчыя заняткі: музыка, рухі і танцы

Музыка, рухі і танцы могуць быць часткай паўсядзённай гульні вашага дзіцяці:

  • Дайце яму каструлю, вечка ад яе і драўляную лыжку — барабанная ўстаноўка гатова!
  • Пакажыце вашаму дашкольніку кароткія відэаролікі пра жывёл, якія ўтвараюць гукі і жывуць у дзікай прыродзе. Дзіцяці можа спадабацца капіраваць рухі і гукі жывёл.
  • Іграйце на інструментах так, каб створаная вамі «музыка» адпавядала рухам жывёл. Напрыклад, павольна трасіце маракасамі, як быццам павольна ідзе слон, ці энергічна — як быццам скача актыўная малпа.
  • Няхай ваша дзіця маршыруе, круціцца, тупае, скача, слізгае і кружыцца. Уключайце яго любімую музыку, каб стымуляваць дзіця танцаваць і прыдумваць новыя рухі.
  • Расказвайце дзіцячыя пацешкі і напявайце песенькі. Гэта спрыяе развіццю пачуцця рытму ў дзіцяці.
  • Звяртайце ўвагу дашкольніка на гукі з роўным рытмам, напрыклад, на ціканне гадзінніка ці на тое, як капае вада з крана. Прасіце дзіця пляскаць у далоні, пастукваць, маршыраваць або стукаць у такт.

Будзе карысна, калі вы пачняце паступова далучаць вашага дашкольніка да мастацтва, няхай гэта будзе музыка, сюжэтна-ролевыя гульні або малюнкі. Стымулюйце дзіця расказваць пра тое, што яму падабаецца і што яму цікава больш за ўсё. Чаму б разам не наведаць мастацкую галерэю ці выстаўку і пасля не абмеркаваць тое, што ўбачылі?