Вырашэнне канфліктаў паміж братамі і сёстрамі
Сваркі паміж братамі і сёстрамі: калі ўмешвацца
Часам карысна некаторы час не ўмешвацца ў сваркі паміж братамі і сёстрамі, гэта дае дзецям магчымасць разабрацца ў канфлікце самастойна. Але важна ведаць, калі трэба паўплываць на сітуацыю, каб спыніць сварку.
Бацькам трэба абавязкова ўмяшацца, перш чым хто-небудзь пацерпіць, калі сваркі і канфлікты суправаджаюцца гвалтам (фізічным і/або вербальным: узнікае бойка, дзеці зрываюцца на крык, крыўдныя фразы ці абзыванні).
Насамрэч залішняя ўвага можа толькі распаліць сварку. Гэта адбываецца таму, што дзеці заўсёды спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу, у тым ліку і дрэннымі паводзінамі. Звяртаючы ўвагу на дзяцей падчас іх сварак, выкарыстоўвайце гэтую сітуацыю як магчымасць навучыць іх пазбягаць боек і вырашаць праблемы мірна ў будучыні.
Спыненне сварак паміж братамі і сёстрамі: паслядоўнасць
Што рабіць, калі пачынаецца сварка:
- Спыніце канфлікт да таго, як гэта прывядзе да слёз. Для гэтага можа спатрэбіцца разняць дзяцей і развесці іх па розных пакоях, каб тыя супакоіліся.
- Захоўвайце спакой. Гэта можа здацца немагчымым, але ваша задача заключаецца ў тым, каб не пагаршаць сітуацыю. Напраўце свае сілы на падтрымку тых паводзін, якія вы хочаце, каб дзеці засвоілі.
- Скажыце дзецям, што вы абмяркуеце сітуацыю, якая склалася, пазней. Часта дзеці занадта ўзбуджаны, каб адразу зразумець тое, што вы гаворыце. Перш чым амяркоўваць праблему, пачакайце, пакуль эмоцыі ўлягуцца. У выпадку дзяцей старэйшага ўзросту гэта можа быць нават на наступны дзень.
Заўсёды спыняйцеся падчас дзіцячых сварак, будучы за рулём. Калі вы абарочваецеся, каб пагаварыць з імі або разняць іх, то не сочыце за дарожнай абстаноўкай.
Канструктыўнае вырашэнне канфліктаў паміж братамі і сёстрамі: парады
Гэтыя парады дапамогуць вам зняць напружанасць у выпадку сварак паміж братамі і сёстрамі:
- Абыходзьцеся з дзецьмі справядліва. Але памятайце, што справядлівае абыходжанне — гэта не абавязкова адна і тая ж рэакцыя. Напрыклад, немагчыма аднолькава размаўляць ці паводзіць сябе з шасцігадовым і двухгадовым дзіцем.
- Пазбягайце адмоўных параўнанняў. Дзіця можа пакрыўдзіцца або раззлавацца, калі вы скажаце нешта накшталт: «А ты чаго сябе так паводзіш, ты ж старэйшы?!» або «Гэта ты пачаў!».
- Высветліце прычыну сваркі. Гэта дапаможа вам зразумець, як лепш за ўсё адрэагаваць. Напрыклад, калі дзіця адабрала цацку ў брата ці сястры, трэба ўмяшацца. Калі вы гэтага не зробіце, дзіця вырашыць, што дзейнічаць сілай — прымальны спосаб дамагацца жаданага. Назірайце за дзецьмі, толькі так вы зразумееце прычыну сваркі і будзеце ведаць, што рабіць.
- Устанаўлівайце агульныя для ўсіх правілы, каб ва ўсіх было разуменне, якіх паводзін вы ад іх чакаеце. Пры неабходнасці нагадвайце сваім дзецям адпаведнае правіла і рабіце так, каб яго парушэнне непазбежна вяло да абазначаных наступстваў.
- Складзіце план. Добра, калі вы зможаце загадзя прадумаць, як будзеце дзейнічаць у выпадку невялікіх рознагалоссяў ці сур’ёзных сварак. Напрыклад, вы можаце дапамагчы дзецям сумесна згладзіць невялікія спрэчкі, але пры гэтым толькі вы выбіраеце, якія наступствы чакаюць у выпадку сапраўдных боек або паўтарэння сварак пасля таго, як вы ўсе дамовіліся пра рашэнне праблемы.
Рашэнне праблем пасля сваркі паміж братамі і сёстрамі: паслядоўнасць
Меры, да якіх вы звяртаецеся пасля сваркі, могуць дапамагчы дзецям навучыцца самастойна вырашаць праблемы ў будучыні. Лепш за ўсё пры гэтым пачакаць, каб эмоцыі ўлягліся і дзеці зноў былі гатовы спакойна размаўляць.
- Раскажыце дзецям, што вы вырашылі. Напрыклад: «Я вырашыў, што ніводзін з вас не будзе карыстацца камп’ютарам, пакуль мы не знойдзем спосаб спыніць сварку. Вам зразумела? Вы гатовы зараз пачаць вырашаць гэтую праблему?».
- Папрасіце кожнага з дзяцей расказаць сваё бачанне праблемы. Паспрабуйце зрабіць так, каб дзеці ўбачылі, што адбываецца, з пазіцыі іншага чалавека, а не толькі са сваёй. Можаце растлумачыць, што два чалавекі здольны дамовіцца адзін з адным, нават калі важкія прычыны ёсць у кожнага.
- Папрасіце дзяцей расказаць, чаго яны хочуць. Можаце таксама падштурхнуць іх да таго, каб яны паразважалі, чаго ім хочацца. Напрыклад: «Алег, хіба справядліва, калі за камп’ютарам будзеш бавіць час толькі ты?».
- Правядзіце разам мазгавы штурм. Дазвольце дзецям выказаць іх ідэі па вырашэнні праблемы, падтрымлівайце іх, не асуджайце агучаныя прапановы. Дадайце некалькі ўласных ідэй і запішыце іх усе.
- Ацаніце ідэі. Пачніце з таго, што папрасіце дзяцей падумаць, якія ідэі могуць не спрацаваць. Пасля гэтага знайдзіце рашэнне з найбольшай колькасцю пераваг і з найменшай колькасцю недахопаў. Напрыклад: «Як хто думае, вось гэта спрацуе?» і «Што падабаецца і што не падабаецца ў гэтым рашэнні?».
- Калі з першага разу не ўдаецца знайсці рашэнне, вярніцеся да яго пошуку пазней. Можаце прапанаваць дзецям удваіх папрацаваць над ідэямі або папрасіць парады ў тых, хто сутыкаўся з падобнымі праблемамі. Таксама можна пашукаць падказкі ў кнігах ці на вэб-сайтах для бацькоў.
- Як толькі ўсе пагодзяцца з якім-небудзь рашэннем, паспрабуйце яго прымяніць і паглядзіце, як яно спрацуе. Калі не дапамагло, пачніце спачатку.
Кантралюйце ўласныя эмоцыі
Гэта нармальна, калі вы перажываеце з-за таго, што дзеці сварацца. Бывае, што нейкія праблемы непакояць вас больш, чым іншыя. А ў некаторыя дні вы рэагуеце больш рэзка, чым звычайна.
Але важна захоўваць спакой. Калі сітуацыя бяспечная і вам не трэба ўмешвацца неадкладна, можна зрабіць паўзу, палічыць да 10 і затым дзейнічаць.
Гэтых 10 секунд часта бывае дастаткова, каб супакоіцца. Калі гэта не дапаможа, варта папрасіць іншага дарослага ўмяшацца на нейкі час, пакуль вы прыйдзеце ў норму.
Дадатковыя парады можна знайсці ў нашых артыкулах пра стрэс, зніжэнне яго ўзроўню і дыхальныя практыкаванні для расслаблення.
Калі пры сварках паміж братамі і сёстрамі трэба звяртацца па дапамогу іншых
Калі вашыя дзеці паводзяць сябе ў адносінах адзін да аднаго вельмі агрэсіўна ці варожа, трэба звярнуцца па дапамогу да прафесіяналаў. Такія сваркі могуць быць вельмі небяспечнымі для дзяцей і ў будучыні прывесці да праблем у адносінах. Таму, калі вас турбуе тое, як паводзяць сябе вашыя дзеці, калі яны не могуць дамовіцца, лепш звярнуцца да прафесіяналаў. Пачніце з кансультацыі з урачом вашага дзіцяці.
Часам дзіцячыя сваркі абумоўлены такім станам, як сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ), з-за якога дзецям складана кантраляваць свае паводзіны.
Па дапамогу трэба звярнуцца і тады, калі вас у цэлым непакояць паводзіны вашых дзяцей. А таксама ў выпадку, калі вы самі адчуваеце стрэс ці трывогу з-за сварак дзяцей. Можна пачаць з размовы з блізкімі, сябрамі і іншымі бацькамі. Калі вам патрэбна неадкладная кансультацыя, можна патэлефанаваць на гарачую лінію.