Дзіцячы сон: 2–12 месяцаў
Як змяняецца сон дзіцяці ва ўзросце ад 2 да 12 месяцаў
Па меры сталення немаўляты:
- менш спяць днём;
- даўжэй не спяць паміж перыядамі сну;
- ноччу больш спяць і радзей прачынаюцца;
- маюць меншую патрэбу ў сне.
Узроставы перыяд 2–3 месяцы: чаго чакаць ад дзіцячага сну
У гэтым узросце немаўляты спяць і днём, і ноччу. Працягласць сну дзіцяці ў гэты перыяд можа складаць каля 16 гадзін у суткі.
Немаўляты спяць цыкламі, якія доўжацца каля 40 хвілін. Праходжанне хуткай (парадаксальнай) фазы сну можа суправаджацца павышанай актыўнасцю дзіцяці: адзначаюцца рухі ручкамі і/або ножкамі, крахтанне. Падчас глыбокага (павольнага) сну дзіця моцна спіць і не рэагуе на знешнія раздражняльнікі. Паміж цыкламі — праходжанне абедзвюх фаз — дзіця прачынаецца.
Прыкладна праз 2–3 месяцы ў дзяцей пачынае ўстанаўлівацца начны і дзённы рэжым сну. Гэта азначае, што яны, як правіла, пачынаюць больш спаць па начах.
Узрост 3 месяцы: чаго чакаць ад дзіцячага сну
Прыкладна ва ўзросце трох месяцаў працягласць фаз глыбокага сну ў немаўлят павялічваецца. Гэтая змена можа азначаць меншую колькасць абуджэнняў і супакаенняў падчас сну.
У гэтым узросце дзеці могуць рэгулярна даўжэй спаць па начах — каля 4–5 гадзін.
Немаўлятам па-ранейшаму неабходна каля 16 гадзін сну кожныя суткі.
Узроставы перыяд 3–6 месяцаў: чаго чакаць ад дзіцячага сну
У гэтым узросце немаўлятам неабходна спаць каля 14–16 гадзін у суткі.
Дзеці могуць пачаць пераходзіць да рэжыму 2–3-разовага дзённага сну працягласцю да 2 гадзін кожны.
У гэтым узросце начны сон становіцца даўжэйшым. Напрыклад, да шасці месяцаў дзеці могуць спаць ноччу па 6 гадзін.
Ваша дзіця па-ранейшаму будзе прачынацца хаця б раз за ноч.
Узроставы перыяд 6–12 месяцаў: чаго чакаць ад дзіцячага сну
Па меры сталення немаўляты спяць менш. Калі вашаму дзіцяці споўніцца год, яму, верагодна, будзе патрэбна 12–16 гадзін сну ў суткі.
Начны сон
Прыкладна з шасці месяцаў у большасці немаўлят самы доўгі сон прыходзіцца на ноч.
Як правіла, малыя дзеці ўжо гатовы класціся спаць з 18:00 да 20:00. Звычайна ім патрабуецца менш за 30 хвілін, каб заснуць, але прыкладна аднаму з дзесяці немаўлят трэба больш часу.
У гэтым узросце цыкл сну дзіцяці набліжаецца да цыкла сну дарослага, а гэта азначае, што дзіця менш прачынаецца ноччу. Такім чынам, ваша дзіця можа прачынацца радзей і не будзіць вас ноччу.
У восем месяцаў большасць немаўлят могуць самастойна (без дапамогі бацькоў) зноў заснуць, калі прачнуліся ноччу. Іншыя ж працягваюць прачынацца, і ім патрэбна дапамога, каб заснуць зноў, асабліва калі яны ўсё яшчэ на грудным выкормліванні або ядуць з бутэлечкі ў начны час.
Дзённы сон
У гэтым узросце большасць немаўлят усё яшчэ спяць 1–2 разы на працягу дня. Гэты сон звычайна доўжыцца 1–2 гадзіны. Адны дзеці спяць даўжэй, іншыя — менш за гадзіну. Сталенне немаўляці і змена яго рэжыму сну адбываюцца індывідуальна.
Як рэжым сну дзіцяці ўплывае на дарослых
Большасць бацькоў немаўлят ва ўзросце да шасці месяцаў, як правіла, устаюць ноччу, каб пакарміць і супакоіць сваё дзіця. Для многіх гэта працягваецца і пасля таго, як немаўляці споўніцца 6 месяцаў.
Некаторыя бацькі лічаць такую неабходнасць нармальнай, пакуль у іх ёсць падтрымка і яны могуць адпачыць у іншы час. Але бывае і так, што абуджэнне ноччу на працягу доўгага часу аказвае сур’ёзны ўплыў як на саміх бацькоў, так і на сямейнае жыццё.
Якасць сну можа паўплываць на ваша здароўе і настрой. З-за фізічнага і псіхічнага знясілення можа быць цяжка ўдзяляць дзіцяці пазітыўную ўвагу на працягу дня. А вашы адносіны з немаўлём, час і ўвага, якую вы ўдзяляеце яму на працягу дня, могуць паўплываць на якасць і колькасць сну дзіцяці.
Такі рэжым не ідзе на карысць нікому з вас, таму з ім трэба нешта рабіць.
Калі вас хвалюе рэжым сну вашага дзіцяці, паспрабуйце прымяніць пэўныя стратэгіі для яго змены. Калі пасля гэтага сітуацыя не змянілася ці цяжкасці пачынаюць вас непакоіць, звярніцеся па прафесійную дапамогу. Ёсць спосабы зрабіць так, каб усе спалі столькі, колькі ім неабходна.