Парушэнні гукавымаўлення
Пра маўленне і гукавымаўленне
Гукавымаўленне — гэта правільнае ўзнаўленне гукаў маўлення, якое адбываецца дзякуючы рабоце маўленчых цэнтраў галаўнога мозга і артыкуляцыйных органаў: шчок, вуснаў, языка, паднябення, сківіц.
Працэс развіцця маўлення адбываецца паэтапна, пачынаючы з ранняга ўзросту, і можа доўжыцца ўвесь дашкольны перыяд.
Большасць дзяцей асвойваюць пералічаныя гукі ў наступным узросце:
- на першым годзе жыцця з’яўляюцца наступныя гукі: а, б, п, м, г;
- на другім годзе: э, у, о, і і зычныя в, т, д, к, х, л, с, ф;
- каля 3 гадоў: ш, ж, ч, з;
- каля 5–6 гадоў: л і р.
Большасць дзяцей дапускаюць памылкі ў маўленні на працягу першых некалькіх гадоў маўленчага развіцця. Прыблізна да трох гадоў гаворку дзіцяці могуць разумець блізкія людзі — бацькі, браты, сёстры, бабулі, дзядулі і аднагодкі.
Выяўленне парушэнняў маўлення
Перш чым турбавацца пра тое, ці ёсць у вашага дзіцяці парушэнне маўлення, падумайце, наколькі добра яго разумеюць незнаёмыя людзі.
Калі дзіцяці два гады, незнаёмы чалавек павінен разумець прыкладна ад паловы да трох чвэрцяў таго, што гаворыць дзіця.
Калі дзіцяці споўнілася тры гады і больш, незнаёмы чалавек павінен разумець большую частку маўлення дзіцяці, нават калі яно будзе вымаўляць некаторыя гукі і словы не так, як дарослыя.
Некаторыя парушэнні маўлення ўзнікаюць, калі ў дзіцяці ёсць фізічныя абмежаванні — напрыклад, расколіна паднябення ці расколіна губы, а таксама парушэнні слыху, з-за якіх дзіцяці цяжка ўзнаўляць гукі маўлення. Аднак у большасці дзяцей няма канкрэтнай прычыны парушэння маўлення.
Маўленчыя расстройствы адрозніваюцца ад затрымкі маўлення. Дзеці з парушэннем гукавымаўлення могуць добра разумець звернутую да іх гаворку — словы, фразы і правільна складаць сказы. Дзеці з затрымкай маўленчага развіцця могуць мець абмежаваны слоўнікавы запас і складанасці з разуменнем маўлення.
Калі звяртацца па дапамогу пры парушэннях маўлення
Калі ў вашага дзіцяці парушэнне маўлення, вам, верагодна, спатрэбіцца дапамога прафесіянала.
Лепш за ўсё падумаць пра тое, каб звярнуцца па дапамогу, калі ваша дзіця:
- не можа вымавіць словы так, як вы чакаеце (прапускае, скажае, перамяшчае або замяняе гукі);
- вымушана паўтараць гукі ці заікаецца;
- мае парушэнні слыху;
- засмучаецца з-за таго, што яго не разумеюць навакольныя;
- выкарыстоўвае некалькі гукавых ці маўленчых шаблонаў.
Куды звярнуцца па дапамогу, калі ўзнікаюць пытанні наконт развіцця маўлення вашага дзіцяці.
Калі вас хвалюе моўнае развіццё дзіцяці, трэба звярнуцца да ўрача ці лагапеда. Вас таксама могуць накіраваць на кансультацыю і дадатковае абследаванне да аўдыёлага, калі ёсць верагоднасць, што праблемы з маўленнем у вашага дзіцяці выкліканы парушэннем слыху.
Дапамога ў развіцці маўлення вашага дзіцяці
Маленькія дзеці могуць вымаўляць словы інакш, чым дарослыя, і няма неабходнасці выпраўляць іх кожны раз, калі яны робяць памылку — гэта можа засмучаць дзіця і выклікаць маўленчы негатывізм.
Калі вы хочаце стымуляваць моўнае развіццё свайго дзіцяці, імкніцеся ненадакучліва правільна вымаўляць словы. Напрыклад, калі ваша дзіця кажа: «Я знайшоў сыску», вы можаце адказаць: «Ух ты, а дзе ты знайшоў шышку?» — інтанацыйна вылучаючы правільнае слова.
Калі маўленне вашага дзіцяці сапраўды цяжка зразумець, вось некалькі рэкамендацый, якія дапамогуць вашаму дзіцяці ў зносінах:
- Папрасіце дзіця паказаць вам, пра што яно гаворыць, — напрыклад, няхай пакажа на тое, што яно хоча.
- Задайце простыя пытанні, каб атрымаць больш інфармацыі пра тое, што спрабуе сказаць ваша дзіця, напрыклад: «Ты расказваеш мне пра тое, што адбылося сёння? Гэта было ў дзіцячым садзе?». Затым няхай ваша дзіця раскажа вам астатнюю гісторыю.
- Прапануйце дзіцяці гаварыць павольна. Няхай яно ведае, што вы слухаеце і што ў яго ёсць час, каб пагаварыць з вамі.
Пра што не хвалявацца пры развіцці маўлення:
У раннім узросце дзеці могуць добра вымаўляць асобныя гукі, хаця часта не ўмеюць правільна іх выкарыстоўваць у словах. Пакуль дзеці вучацца размаўляць, яны спрашчаюць дарослае маўленне, каб было лягчэй гаварыць.
Гэта азначае, што вам, верагодна, не трэба турбавацца, калі ваша малое дзіця:
- замяняе гукі ў словах («бабака» замест «сабака»);
- выдаляе гукі ў канцы слоў («мя» замест «мяч»);
- спрашчае складаныя гукавыя камбінацыі («бі-бі» замест «машына»);
- прапускае склады («дор» замест «памідор»).
Гэта нармальна, калі ў маўленні вашага трохгадовага дзіцяці адзначаюцца падобныя асаблівасці і калі вы разумееце, што яно гаворыць. Аднак калі ваша дзіця робіць шмат памылак і вы не можаце зразумець, што яно кажа, варта звярнуцца па кансультацыю да лагапеда.